Часам мне гэтак журботна, гэтак сумна, гэтак прыгнечана. Хочацца або біць, ламаць, мяжджэрыць усё, што стане на шляху, або ўчыніць нешта добрае для ўсіх людзей. Такое, што зрабіла б іх усіх шчаслівымі. І каб мне за тое не дзякавалі, каб гэта выглядала зусім натуральна і бескарысліва. Калісьці, маючы гадоў 13, выцягнуў я з вады на Бярэзіне яўрэйчыка, які тапіўся. Некалькі хлопчыкаў глядзела на тое, як ён крычаў і нібы хапаўся рукамі за ваду. Быў спачатку я абыякавы, а потым ахапіла мяне нейкая гарачая хваля. Жудасны страх тапельца гэтак працяў мяне, што я кінуўся ў ваду на дапамогу, каб выбавіць яго ад таго страху. Так мне бачыцца тое праз смугу гадоў. Іншыя можа таму і не паспяшаліся таму яўрэйчыку на дапамогу, што не адчулі ягонай той пакуты. Я плаваў добра, але ён гэтак мяне схапіў, што я ледзьве трымаўся на вадзе. Іншыя хлопцы глядзелі і глядзелі на нас. Апамяталіся; схапілі са стосаў некалькі дошак (паблізу быў тартак) і кінуліся на дапамогу. Калі ўрэшце ўсё абышлося, і той дзяцюк апамятаўся і апрануўся, дык неяк няскладна дзякаваў нам. Адышлі мы амаль збянтэжаныя. За вялікія паслугі не трэба дзякаваць, бо яны з’яўляюцца шчасцем для тых, хто іх здзейсніў; гэта апраўдвае іхняе існаванне і падымае ў іхніх вачах іхную ж вартасць.
Цяжка, вельмі цяжка жыць годна ў гэтым звар’яцелым свеце. Адны не жадаюць, хоць і могуць, іншыя жадаюць, і не могуць, рэшта зусім над такімі рэчамі не задумваецца. Можа, найлепей глядзець на ўсё паводле рэцэпта Палкоўніка: праз шкло пляшкі, у якой боўтаецца што-небудзь моцнае.
Учора раніцой прыехаў у Воўкаўшчыну. Прывіталі мяне, ледзь не сумеснымі паклонамі, тры браты Каліноўскія. Натуральна, накармілі яечняй і абвясцілі навіну:
— А ў нас бальшавіцкая банда прайшлася.
— Дзе, калі? — спытаўся я, здзіўлены, бо дагэтуль увогуле не чуў пра дзейнасць дыверсійных атрадаў з «таго» боку.
— У Бузунах прайшлі. Солтысу сабаку падстрэлілі.
Зразумела, чыіх рук гэта справа.
— Няўжо вялікая банда? — спытаў я Каліноўскіх.
— Больш як дваццаць чалавек, — сказаў Браніслаў.
— З гранатамі, стрэльбамі, левальвэртамі, — дадаў Юзаф. — Стралялі ў бузуноўскіх сялян. Хацелі вёску спаліць.
У той вечар адбылося здарэнне, якое магло мець наздвычай непрыемныя наступствы. Мяркуючы, што спынюся ў Воўкаўшчыне, я прывёз некалькі бутэлек спірту. Зладзіў гулянку і спаіў гарэлкай усю сям’ю, нават жанчын; сам таксама быў моцна п’яны. Адвячоркам малодшы з братоў, Адам, выклікаў мяне на падворак па «вельмі важнай справе» і таямніча абвясціў:
— У Меляховіча ў склепе сядзяць людзі. У кайданках. Б’е іх, голадам морыць. Плачуць і енчаць удзень і ўначы. Каб гэта вы як іх вызвалілі. Вы ж маеце зброю. Можаце гэта зрабіць?
Я абурыўся і загадаў Адаму, які казаў ужо, што Меляховіч бальшавіцкі камісар, весці мяне туды.
Меляховіча дагэтуль я не ведаў. Як праз сон памятаю, што рабілася далей. Апынуўся ў нейкім памяшканні, дзе ўбачыў перад сабой мужчыну сталага веку, які выглядаў вельмі паважна.
— Рукі ўгору! — скамандаваў я ад парога.
Той выканаў загад. Я вывеў яго на падворак, паставіў пад варотамі велічэзнай стадолы і адмераў 20 крокаў. Напэўна, неадкладна яго расстраляў бы. Прагнуў гэтага. Якая вар’яцкая думка можа прыйсці ў замглёную гарэлкай мазгаўню? Каля мяне мітусіліся нейкія дзяўчаты (мабыць, дочкі Меляховіча) і ўмольвалі падараваць бацьку жыццё. Здолелі адвесці мяне ў бок і бацьку некуды схаваць.
Назаўтра раніцою вырушыў у Ракаў. З Адамам я больш не размаўляў, бо ўстаў вельмі рана. Не магу зразумець: навошта ён справакаваў такую авантуру, якая магла мець фатальныя наступствы, калі не для мяне, дык для Меляховіча. Нельга растлумачыць гэта нават тым, што быў я п’яны. У будучым трэба мне гэта высветліць.
Я ў карчме ў Малкі, спрытнай габрэечкі сярэдняга веку. Вычысціў зброю і прывёў у парадак рэчы. Маю 15 грамаў какаіну
Заканчваю. Заўтра я іду «туды».
ІV. «БАЛБАТУН — ЗНАХОДКА ДЛЯ ШПІЁНА»
Было вельмі ціха; гэтак ціха, што найменшы шоргат можна пачуць з вялікай адлегласці.
Забава, перабраўшыся праз мяжу і перайшоўшы яр і рачулку, зразумеў, што можа лёгка трапіць у пастку, калі пойдзе далей у ботах. Адрэзак гэты быў густа абсаджаны межавай аховай і добра вартаваўся на тылах, а ў лесе цяжка засцерагчыся, каб якая галінка, сухі дубчык не трэснуў пад нагамі — як здавалася чалавеку, які крадком прабіраецца праз лес — з гукам стрэлу. Забава сеў, сцягнуў боты і засунуў іх халявамі ззаду за пояс, абцасамі ўгару. Толькі тады пайшоў у шкарпэтках далей, не робячы аніякага шуму.