- І ўсё-ткі трэба збіраць імёны. Хаця б збіраць. Тады і нашы сучаснікі будуць ведаць, што іх справы не знікнуць, ні добрыя, ні кепскія. Гэта так страшна - калі знікае памяць. Ведаеш, я ж яшчэ сем гадоў таму пачала маляваць партрэты рэпрэсаваных пісьменнікаў. І калі перабірала архіў Тамары Цулукідзэ, грузінскай актрысы, якая ў высылцы выйшла замуж за беларускага празаіка Алеся Пальчэўскага, знайшла аркушык... На ім Цулукідзэ пасля пекла сталінскіх турмаў ды лагероў напісала імёны і прозвішчы сваіх катаў. Жанчын-следчых. Каго магла ўспомніць. Часам толькі імя, ці нейкую прыкмету. “Падольская (імя не памятаю, муж у яе Кулагін)”... “Вера Марцірасян”... “Ніна Цэрэтэлі, кат”... Апошняе імя - буй­ным, няроўным почыркам, думаю, ад узрушэння. Я за гэтым аркушыкам столькі пабачыла... Дні ў карцэры, страшныя допыты, адчай і бяссілая нянавісць да садыстак... І гэты аркушык - уся помста, якая аказалася магчымай. Пракрычаць у вечнасць: гэта тварылі яны! Не забудзьце!

Пантофлі багіні памяці Мнемазіны пратупалі свінцовымі абцасамі дзесьці побач, і Саламярэцкі ўздыхнуў.

- Добра, заўтра паедзем. Я разумею, з мужам пасля ўсяго, што высветлілася, у такую вандроўку табе ехаць... няёмка. А ты ўсё адно пацягнешся, сама, у лес... Усё, прабач, мне трэба адну халтурку закончыць. Заўтра а дзявятай выедзем.

Мацей зноў адвярнуўся да кампа, змеі на маніторы зніклі, але я адчувала па ягонай спіне - напружаны, трывожны... У ягоных словах я вычула, што ён нібыта шукаў апраўданняў, каб не выглядаць смешным, што пасля ўсяго па адным маім кіўку зноў гатовы служыць...

А мне зараз вяртацца ў сваю кватэру... Куды ў любы момант можа прыйсці мой каханы муж.

- Мацей, можна я ў цябе пераначую?

Сказала і сама спалохалася. А што, калі мой верны паладын няправільна зразумее, падумае, што я гатовая выкупіць віну больш, чым кубкам гарбаты...

Саламярэцкі павольна павярнуўся і ўтаропіўся ў мяне, як у праграмны глюк.

- Мне проста занадта складана зараз... - мармытала я, паціху адступаючы да дзвярэй.

- Рэчы твае ў п-пакеце, у белай шафе, - прамарудзіўшы, прамовіў роўным тонам Мацей. - Зубная шчотка і начнушка таксама там. Бялізну ведаеш дзе браць. Мне п-пасцялі на крэсле. Але п-папярэджваю, што буду сядзець яшчэ доўга, заказчык чакае.

Ясна, грошы ж трэба зарабляць...

Я ляжала тварам да сцяны, на якую скрозь жалюзі прасявалася святло вулічных ліхтароў. Побач ціха стукаў па клавіятуры Мацей, нібыта адбівалі няроўны рытм кроплі, што падаюць з даху пасля дажджу. А Белы Трактарыст выехаў на туманісты поплаў, каб паклікаць сваю каханую, ды забыўся яе імя, нат апошнюю літару. Закінуў раз’еты на беларускай бульбачцы твар да поўні і замычэў, застагнаў... А раптам усё-ткі пачуе ды прыдзе тая каханая, бязмоўная, безыменная, тутэйшая.

Раздзел дзясяты. ПРА АСАБЛІВАСЦІ БЕЛАРУСКІХ ТУСОВАК

Сайт “Пад знакам Урабораса”.

Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.

Фандом: арыджынал.

Жанр: агнст.

Памер: максі.

Статус: закончаны.

Рэйтынг: NC-17.

Катэгорыя: гет

Аўтар: Grjaznyj ubljudok.

Бета: Kobaabba.

Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.

Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.

Каментары. Fljor Delakur: О, нарэшце гетная сцэна. Толькі незразумела, якога рэйтынгу. Дык доктар і дактарыца пераспалі ў машыне ля трупаў ці толькі пацалаваліся? Хачу графічны сэкс!

Racional. Fljor Delakur, гэты арыджынал не для тваіх мазгоў. PWP шукай у іншых фанфах. Тут агнст.

DoktorHaus: Аўтар такі схітрыўся паказаць у адным раздзеле ўсіх святароў з гэтага Ноева каўчэгу. Толькі дужа схематычна. Аўтар, пракансультуйся наконт рабіна. Хто можа быць рабінам, якія ў іх правілы жыцця.

Racional: Дурацкая магрэтка так і засталася нявысветленай. Уражанне, што аўтар сам не ведае, як яе прыстасаваць да сюжэту.

Проста Локі: У мяне пытанне: чаму ўсе героі не ўцяклі з Апошняга Прытулку? Чаго вярнуліся, сядзелі і чакалі, пакуль іх арыштуюць? Што за мазахізм?

DoktorHaus: Локі, я б таксама не кінуў сваіх цяжкіх пацыентаў. Нават пад пагрозай смерці.

Трандуіл: хня фанф адмін выдалі фанф Grjaznyj ubljudok

Раздзел пяты

Малюнкі былі адзін страшней за другі: старанна расфарбаваныя каляровымі алоўкамі лёгкія, пячонка, вантробы... І не знаўцу зразумела, што ўсё хворае, пачварна змененае, у чорных плямах і зялёных прожылках...

На вокладцы альбома, які ніяк не спалучаўся з утульным абрусам, вышытымі валошкамі, змрочна выштукоўваліся словы “Дэфармацыя ўнутраных органаў у выніку працяглага галадання. З дадаткам малюнкаў і схем. На падставе практычных даследванняў. Доктар медыцынскіх навук, загадчык 3-га аддзялення сангарадка Затока Люцыян Станіслававіч Корвус”.

Перейти на страницу:

Похожие книги