А раскруціўся ўвесь гэты клубок ад таго, што я парэзаў лязом палец, а зусім не сабраўся падступна кінуць цень на вэтэранаў 2-й сусьветнай, у тым ліку й на таго яе двойчы параненага салдата, якога звалі Аляксеем Арловым. Я ведаю, што для вас (не ўважаючы на тое, што на вуліцах нашых ачышчаных ад немцаў гарадоў замест чорных гестапаўскіх машынаў адразу ж завуркаталі варанкі доблесных чэкістаў, не ўважаючы на вяртаньне калгаснага прыгону, не ўважаючы на тое, што ў Сібір паехалі ўжо ня вёскі, а цэлыя народы, не ўважаючы на тое, што ўжо празь нейкія два-тры гады пераможаныя аказаліся сыцейшымі й заможнейшымі за пераможцаў, не ўважаючы на тое, што краіна-пераможца Беларусь у выніку 2-й сусьветнай вайны страціла Віленшчыну і Беласточчыну) паведамленьне пра разгром Гітлера, пэўна, назаўсёды застанецца самым шчасьлівым днём.

Для вас перамога да апошняе хвіліны будзе Вялікаю Перамогай.

Але ж вы таксама ўжо даўно зразумелі: выйграўшы вайну, можна прайграць мір.

За што Авін забіў Кавеля

Ніякі Тарквемада з усімі сваімі «гішпанскімі чаравікамі» ды іншым спецпрычындаллем не выцягнуў бы з мяне і дзесятай долі таго, што здатны здабыць чырваналобы «Ікарус», які раз на месяц вязе мяне з Наваполацка ў Менск. З перона яшчэ махае мне сын расейскага афіцэра Вінцэсь Мудроў, які вырас там, дзе яго зусім не сеялі, і зрабіўся беларускім пісьменнікам, а ў выстылы салон, што ашчадна захоўвае лёгкі хвалюючы водар паленае гумы, ужо ўрываецца вясёлы рой прыгадак і асацыяцыяў, даўно і надзейна забытых падзеяў і імёнаў, рэалізаваных і неажыццёўленых сюжэтаў. Да мяне паварочваюцца хмурныя няголеныя твары колішніх сяброў, і адразу некалькі параў дасканала адслігаваных жаночых ножак пачашчаюць пульс і прымушаюць бразгаць ключамі ад таямніцаў. Гэты як быццам зусім звычайны аўтобус насамрэч - стварэнне надзвычай высокаарганізаванае і, калі хочаце, нават падступнае: яно выдатна ведае не толькі тое, якой дарогаю мяне везці, але і тое, дзе набраць хуткасці, а дзе крыху загамаваць, каб нейкая марудлівая згадка не засталася самотнічаць на ўзбочыне.

Адразу за аўтавакзалам праплывае аднапавярховая камяніца рэдакцыі газеты з шматсэнсавай назваю «Хімік», у якой я болей за дзесяць гадоў зарабляў на хлеб і віно і напісаў першы аповед - пра пеўня, што жыў на адным з наваполацкіх гаўбцоў.

Там, дзе цяпер універсітэцкія карпусы, тады разлягалася зусім не гарадская лугавіна. Спачатку на ёй зацвіталі дзьмухаўцы, а потым - рамонкі і смолкі, сярод якіх проста пад рэдакцыйнымі вокнамі, почасту скінуўшы верхнюю частку купальніка, запякаліся на сонцы даўганогія істоты з канспектамі. Істоты часта падыходзілі да майго аблюбаванага матылькамі-крапіўнікамі разнасцежанага вакна папрасіць закурыць альбо пазычыць пустую шклянку, дэманструючы злёгку прыкрытую купальнікам ахвоту бліжэй пазнаёміцца з манатоннымі журналісцкімі буднямі за шчыльнымі зялёнымі шторамі, і напрыканцы кожнага траўня я пісаў галоўнаму рэдактару заяву з просьбаю ўвесці на летні перыяд даплату за шкоднасць. У выніку падобных візітаў мой малодшы калега, што дзяжурыў па нумары, назаўтра разам з падпісчыкамі з невялікім здзіўленнем убачыў на першай паласе фотаздымак, акуратна надрукаваны дагары нагамі, а мой старэйшы калега пазнаёміўся з установаю, дагэтуль вядомаю ў горадзе пад бяскрыўднай абрэвіятураю НКВД, што расшыфроўваецца як «Новополоцкий кожвендиспансер». (У тыя часы фасад НКВД аздабляў выцвілы лозунг: «Имя и дело Ленина будут жить в веках».)

Вечарамі ў маім рэдакцыйным кабінеце з'яўляліся наведнікі, цікавейшыя за легкадумных дзённых мятлушак і стракозаў. Аднойчы, у 1980-м, калі маскоўскія ідэолагі пакутліва вырашалі, як адсвяткаваць 600-годдзе Кулікоўскае бітвы, каб не пакрыўдзіць братні татарскі народ, мае дзверы асцярожненька адчыніў ахайны дзядуля з пульхным партфелем і ўстрывожанымі вачыма, што міжволі прыводзілі на памяць позірк пралетарскага паэта Івана Бяздомнага пасля вядомага здарэння на маскоўскіх Патрыяршых сажалках. Згаданая акалічнасць змусіла мяне інстынктыўна трымацца так, каб паміж мною і візітантам абавязкова заставаўся пісьмовы стол. З гарачага дзядулевага шэпту я даведаўся, што мой госць удзельнічаў у Кулікоўскай сечы, а ў партфелі - напісаныя да яе юбілею ўспаміны.

Да разраду літаратараў належаў і колішні марак рыбалоўнага флоту, якога недзе за ньюфаўндлендскімі банкамі пацягнула за сабой, балюча выцяўшы аб борт, штармавая хваля, што і падказала марскому вандроўніку ідэю і фабулу будучага рамана, яго навылёт прапахлы селядцамі манускрыпт пачынаўся сакральнаю фразай: «Стране нужна рыба», а завяршаўся падрабязным спісам, дзе фігуравалі набытыя былой няўдзячнай нявесце ў розных кутках свету падарункі з пазначанымі побач коштамі.

Перейти на страницу:

Поиск

Книга жанров

Похожие книги