- Таму што адзін сентыментальны агент усё сцёр - да таго, як хтосьці зразумеў, што гэта не проста вірус, - гучала таксама з сарказмам. - Сцёр нібыта выпадкова, зразумела. Што не служыць апраўданнем. Так што я цяпер таксама беспрацоўны.

- Дык я табе павінен дзякуй сказаць? - Мацей насупіўся, на ўпарты лоб зухавата, па-шляхецку ўпаў чуб.

- На тым свеце вугалькамі разлічымся, - скрозь зубы прасіпеў Віталь.

- Я пра яе думаў, - кіўнуў у мой бок. - Могуць пацягнуць за сведку. А потым да цябе ў зону са шкадобы апельсіны цягаць будзе. Яна ж і была з табой ад шкадобы.

Мацей нядобра выскаліўся, майка на грудзях нацягнулася над напятымі цягліцамі, намаляваны Кафка, здаецца, злавесна вылупіў вочы.

- Шкадавала, кажаш? Ну і добра. Мне і драбочка яе шкадобы хапае. А вось табе, падонак, чаму цэлага яе кахання не хапіла?

З Яўгена ўсё-ткі зляцела прафесійная раўнавага, бо ён больш не думаў, як выгадна выглядаць:

- Вось твая ўдзячнасць, разумнік, за ратунак! Думаеш, я не магу цябе ўмомант на зону адправіць, каб фанабэрыю збілі?

- Адпраўляй, даносчык! Усё роўна Вірынея з табой не будзе! А ўздумаеш на яе маім лёсам ціснуць - дык я лепей з жыцця сыду!

Мацеевым словам я верыла.

І вось тут мусіў прагучаць медны гонг... Альбо турыны рог... Альбо вокліч герольда. Яны стаялі насупраць адзін аднаго. І я пабачыла, што абодва аднолькавага росту, магутныя, гожыя і не Корвусы.

Ды што ж такое...

Слёзы самі пакаціліся з маіх вачэй, істэрыка прабіла канкрэтна. Паладыны адразу сціхлі і схіліліся нада мной, праігнараваўшы істэрычнае “Пакіньце мяне”, “Нікога не хачу бачыць”, і сакраментальнае “Вы нічога не разумееце”.

- Я б гэтага дзеда-эксперыментатара сам па падлозе размазаў... - прагаварыў тужліва Віталь.

- Але каб не ён - і яе б не было, - гэтак жа змрочна заўважыў Мацей.

Ад злосці на сябе, на іх і на глабальную несправядлівасць я села, сцяўшы зубы і выцершы апухлы твар рукавом. У вас не самая гламурная прынцэса, панове. Ну і што? Староста берасцейскі Сапега забараняў пахолкам пасля банкетаў мыць срэбныя талеркі. Каб серабро не змылася. Таксама рукавом пратруць - і далей навальваюць лёды і кумпякі.

Я разумела, што клубок скрываўленых нітак нехта мусіць нарэшце разблытаць... А там, дзе немагчыма - разарваць. Падняла вочы на Віталя. Ён адчувальна напружыўся.

- Скажы праўду: як там было ў Закапанэ з аварыяй?

- Я ж казаў - напіўся. Набухаўся як бабёр. І паехаў у горы. Рэзка расхацеў быць Віталём Корвусам. Мне сказалі, я мушу цябе... перавесці з пасіўнай крыніцы інфармацыі ў актыўную.

- Завербаваць, карацей, - злосна выгукнуў Салома.

Віталь скрывіўся:

- Нейкая ў вас двайная бухгалтэрыя, спадарства, з вашай нянавісцю да “гэбні”. Сістэма дзяржбяспекі існуе паўсюль, тэракты вы асуджаеце, фільмы пра Джэймса Бонда любіце.

Мацей сціснуў кулакі:

- Бонд, блін... Наіўных дзяцей расцвельваць, а потым здаваць. Як там сапраўдны Корвус пісаў? У любой беларускай тусоўцы заўсёды з’явяцца кат, здраднік і ахвяра?

- А вы заўсёды можаце іх адрозніць?

Я пляснула даланёй па часопісным століку, які не асабліва пакрыўдзіўся, бо ўвогуле звык, што я выкарыстоўваю яго заміж лесвічкі.

- Хопіць! Майго мужа Віталя сапраўды больш няма. Бывайце, Яўген.

Не ведаю, ці была я так ужо моцна яму патрэбная, сем год на зямлю, як недаедзены суп, не выплюхнеш, але і пра абыякавасць гаворка не йшла.. Думаю, ён сапраўды кахаў мяне. Так, як умеў.

- Добра, жывіце - з маёй ласкі. Але на добрую працу ў бліжэйшыя гадоў дзесяць не разлічвайце. І праз мяжу не раю спрабаваць пераехаць.

Дзверы ляснулі так, што прусакі ад інфаркту маглі б паздыхаць.

Салома схадзіў на кухню, прынёс кубак гарбаты. Рамонкава-мятнай. З чатырма кавалачкамі цукру.

- Мне таксама пайсці?

І за пытаннем не хавалася прыніжаная просьба “Пакінь мяне, я той самы, хто табе трэба”. Але я прамовіла:

- Заставайся. Ты ж усё роўна будзеш у машыне пад маім вакном сядзець.

- Буду, - падумаўшы, згадзіўся Мацей.

Я адсёрбнула гарбаты. “Рэптыльныя” ўспаміны гаслі, сціраліся, ад таго падзеі апошніх гадоў бачыліся ўсё больш ясна... Што ж, трэба вучыцца жыць без Корвусаў у сваім жыцці.

Мацей моўчкі выпростваў суставы складнога фатэля, які ўжо гадоў пяць, пасля таго, як начавала мая стрыечная сястра з Гародні, не выцягваўся ва ўвесь рост.

- Я была з табой не ад шкадобы.

Мацей кінуў на свой часовы ложак плед.

- Толькі не кажы, што ты мяне ўвесь гэты час кахала, але толькі цяпер гэта зразумела.

І сапраўды, неяк тэатральна атрымалася б...

- Я столькі ўсяго наадчувала апошнім часам, што не ведаю, дзе было каханне. Паслухай, а вось табе - нашто ўсё гэта? Калі жыццё - за драбочак шкадобы...

Салома паціснуў плячыма.

- Помніш, як ты да Люцыяна Корвуса кінулася? Ты можаш рацыянальна свае пачуцці вытлумачыць? Не? Вось і я не магу.

І паклаў на зямлю паміж сабою і прыўкраснай дамай аголены меч, каб ноччу асцерагчыся ад спакусы цялеснай... Жартую. Проста лёг на крэсла, адвярнуўшыся ад мяне, накрыўся з галавою пледам і засоп.

Перейти на страницу:

Похожие книги