Мінецца шмат гадоў, пакуль хлопчык, што на допыце пляваў Колю Кірпічонку ў твар і нікога не «выдаваў» (а Коля, выціраючы рукавом плявок, балюча біў «партызана» ў бок нагою ў «эсэсаўскім» кітайскім кедзе), зразумее, што вайна — гэта гераізм і брудная палітычная гульня, адвага й баязьлівасьць, разьлік і безразважнасьць і шмат чаго іншага, прычым разьмеркаванага зусім ня ў строгай адпаведнасьці з тым, чыя вайна — справядлівая, а чыя — не. І яшчэ больш гадоў пройдзе, пакуль той хлопчык сустрэне ў Васіля Гросмана размову начальніка нямецкага канцлягеру зь ягоным вязьнем, адданым бальшавіком, які бачыў Леніна, і ўкормлены фашыст-інтэлектуал, выпусьціўшы элегантны струменьчык духмянага цыгарэтнага дыму, скажа свайму зьнясіленаму голадам візаві прыкладна наступнае: вайна паміж гітлераўскай Нямеччынай і сталінскай Расеяй ёсьць трагічнаю недарэчнасьцю, і суцешыцца ў гэтай сытуацыі можна толькі адным — хто б ні ўзяў верх, нашая справа пераможа. А пасьля той хлопчык сустрэнецца зь людзьмі, якія хацелі ваяваць за Беларусь, не залежную ні ад Масквы, ні ад Бэрліну, і ўрэшце апынуліся ў магілах пад Монтэ-Касіно і ў сталінскай вечнай мерзлаце або на берагох Антарыё й на Манхэтэне. А пасьля ён сустрэне абчаплянага ордэнамі й мэдалямі «вэтэрана Вялікай Айчыннай», пра якога будзе дакладна вядома, што гэты чалавек каваў перамогу, усю вайну расстрэльваючы «врагов народа» пад Новасібірскам.
У той час Коля Кірпічонак ужо даўно будзе служыць у КГБ, а Вова Цымэрман на ўсякі выпадак зьедзе ў Ізраіль і, напэўна, не даведаецца, што Хатынь спалілі ўкраінцы, асьвейскіх гэбраяў і беларусаў стралялі й палілі ў хатах латышы, а на Глыбоччыне й Лепельшчыне лютавалі, пакуль не перакінуліся замольваць грахі да партызанаў, «русские воины» з аддзелаў Радыёнава.
Шмат чаго будзе потым, але пакуль — пра згаданую жамярыцу дзіцячага сумневу.
Можа, яна завалтузілася ў той далёкі Дзень Перамогі, калі я ўпершыню ўбачыў бацьку на моцным падпітку. Спачатку ён зьняў з свайго пракурорскага кіцелю ордэн Чырвонае Зоркі й дзясятак мэдалёў, а тады ўзяўся нам зь сястрычкаю апавядаць нешта падазрона негераічнае, што зачапілася ў маёй памяці абрыўкамі павучынак з задаўненага бабінага лета: пра панічнае адступленьне «нашых» па стэпе да ракі Дон, пра вінныя скляпы вугорскага графа, дзе ў віне з расстраляных бочак патанулі колькі дзясяткаў п'яных салдацікаў і пра нейкага свайго сябра, якога за нейкую Дусю застрэліў чалавек зь дзіўным прозьвішчам Сьмершавец... Блытаныя ўспаміны скончыліся тым, што бацька заплакаў і, мабыць, помсьцячы таму Сьмершаўцу, прабіў сваім пяціфунтовым кулаком сьценку нашае фанэрнае шафы. Я плакаў ад страху. Малая сястрычка румзала, бо хацела паглядзець салют. Мама таксама плакала, цэлы вечар выцягваючы з разьбітай бацькавай рукі стрэмкі. Такім, у сьлязах, і запомнілася тое сьвята.
А можа, дзіцячая яснасьць успрыманьня мінулае вайны ўпершыню ўскаламуцілася, калі на іншы Дзень Перамогі бацькаў брат дзядзька Санька зацягнуў песьню, дзе былі загадкавыя ды зь відавочным прысмакам неасэнсаванае брыдкасьці словы пра савецкага камандзіра, які спачатку камандаваў ротамі, а потым
В Ленинград пробирался болотами,
Целку ломая вдовы.
А мо вінаватыя былі асьцярожныя маміны прыгады пра фольксдойча Паўля зь нямецкага гарнізону іхнае прыдняпроўскае вёскі, пра Паўля, які паведамляў вяскоўцам, калі будуць хапаць моладзь на работу ў Нямеччыну або забіраць каровы, які меў пасьведчаньне нямецкае антыфашыстоўскае арганізацыі, яўна падабаўся маёй маме і танцаваў зь ёю на вячорках, які перадаваў патрэбныя партызанам зьвесткі і ў выніку быў зь нечага загаду застрэлены крыху зьбянтэжанымі хлопцамі зь лесу проста за хатаю, куды прынес ім чарговую паперку зь нейкімі лічбамі й малюнкам?
Мая бабуля Аўгіньня, удава расстралянага ў 1933-м «врага народа», наконт тамтэйшых партызанаў выказвалася зь нязвычнай для яе ціхмянага характару экспрэсіўнасьцю. Найбольш запала мне ў памяць гісторыя з апошняю карміцелькай вялікай сям'і маладой кароўкаю Цясюткай, якую хавалі ў адрыне за сенам, але сусед Апанас, колішні камбедавец, раскулачвальнік і даносчык, штосьці спасьцярог і прывёў у адрыну сябрукоў з карабінамі, якія слухалі, ці дыхае сена, ды толькі разумная рагуля, чуючы пагібель, прытаіла дыханьне і ўратавалася, уратаваўшы гэтым маму зь яе сёстрамі, а маімі будучымі цёткамі, што праз паўстагодзьдзя, калі мама ўжо будзе ў лепшым сьвеце, запытаюцца ў мяне, куды ж выбралі на самага галоўнага іх зямелю А.Р.Лукашэнку — у Маскву ці ў Менск?
Мне здаецца, сумневы накшталт маіх варушыліся ня толькі ў маёй душы, проста мы старанна хавалі іх, доўжачы сваю «вайнушку» зь яе бясспрэчным падзелам на «нашых» і «немцаў», «вайнушку», у якой клясе ў пятай у шэрагах байцоў нечакана зьявіліся кулямётчыцы, разьведчыцы й мэдсястрычкі, і ім было наканавана ўжо зусім хутка ператварыць нас з загрубелых ваякаў у людзей цалкам цывільных, здатных хіба што на лякальную памежную сутычку з рэваншыстамі з ФРГ, што — па назову аднаго з полацкіх прадмесьцяў — расшыфроўвалася як Фэдэратыўная Рэспубліка Грамы.