Напасьледак варта адцеміць частае ўжываньне ў сяньняшняй беларускай літаратурнай мове БССР прыназоўніка па ў тых сынтаксычных функцыях, у якіх ён нармальна ня ўжываецца ў беларускай мове, але ўжываецца ў мове расейскай. Гэтую зьяву найлепей ілюструюць наступныя прыклады: І толькі Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, самая грандыёзная па маштабах, самая глыбокая па сваіх задачах і мэтах, разбіла асновы нацыянальнага прыгнечання (З, 15.08.1961). Правільна пабеларуску будзе: найбольш грандыёзная маштабамі, або, паводля маштабаў, найбольш глыбокая паводля сваіх задачаў і мэтаў. Канфэрэнцыя... пачала сваю работу ў дзесяць гадзін раніцы па мясцоваму часу (З, 16.05.1961). Паблр.: паводля мясцовага часу. План па выпуску валавой прадукцыі (КБ, 6). Паблр. у гэтым выпадку зусім будзе лішнім прыназоўнік па: плян выпуску валавой прадукцыі. Беларускі народ па праву ганарыцца поспехамі ў развіцці сваёй культуры, нацыянальнай па форме, сацыялістычнай па зместу (КБ, 4). Паблр. было-б гэтак: Беларускі народ поўным правам ганарыцца посьпехамі ў разьвіцьці сваёй культуры, нацыянальнай формаю, сацыялістычнай зьместам. Ракета... пайшла па зададзенаму курсу (КБ, 2). Паблр.: згодна з зададзеным курсам. Звяртаюць на сябе ўвагу таксама брашуры па асобных пытаннях палітычнай работы ў масах (КБ, 70). Паблр.: брашуры пра асобныя пытаньні, або, аб асобных пытаньнях. Пад выглядам барацьбы з цераспалосіцай па закону ад 31 ліпеня 1923 г. сялян гвалтоўна прымушалі пераходзіць на хутары (ГБССР 322). Паблр.: згодна закону, або паводля закону. Пачалося агульнае наступленьне Чырвонай Арміі супраць белапалякаў па ўсяму фронту (ГБССР, 147). Паблр.: на ўсім фроньце. Мы паклікалі вас па важнай справе (МЛ-ВД, II, 60). Паблр.: у важнай справе. Прэзідэнт і кіраўнік урада Рэспублікі Гана д-р Кваме Нкрума... прыбыў у Савецкі Саюз па запрашэнню Старшыні Савета Міністраў СССР М.С.Хрушчова (З, 15.07.61). Паблр.: на запросіны. Падобнае ўжываньне пад уплывам расейскае мовы прыназоўніка па, нязгоднае з вымаганьнямі беларускай мовы, асабліва часта сустракаецца ў мове першай катэгорыі тэкстаў, затое ў мове мастацкае літаратуры гэтая зьява здараецца рэдка.
Фразэалёгія й ідыёматычныя выразы
Кажная мова мае сваю спэцыфіку ня толькі ў строга вызначаных граматычных формах - фанэтыцы, марфалёгіі й сынтаксе, - але таксама й у некаторых апрычоных для гэтае мовы выразах, што пад ніякія агульныя граматычныя правілы не падпадаюць, бо кажная такая моўная зьява становіць правіла для сябе самой. Такія выразы звычайна ўваходзяць да галіны фразэалёгіі або да ідыёматычных выразаў. Вось-жа ў сучаснай беларускай літаратурнай мове БССР, галоўна ў тэкстах першай катэгорыі, а куды менш у мове мастацкай літаратуры, можна таксама знайсьці вялікую колькасьць спэцыфічна расейскіх выразаў, чужых і раней ня ўжываных у беларускай літаратурнай мове, а таксама няведамых і беларускім народным гаворкам. Ніжэй прыводзім колькі прыкладаў гэтай катэгорыі русіцызмаў.
1. заслугоўвае ўвагі пастаноўка пытаньня аб больш рацыянальным выкарыстанні рабочай сілы ў калгасах (КБ, 74); Вялікай увагі... заслугоўвае творчасьць беларускага жывапісца Пятра Сяргіевіча (ЛіМ, 16.05.1961). Тут маем даслоўныя пераклады расейскіх выразаў заслуживает внимания, большого внимания заслуживает, якім у беларускай мове адпавядае: заслугоўвае на ўвагу, на вялікую ўвагу заслугоўвае.
2. Толькі за апошнія гады ў сталіцы рэспублікі ўступілі ў строй заводы аўтаматычных ліній (КБ, 4); У адным з баёў я быў ранен, але цяпер ізноў уступаю ў строй (ГБССР, 402); Са строю выйшлі многія чыгуначныя лініі (тамсама, 405). Выразы гэтыя зьяўляюцца мэханічным перакладам расейскіх вступить в строй, выйти со строя, якія пабеларуску можна перадаць, як увайсьці ў дзеяньне, выйсьці зь дзеяньня.