Нарэшце села, адсёрбнула гарбаты.

- Ты дарослая, зразумееш... Я ніяк не магла зацяжарыць. За дзесяць год мы з тваім бацькам усё пераспрабавалі. Нават да знахарак ездзілі.

Калі я была маленькая, у сям’і бацьку зусім не згадвалі. А як падрасла, зразумела, што менавіта яго персону мама і бабуля маскіруюць словам “ідыёт”. “Памятаеш, ідыёт гэтыя дзверы рамантаваў”.

І алюзія на князя Мышкіна тут была ніякім бокам.

Між тым таямніца майго нараджэння разгортвалася ў меладраматычны серыял, якія я таксама шчыра ненавіджу. Аднойчы маці параілі звярнуцца да доктара Корвуса, які працуе ў абласным дыспансеры дзесьці ў глыбінцы, спецыяліста па нервах. А ўсё ж ад іх, ад нерваў! Цудадзейны доктар сапраўды дапамог майму з’яўленню.

І калі ўспомніць пра запавет...

- Доктар Корвус... мой бацька? - вырвалася ў мяне.

Маці зноў раз’ятрылася. Запэўніла, што доктар у гэтым сэнсе ні пры чым. Прыстойны, інтэлігентны і грошай не браў. Была аперацыя. Сеансы псіхатэрапіі. Курс лекаў.

А вось мой рэальны бацька не быў упэўнены, што доктар ці нейкі іншы мужык ні пры чым. Я ж расла зусім ні да кога з сям’і не падобная. Крычаў, што я ці “падменыш”, ці вынік здрады. І сышоў.

- Не слухай ніякіх плётак. Ты мая дачка. Я цябе вынасіла, нарадзіла, вырасціла, ты мая радасць. Я ўдзячная Люцыяну Станіслававічу. Але пра дапамогу доктара Корвуса і я нікому не расказваю, і табе раю забыцца. Злыя языкі, як восы.

Мама пацалавала мяне ў макаўку...

А я цяпер зразумела, чаму яна так хваравіта аднеслася да прозвішча свайго будучага зяця, а пасля пераконвала мяне застацца Нарушэвіч.

У кожнай казцы герой па дарозе наведвае некалькі “пунктаў атрымання інфармацыі”: звар’яцелую яблыньку, старую канібалку, чараўніцу з ружовага саду, ката з залатым пратэзам замест ілба... Хто дарогу падкажа, хто чароўны меч падорыць, хто хаця б піражкамі пачастуе... У маёй казцы цяпер па сюжэце належала знайсці цудоўнага памочніка.

Але ісці па яго было так цяжка і сорамна, што я спынялася на кожным скрыжаванні - набыць асадку ў кіёску, паглядзець у новай крамцы майткі... У знаёмым пад’ездзе затрымлівалася на кожнай пляцоўцы, нібыта след ад раздушанага недапалка - вогненная руна, паўз якую не магу прайсці, не вывучыўшы. Перад чорна-дэрмацінавымі дзвярыма кватэры доўга шукала ключ, колючы пальцы невядома аб што, завалянае ў сумачцы, - ціснуць на кнопку званка было яшчэ страшней.

Пасярод хрушчоўскай аднапакаёўкі - пабеленыя сцены, кампутарныя прыбамбахі, гімалаі кніг на жалезных стэлажах - узрушана распавядала пра нешта прыгожая дзяўчына ў аліўкавым кардыгане, аздобленым лісіным футрам, у залацістых штоніках і батыльёнах на шпільках.

У батыльёнаў былі падэшвы чырвоныя, як лапы ў гусі.

“На лабутэнах, нах, і ў васхіціцельных штанах...” - закруцілася ў галаве хуліганская песенька гурта “Ленінград”.

Дзяўчына змоўкла, азірнулася на мяне рэзка, аж чорныя бліскучыя валасы матлянуліся, як у салісткі французскага кабарэ-гурта “Крэйзі хорс”. У сініх, акуратна падведзеных вачах раптам запалілася такая нянавісць, што я міжволі адступіла... І тут жа давялося прыціснуцца да сцяны, бо незнаёмка выбегла з пакоя, ледзь не збіўшы мяне з ног. Яе шпількі адчайна працокалі па падлозе, бо гаспадар не прызнаваў дываноў, тады па лесвіцы, і цяпер рэха стукалася ў мазгі, як марзянка з карабля, што тоне.

А гаспадар быў тут жа. Стаяў, прываліўшыся да кампутарнага стала, і моўчкі, без усялякіх эмоцый, пазіраў на мяне шэрымі вачыма. Шырокія плечы абцягвала чорная майка з белай выявай Кафкі, такая ж, як ёсць у мяне. Паўзверх Кафкі звісаў крыжык, сплецены з чорнага шнура - набытак з чарнагорскага горнага манастыра. Рукі скрыжаваныя на грудзях, запясці абвітыя фенечкамі, кончык мезенца абрэзаны...

- Што ты тут забылася?

Прагучала так халодна, што я апусціла вочы... На падлозе бялелі два пакеты з супермаркета, набітыя прадуктамі. Гэта ж дзеўка ў лабутэнах, мусіць, прынесла... З аднаго пакета тырчэў хвост вэнджанай рыбы ў вакуумнай упакоўцы, з другога высоўваўся багет - пах свежай выпечкі быў такі мірны...

Але спакою не было і блізка. Аж у вушах звінела ад напружання. Я адышлася да кніжнай паліцы, правяла пальцам па карэньчыках... Плутарх, Борхес, Урсула ле Гуін...

- Калі ад’язджаеш за мяжу? Рэчы сабраў?

Язык ледзь варочаўся ў перасохлым роце.

- Я нікуды не еду.

Я ўтаропілася ў спакойнае аблічча, зарослае шчэццю, і прамармытала:

- Але ў цябе тады будуць праблемы.

Мацей абыякава паціснуў плячыма - так мог рэагаваць капітан толькі што патанулага карабля на звестку, што яму дзесьці ў далёкім горадзе выпісалі штраф за няправільную паркоўку.

- Я звольніўся з працы.

У мяне перахапіла дыханне.

- Цябе... здалі?

- Я сам здаўся, - Салома хмыкнуў. - Не люблю, разумеет, калі мною маніпулююць... Абрыд-дла.

Я не магла падняць вочы.

- Цябе ж цяпер знішчаць...

Перейти на страницу:

Похожие книги