А потым прыйшла завірушная зіма, калі мы перабраліся жыць у Наваполацак і калі на стале ў музэі баявой славы гарэла сьвечка.
Я думаю, што адмовіўся падпісаць прысягу ня толькі праз боязь крыві ці з гігіенічных меркаваньняў. Мне ўсё ж ішоў пятнаццаты год і пры ўсёй тагачаснай інфантыльнасьці я мог ужо зьвязаць некаторыя факты ў ня надта артадаксальныя сылягізмы.
Мне, безумоўна, было яшчэ рана казаць кляснай кіраўнічцы, што больш страшнай за вайну з гітлераўцамі была вайна ўлады з уласным народам, а сьмерць у Курапатах, ці ў нашых полацкіх Бельчыцах была нашмат больш жудаснай за гераічную сьмерць пад Сталінградам ці ў апэрацыі «Багратыён». Аднак я добра ведаў, што я ўнук пасьмяротна рэабілітаванага дзеда Максіма. Ад бацькі я чуў, што сталінскія «перегибы» ацэньваліся (тады) у дзясяткі тысяч жыцьцяў, і аднаго разу на ўгаворы кляснай усё-такі (няхай і бяскроўна) уступіць у сьледапыты, запрапанаваў зьбіраць зьвесткі ня толькі пра герояў Вялікай Айчыннай, але і пра тых, каго замучылі ў НКВД. Клясная паглядзела на мяне быццам на жыхара паўдзённага паўшар'я Юпітэру або як на чалавека, што ўцёк з колішняга бэрнардынскага кляштару ў полацкім Задзьвіньні, дзе была вар'ятня і дзе прыкладна ў той час псыхіятарам спатрэбілася цэгла, пасьля чаго бабінец кляштарнага касьцёлу разабралі, а косткі з пахавальняў пад ім раскідалі па двары пад нагамі ў хворых.
Вынікам маёй прапановы сталася сур'ёзная размова кляснай з маці. Я быў дэфініяваны ідэйна нявыхаваным падлеткам. Пагатоў, вылазка лічылася ня першай. Аднойчы на ўроку гісторыі, пачуўшы ад настаўніцы, што Ленін у эміграцыі «жил впроголодь и ходил в бедной, поношенной одежде», мы з выдатнікам Мішам Пеньяўскім, абурыўшыся гэткай міталягізацыяй, гучна зарагаталі. Другім разам мы спрабавалі выступіць супраць рэпэтаваньня на ўроку літаратуры літмантажу да сустрэчы з чарговай дэлегацыяй вэтэранаў, дзе мы павінны былі сядзець з гасьцямі на сцэне школьнае актавае залі вакол партызанскага вогнішча, зладжанага з вэнтылятару й прывязаных да яго піянэрскіх гальштукаў. (Трэба, праўда, прызнаць, што наш пратэст меў досыць банальную прычыну — мы ня вывучылі сваіх вершаваных тэкстаў, як, зрэшты, і заданьня зь літаратуры.)
Сярод тых, хто прыходзіў у нашую клясу і ў музэй баявой славы ў пінжаках з планкамі баявых узнагародаў, трапляліся розныя людзі. Сівы партызанскі камандзір апавядаў, як адзін перамог у баі прыкладна 47 фашыстаў і, паказваючы ў музэі на партрэт вядомага полацкага падпольшчыка, крычаў, што гэта «враг», які, працуючы ў гарадзкой управе, выдаваў савецкіх людзей. Падпольшчык, у сваю чаргу, расказваў, што выдаваў не савецкіх людзей, а фальшывыя дакумэнты, зь якімі палачане пазьбягалі арышту і вывазу на захад, а партрэт свайго ляснога апанэнта дапаўняў калярытнымі дэталямі кшталту пасылкі ардзінарцаў у баявыя рэйды з заданьнем зьбіраць па вёсках прыгожых дзяўчат і маладзіцаў. Памятаю, найбольш мы паверылі бязрукаму вызваліцелю Полацка, у якога вісеў на грудзях усяго адзін мэдаль «За отвагу», а яшчэ — партызанскаму мінёру, што ўзгадаў, як дзень навылёт незварушна ляжаў зь мінаю каля чыгуначнага насыпу пад носам у нямецкіх патрулёў і, абсіканы з галавы да ног ляснымі мурашкамі, бачыў, як у яго паміж пальцаў вырасла трава.
Здаецца, тады я пачуў магнітафонавы запіс песьні невядомага маскоўскага барда пра роту, празь якую ўвесну бягуць ручаі й цьвітуць пралескі. Хрыпаты, пад Высоцкага, голас сьпяваў:
Ах эта рота, ах эта рота,
А кто привел ее сюда,
Кто положил ее на снег?
Ах эта рота, ах эта рота.
Нет, не проснется по весне,
Нет, не проснется по весне...
Прыпеў быў такі:
Наступала по болоту,
А потом пошла назад.
В сорок третьем эту роту
Расстрелял заградотряд.
Зьбіраць зьвесткі пра заградатрады я кляснай вырашыў не прапаноўваць. За лепшае палічыў не распытваць яе і пра вёску, якую нібыта спалілі разам з жыхарамі не фашысты, а — за тое, што там на пачатку вайны напаілі немцаў малаком — пераапранутыя ў іхную форму энкавэдысты, і пра тое, ці праўда, што быў загад ліквідоўваць адчыненыя на акупаваным абшары беларускія школкі, а заадно пускаць у расход беларускіх настаўнікаў... Гэта мы чулі, калі пасьля афіцыйных выступаў вэтэраны бралі чарку й пачыналі адхіляцца ад генэральнай лініі.
Карацей, чырвоным сьледапытам я ня стаў.