- Я нешта не разумею, вы дзесяць год тут седзіцё? Атрымаўшы шанс на другое жыццё? - Мацей зноў нервова круціў свае фенечкі. - Ды з такім вынаходніцтвам... Вас на руках мусяць насіць!

- Ніхто больш не пойдзе за мной у гэтую дрыгву, - цвёрда прамовіў Корвус, я адчула, як уздрыгнулі ягоныя пальцы. - Выглядае, вядома, спакусна. Вярнуць маладосць, вечна працягваць жыццё... Але насамрэч я - гэткі Шалтай-Балтай, памятаеце, які сядзеў на сцяне ды зваліўся ў сне... Вось, шкарлупінне сабранае, нейкім цуд-клеем утрымліваецца форма... Але кожная дробная часцінка ўвесь час выхіляецца, імкнецца выпасці, яе трэба падпраўляць, замацоўваць... Іначай усё рассыплецца. Падчас рэгенерацыі я зразумеў, што нічога дагэтуль не ведаў пра боль. А потым прыступы таго болю пачаў атрымліваць на сняданак і на вячэру, а часам і на абед.

Корвус перахапіў мой спалоханы пагляд і ўсміхнуўся заспакаяльна.

- Нічога, я ўмею спраўляцца. І вунь тым... - ён кіўнуў на штатывы з сістэмамі, - і псіхатэрапеўтычнай методыкай. Але жыць так, паверце, больш ніхто не зможа. Звычайнаму чалавеку альбо на наркотыкі падсядаць, альбо... выбраць іншы шлях.

Корвус лёгка паціснуў маю руку - мне падалося, ягоныя пальцы пульсуюць.

- Каб я прастымуляваў працэс рэгенерацыі да канца, я проста пазбавіўся б болю зусім. Нервовыя клеткі перарадзіліся б і страцілі адчувальнасць.

- Дык гэта ж лепей! - вырвалася ў мяне. Светлыя вочы Люцыяна глядзелі пяшчотна і вінавата.

- Абсалютная адсутнасць болю - таксама паталогія. Да таго ж працэс дайшоў бы і да псіхікі, мозгу... Зніклі б эмоцыі. Здольнасць ацэньваць падзеі. Нават інстынкт самазахавання. Я ператварыўся б у пачвару, з якой проста небяспечна знаходзіцца побач. Праўда, і скончылася б тое існаванне куды хутчэй. Карацей, я выбраў боль.

- Вы сказалі, што для вас тут п-падрыхтавалі месца... Значыць, ёсць саўдзельнік? - змрочна папытаўся Мацей, які не мог не заўважаць нашых сплеценых рук, але старанна адводзіў позірк.

- Месца вартаўніка закансерваванага Апошняга Прытулку было ва­кантным, - усміхнуўся Корвус. - А чалавек, у чыёй уладзе даць мне гэтае месца і забяспечыць спакой, не менш за мяне зацікаўлены, каб я заставаўся ценем. Каб не пранюхалі нават сакрэтныя службы. У нас з ім... бартэр.

Люцыян махнуў рукой на паліцы з кнігамі.

- Даследую, пішу... Дзе не спраўляюся адзін з доследамі, раблю замову, іх праводзяць у інстытуце, пад кіраўніцтвам, вядома, майго дзелавога партнёра, і ён высылае мне вынікі. Я аналізую, раблю высновы, фармулюю здагадкі... Артыкулы, манаграфіі... Аддаю не ўсё, наконт цудоўнага амаладжэння - табу, але і так дастаткова.

Што ён гародзіць? Я вырвала сваю руку з ягонай і падскочыла да паліцаў. На ніжняй - з дзясятак кніжак са складанымі навуковымі назвамі, на карэньчыках якіх значылася “Д.І. Каструковіч”.

- Гэта што... ты ўсё напісаў?

Корвус паціснуў плячыма.

- Мне дасталіся плённыя гады.

Я ўспомніла выпадкова пабачаныя кадры з навінаў - тэлевізар увогуле не гляджу, замбаскрынку клятую. Імпазантны маладжавы вучоны з сівымі скронямі, у акулярах у тонкай пазалочанай аправе штось разумнае гаворыць у мікрафон, час ад часу ашчаджаючы публіцы галівудскую ўсмешку.

- Гэтага ж Каструковіча на Нобелеўскую прэмію вылучалі! З тваімі адкрыццямі! Несправядліва! Ты апусціўся да становішча навуковага ценявога раба!

Люцыян працягваў лёгка і сумна ўсміхацца.

- Якая розніца, пад чыім прозвішчам - галоўнае, ідэі ўвасабляюцца, удаецца камусь дапамагчы. Я ж даўно мёртвы. Магчыма, Гасподзь даруе мне мой выспятак Пані Смерці за гэтую працу. Але так доўжыцца не можа. Як дзіця ўпадзе, анёл падушку кладзе, як стары ляжыць, чорт ка­мень дзяржыць...

У голасе не было ні адчаю, ні суму.

- Ты збіраешся пакінуць нарэшце гэтае месца?

- Я застануся тут назаўсёды. У сваёй родавой сядзібе.

За простымі словамі ўгадвалася штось страшнае.

- Я шчаслівы, што змог з табой развітацца.

Нейкі агрэгат у лабараторыі раптам агідна запіпікаў, Корвус імкліва падбег, панаціскаў на нейкія кнопачкі... Выглядаў цалкам здаровым і спрытным.

- П-паслухайце, Люцыян Станіслававіч, вы што, на Вірынеі т-таксама эксперымент ст-тавілі? Гамункулуса свайго задумалі, сачылі за ёй, ад раддому п-пачынаючы? Чаму ж нічога не зрабілі, калі яе акруціў п-прайдзісвет з вашым прозвішчам?

Саламярэцкі заікаўся ўсё заўважней.

- Вы мяне дэманізуеце, шаноўны Мацей, - Корвус нават не раздражніўся. - Я не збіраўся і не мог умешвацца ў жыццё Вірынеі. Калі ўжо сацыяльныя сеткі з’явіліся - так, мог тое-сёе адсочваць. А той Корвус... - Люцыян паморшчыўся. - Спрактыкаванаму псіхатэрапеўту ілгаць марна. Я адразу зразумеў, што мой так званы пляменнік - засланец. І вельмі шкадую, што ў свой час зрабіў памылку: адпісаў табе, Вірынея, сваю спадчыну. Не падумаў, што адразу прыцягну да цябе непатрэбную ўвагу. Дый маці твая ўгневалася б неверагодна. Але бачыш як - ты ўсё роўна цяпер мая спадчынніца. Здараецца, падманшчыкі пераігрываюць самі сябе.

- Дык гэта вы дасылалі мне фанфік на сайт?

Перейти на страницу:

Похожие книги