- Знішчае мана і баялівасць, - цвёрда заявіў былы аднакласнік. - Гэта я яшчэ ў школе засвоіў. Саслужыўцы т-твайго К-корвуса паставілі мяне перад выбарам - п-працаваць на іх, гэта значыць, шпіёніць у сусветна-вядомай карпарацыі, альбо кіраўніцтва д-даведаецца, што я скраў і прадаў новую п-праграму. А я п-паехаў у сваю фірму і прызнаўся, што незаконна вынес “Агату”. Узяў усё на сябе, каб не п-падводзіць Марго...
Дык гэта ж Марго зараз і прыходзіла! Прыносіла прадукты апальнаму калегу... І яна ж, закаханая ў яго, дапамагала здабыць часткі “Агаты”... А тая праграма каштуе, мабыць, мільёны! Я ўспомніла галівудскія баевікі пра ўсемагутныя карпарацыі, якія праштрафленых супрацоўнікаў акулам скормлівалі...
- Цябе не засудзяць?
- Д-дзякую за клопат, - гэта прагучала з належнай доляй сарказму.
- Але я ведаў, на што іду. Той варыянт “Агаты”, якім я карыстаўся, я сапсаваў. Ён з кодам самазнішчэння. Так што сябрукоў Корвуса чакала расчараванне. І, дарэчы, - Мацей выпрастаўся, адышоў ад стала і чамусь асцярожна патыкаў наском скуранога пантофля ў адзін з пакетаў, нібыта баяўся, што там адгукнецца штось жывое, - можаш не п-пераймацца з-за нашай дамовы. Я ведаў ад п-пачатку, што нікуды ты са мной не збіралася ехаць. П-проста бачыў, што не можаш жыць без свайго Корвуса... Ну, ты яго атрымала. І я п-пазбавіўся ад функцыі сурагату. Бывай. Будзь шчаслівая.
І ўсеўся за комп, дэманстратыўна заварушыў мышкай, стылізаванай пад бэтмабіль. На загрыўку Мацея шыльдачкай “не турбаваць” пад чорным шнурком крыжыка шчэрыла лацінскія літары татуха. І на маніторы па чорным фоне апантана беглі белыя лічбачкі і літаркі, быццам уцякалі ад кампутарнай Гадзілы.
Я моўчкі стаяла і глытала слёзы, выдатна разумеючы, што заслужыла гэтую абыякавасць. Яшчэ і далей працягваю чалавеку гадзіць... Зараз вось прыгожую дзяўчыну сагнала, з якой ён быў бы шчаслівы... Без мяне ён увогуле даўно б з’ехаў.
Мацей засяроджана працаваў, надпіс на патыліцы “Аднолькава вартыя ўхвала ад годных і ганьба ад нягодных” сведчыў, што лавіць няма чаго. А я ўсё не магла скрануцца з месца. Чагосьці ўспомнілася, як валяліся на гэтай бела-чорнай канапе, елі крабавыя палачкі і глядзелі фільм “Сны Акіры Курасавы”. Там ёсць класная сцэна пра вясёлае пахаванне ў вёсцы. Людзі жывуць пастаральным жыццём, і, калі паміраюць, гэта свята - бо добры чалавек адправіўся ў добрае месца. Магу бясконца пераглядаць, як рухаецца пад нейкі магічны рытм яркая працэсія, час ад часу выдыхаючы “Хэ”...
Нарэшце Мацей не вытрымаў майго маўклівага нахабства і развярнуўся ў крэсле.
- Ну? Расказвай. Ч-чым яшчэ трэба памагчы?
Ён зноў пачаў часта заікацца... Я праглынула даўкі камяк у горле і нясмела працягнула чырвоную пластыкавую тэчку.
- Можаш гэта зараз прачытаць? Ты ж хутка чытаеш... Тут тэкст са сшытка Люцыяна Корвуса і фанфік, які мне два месяцы дасылаюць па частках на сайт. І... яны аднолькавага зместу.
Уздыхнуў, пацёр даланёй няголены твар.
- “Хадзі т-тудой, хадзі сюдой. Мо святло ты і заслужыш, ды ніяк жа не спакой...” Давай.
Я ледзь утрымалася ад нервовага смяшка: Салома працытаваў нашу ўлюбёную песеньку з рэфрэнам “Е...тым нет покоя”.
- Чайнік па-ранейшаму на кухні. Заварку мусіла п-прынесці Марго.
Гэта Салома прагаварыў, паглыбіўшыся ў тэкст. Я падхапіла два пакеты, прынесеныя не мной, і пайшла на кухню чалавека, якога пазбавіла ўсяго, чаго ён цяжка дабіваўся ўсё жыццё.
На гарбату, якую я яму прынесла, Мацей зыркнуў паўзверх папер, як на зелле са скалапендраў. Дасюль гэта ж ён заўсёды падносіў мне кубкі з гарбатай, кавай, какавай і свежавыціснутым сокам. Мае шчокі запалалі. Кубак сапраўды выглядаў вартым жалю выбачэннем за зламаны лёс.
Наступныя дзве гадзіны я ціха прасядзела ў фатэлі, складваючы на смартфоне пасьянсы. Ну проста нічым больш плённым ды разумным не ў стане была заняцца. Маю няўклюдную спробу штось падрыхтаваць на вячэру - гаспадыня, сем гародаў, адна дыня - Мацей пасля першага бразгання рондалем перапыніў злоснай рэплікай “Мне кампенсацыі не трэба. Не мітусіся”.
Калі неба між салатавых палосак жалюзі зрабілася цёмна-шэрым з кропляй юлёвага, Саламярэцкі сунуў аркушы назад у тэчку.
- Дык ты паедзеш са мной у Апошні Прытулак? - напружана задала я пытанне, дзеля якога, уласна кажучы, і прыехала. Салома задумліва пашкроб пазногцем чырвоны пластык тэчкі.
- Чаму ты раней мне не гаварыла, што табе гэты аповед дасылаюць?
Я замармытала пра нелюбоў Мацея да майго хобі і фанацкай творчасці...
- Ты захавала ў сваёй скрыні лісты Бруднага Ублюдка? Адчыні... Паспрабую вылічыць, адкуль яны дасланыя.
Я зноў пачувалася ідыёткай. Магла ж звярнуцца раней, але старанна ахоўвала таямніцу зніклага мужа, як курыца - яйка-баўтун. Пальцы Мацея лёталі па клавіятуры, нават падкарочаны мезенец не дазваляў, каб яго шкадавалі, і быў такім жа спрытным, як іншыя.