Я нат не павярнулася на канапе. Ну мы ж ужо высветлілі, што ты не Віталь... Цікава, а вось мая непрыязь да імені ”Яўгеній” - ці не была таксама ад рэптыльнай памяці? Ува мне ж частка асобы той Яўгеніі... Госпадзе, яна ж, па-сутнасці, мая біялагічная маці! Цікава, Корвус не стаў маім бацькам па этычных меркаваннях, альбо таму, што не хацеў мець да мяне бацькоўскіх пачуццяў, а нібыта ўваскрэсіць сваю каханую?

Нарэшце настала цішыня - алілуя. Але потым штось бразнула, хуткія крокі - і мой памерлы муж схіліўся нада мной і дыхае, нібыта прабег вярсту.

- Што... што з табой?

- Я табе не дазваляла заходзіць.

Заміж абурэння ён выцер лоб і выгукнуў з палёгкай:

- Дзякуй Богу...

І дадаў ужо буркатліва:

- Немаведама што перадумаў... Дзверы замкнёныя знутры, святла няма, ты не адзываешся, тэлефон недасяжны...

Запаленае святло няветла ўдарыла па вачах. Я неахвотна села. Няўжо новая порцыя маны з дастаўкай на дом? Цікава, у кампутарных гульнях “мана” з націскам на першым складзе - энергія для выраблення магіі. Гойсаеш па віртуальным свеце і здабываеш тую ману. Шукаеш яе крыніцы. Бо без яе не ўжывеш ніякага заклінання - ні тэлепартацыі табе, ні ацалення, ні вогненнага шара. З маной, дзе б ні стаяў націск, жыць прасцей...

- Паслухай, я вінаваты, ты мяне, магчыма, ненавідзіш, але нам усё-ткі давядзецца пагаварыць...

Канапа прагнулася пад цяжарам прыхадня.

- Яўгеній, я шаноўная ўдава. Мне пасуе віктарыянская задуменнасць і самота. А яшчэ капялюш з чорным пяром.

- Жартуеш - значыць, ачуняла... Скажы, калі ты ездзіла з Саламярэцкім у зачынены дыспансер, з кім там сустракалася? Можа, штосьці незвычайнае бачыла?

Ого, а кантора працуе... Ці не сядзеў у тым чорным джыпе, з якім мы сустрэліся, Віталь? Я адказала праўду:

- Бачыла прывідаў мінулага. А што? Быў час - ты сам мяне цягаў па закінутых сядзібах кожны тыдзень.

Віталь сядзеў, унурыўшыся, з напружанымі плячыма, нібыта несправядліва арыштаваны на лаўцы падсудных.

- Ты сапраўды верыш, што ўсё, напісанае ў сшытку ды фанфіку, - праўда?

Я не стала расказваць пра сваю абуджаную другую асобу... Пра тое, што я памятала пра Люцыяна Корвуса і што адчувала да яго. Два Корвусы - гэта ўжо дыягназ.

- Пасля вашага ад’езду ў адным з будынкаў дыспансера знайшлі труп вартаўніка. Лук’яна Сцяпанавіча Дзякловіча. Здаецца, ён быў навукоўцам-аматарам.

- Трупа не бачыла.

Галоўнае - не сарвацца на істэрыку.

- І самае цікавае, Вірынея, труп выглядае так, нібыта праляжаў ме­сяц. Хаця Дзякловіча тыдзень таму бачылі жывым. І хто вас запусціў на тэрыторыю дыспансера, калі не было каму адчыніць вароты, акрамя сабак?

Я маўчала. Неяк не адчувала моцы прыдумаць праўдападобныя версіі.

- Ну, у любым выпадку, тут справы закончаныя, мы з табой едзем на Куршскую касу.

Лагічны пераход... І адказ лагічны.

- Не.

Мне цяпер ёсць з чым параўноўваць вастрыню пачуццяў... Цела майго суджанага ўжо збуцвела, стала прахам... Як залатое руно, якое на тысячу год забыліся ў каморы Медэевых нашчадкаў побач з амфарамі з віном і воцатам.

Віталь пацёр пальцам лоб, разгладжваючы неіснуючы шнар.

- Я разумею, што ты крыўдуеш і за свайго батаніка. А я, між іншым, яго выратаваў. Сцёр запісы. Пайшоў на злачынства.

Я недаверліва падняла вочы на колішняга мужа, той патлумачыў са змрочным гонарам:

- Ніхто не даведаецца, што вы там былі. Смерць Дзякловіча спішуць на хранічную хваробу. Занадта вялікія людзі зацікаўленыя, каб усе канцы патанулі ў дрыгве.

Ён відавочна лічыў, што ягоны ўчынак выправіць мінулае.

- Гэта нічога не зменіць. Віталь Корвус памёр і даўно аплаканы.

На мабільніку зайгралі “Ліцвінтролі”. “Пахне чабор... Па-па-пахне чабор...” Савецкі паэт Броўка не ўяўляў, колькі металу можна закатаць у ягоныя лірычныя радкі.

- Гэта Мацей Саламярэцкі тэлефануе. Запрасі яго. Ён ужо каторы час пад тваім вакном тырчыць. А то я сам запрашу...

Значыць, двубой? Я, адчуваючы сябе хрушчом, якога праганяюць па кардонным лабірынце з дапамогай шпількі, націснула зялёную кропку на экране і, не слухаючы ўсхваляваных пытанняў Саломы, кінула:

- Заходзь.

Ён уклаўся ў пятнаццаць секунд.

Два мае мужчыны глядзелі адзін на аднаго так, як... як мужчыны, што прэтэндуюць на адну жанчыну (трон, прэмію, месца за столікам). Калі б паміж іхнімі позіркамі паставіць шклянку з вадой, закіпела б.

- Твая праграма аказалася бракаваная, - нарэшце холадна вымавіў Віталь. Мацей нават не спрабаваў схаваць зласлівай усмешкі.

- Ведаеш, злодзей, які наракае, што выцягнуў пусты кашалёк, не выклікае спачування.

Ён не заікаўся! Зусім! Мусіць, падарунак Магістра!

Фальшывы Корвус хмыкнуў:

- А ты ведаеш, геній недароблены, што той вірус, які ты прыдумаў для сваёй праграмы, мабыць, каштоўнейшы за яе?

І, гледзячы на выцягнуты твар Мацея, канстатаваў:

- І не падумаў, значыць. Птушка Божая. Цябе закрылі б. За кампутарнае шалберства. У цябе ж цяпер рэпутацыя... Няма каму заступіцца. Закрылі б, і нікуды не падзеўся ад супрацоўніцтва. Ніхто б мілыя размовы больш не вёў. Хіба што па нырках.

- І... чаму ж мяне не зачынілі? - саркастычна папытаўся Мацей.

Перейти на страницу:

Похожие книги