Паўтараць ім ці падганяць іх не спатрэбілася. Зніклі з дарогі, нібы бясследна растварыліся ў цемры. Забава падняў кінутыя мяшкі, закінуў іх на спіну і пайшоў ў кірунку лесу. Там сышоў з дарогі і развязаў пакункі. Намацаў рукой цёплую бухматую поўсць.
«Што ж з гэтым зрабіць?» — падумаў.
Чуў пра тое, што скуркі носяць з Саветаў у Польшчу, зарабляючы на тым сто—дзвесце працэнтаў. Можна крыху зарабіць. Але ж не несці іх назад у Менск. З цяжкасцю спакаваў усё ў адзін мяшок і пайшоў углыб лесу. Праз сто крокаў ад гасцінца ўзлез высока на густую елку і ўвязаў пакунак між галінаў. Пашыбаваў далей. Забярэ на зваротным шляху.
«Каб толькі не знайшоў які д’ябал», — падумаў пасля. Спыніўся. Хацеў вярнуцца, каб пераканацца, ці добра схаваў сваю здабычу, але ўспомніў, што не мае ліхтарыка. Махнуў рукой і пайшоў далей.
У адным куце вялікай залы стаяла незгаральная шафа, дзверцы якой былі прачыненыя. Перад ёй стаяў вялікі стол, завалены паперамі, а за сталом сядзеў старшы штабны афіцэр Чырвонай Арміі. Паблізу высіліся велізарныя шафы, займаючы ўсю сцяну, на якой высока пад столлю віселі партрэты Маркса, Леніна і Троцкага. Паміж імі струменіла сваю чырвань пяцікутная зорка. Біла ва ўпор. Са сценаў тлустым шрыфтам крычалі плакаты:
Афіцэр, які сядзеў пры металічнай шафе, чытаў нейкія паперы і падняў на Забаву запытальны позірк. Забава мякка ўсміхнуўся і нахіліў галаву наперад.
— Таварыш, калі я не памыляюся, Марозаў?
— Так.
Забава ўздыхнуў, усміхнуўся яшчэ весялей і прыціскаючы правай рукой да сцягна парабелум, сказаў прыглушаным голасам:
— Прывітанне ад жонкі і дачкі. Расце дачушка, расце і хораша выглядае. па тату тужыць. Бацька таксама перадае прывітанне.
Цёмныя вочы афіцэра выказвалі незвычайнае здзіўленне — з нямым запытам упіліся ў аблічча Забавы. А той казаў яшчэ весялей, жмурачы халодныя, рашучыя вочы.
— У мяне лісточак для таварыша. Прасілі ўручыць.
— А дзе тав... — не скончыў слоў, — бачыў іх?
— Дзе?.. Таварыш неяк дзіўна пытае. Вядома, дзе. Акрамя лісточка я маю і іншыя даручэнні. ве-е-льмі цікавыя! Але я жадаў бы сам-насам, бо гэта нібы сакрэт. справы сямейныя. Калі таварыш мае час, дык мы прайшліся б дзесьці...
Афіцэр, у званні камбата, нервова падняўся. Сабраў частку папер і зачыніў іх у сейфе. Рэшту папер схаваў у шуфлядах стала. Звярнуўся да аднаго з вайскоўцаў, якія сядзялі ля акна:
— Калі хто прыйдзе, дык вы, таварыш, задавольце. Альбо няхай прыходзяць заўтра. У мяне пільная справа.
Той у адказ хітнуў галавой і, чытаючы нейкую кнігу, далей са смакам грыз аловак.
Выйшлі на вялікі двор, а адтуль сходамі ўгару на другі паверх камбат завёў Забаву ў кватэру, якая складалася з двух вялікіх прасторных, але безгустоўна мэбляваных пакояў.
— Садзіцеся, калі ласка — паказаў Забаву плеценае трысняговае крэсла.
Забава падаў яму запоўнены дробным почыркам аркуш паперы.
— Гэта ліст ад вашай жонкі.
Камбат сквапна схапіў працягнуты яму запэцканы аркуш паперы і, звёўшы бровы, чытаў дробны, невыразны почырк. Забава пільна ўзіраўся яму ў вочы. Указальны палец яго правай рукі ляжаў на спускавой скабе рэвальвера.
— Вы былі ў нас?
— Быў.
— У кватэры?
— Так. вы напэўна жадаеце ведаць некаторыя падрабязнасці? — усміхнуўся Забава, адгадваючы думку камбата, які відавочна не верыў таму, што ён быў у кватэры яго бацькоў у Польшчы, асцерагаўся падману.
— Так. Даўно я не быў дома! Даўно.
— Кватэрка прыгожая. з параднага ўваходу чатыры пакоі. Бачыў ваш кабінет і адлітага з жалеза каня, на пісьмовым стале. І ваш замежны пашпарт, якім карысталіся пры царызме. Цікавіць мяне: што скажаце пра змест ліста?
— Тут пішуць, каб дапамог Вам у тым, чаго патрабуеце. Настойваюць на гэтым.
— Менавіта. Патрэбна мне пэўная інфармацыя. Ваенная. Спадар разумее?
— Адкуль я магу быць упэўненым, што спадар.
— Не чэкіст? — дакончыў Забава.
— Так, не чэкіст? — пацвердзіў камбат.
— А мая інфармацыя?.
— Той ягамосць, які быў у нас, мог быць злоўлены і.
— І ўсё выдаць? Так? Не, я прысланы замест яго.
— Вы хутка арыентуецеся!
— Менавіта гэта сведчыць, што я не чэкіст. Ім уласнай арыентацыі мець нельга. Можа, прапануеце шклянку вады!
— Зараз.
Камбат выйшаў у суседні пакой і там забрынкаў шклянкамі. Забава імгненна са стоса кніг на стале выняў тоўсты сшытак. Разгарнуў яго і вылупіў адзін аркуш такім чынам, каб пры карэнчыку засталася вузкая пало ска адарванай паперы. Неўзабаве камбат вярнуўся і падаў паўнюткую шклянку. Забава з неахвотай выпіў цёплую нясмачную ваду.
— Можа яшчэ?