Варта адцеміць, што вінавальны заміж роднага склону пры адмоўях часамі, хоць і рэдка, зьяўляўся ў беларускай мове й перад русіфікацыйным пэрыядам, але такія сынтаксычныя канструкцыі разглядаліся тады, як русіцызмы ў беларускай мове, і кажны, хто рупіўся аб чысьціні беларускай мывы, змагаўся зь імі. Сяньня-ж, наадварот, гэты русіфікацыйны працэс у беларускай мове блізу закончаны, хоць некаторыя Беларусы ў БССР вычуваюць яго як чужы беларускай мове. Прыкладам, пісьменьнік Янка Скрыган радзіць ужываць толькі родны склон пры дзеясловах з адмоўем заміж вінавальнага склону, бо «найлепшым сьцьверджаньнем гэтага будзе тая самая народная гаворка»[43]. Пры гэтым трэба адцеміць, што расейская народная мова, падобна як і беларуская, вінавальнага склону дапаўненьняў пры адмоўях таксама ня ведае й ужывае нармальна роднага склону. Гэтая зьява ўвайшла ў расейскую літаратурную мову пад уплывам неславянскіх заходняэўрапэйскіх моваў, галоўна нямецкай (за пасярэдніцтвам жыдоўскага жаргону расейскае мовы) і асабліва пашырылася ў савецкія часы й асабліва ў мове газэтна-публіцыстычнай. Таму гэтая сынтаксычная форма павінна разглядацца наўперад як зьява саветызацыі самой расейскай мовы, адкуль яна пранікла й пашырылася ў беларускай мове, як зьява русасаветызацыі.
У беларускай мове дзеяслоў вучыць, навучаць, павучаць у ролі выказьніка ў сказе кіруе далейшым дапаўненьнем у родным склоне, тымчасам як у расейскай мове ў такіх выпадках вымагаецца давальны склон. У сяньняшняй беларускай літаратурнай мове БССР абедзьве формы - з родным і давальным склонам - выступаюць ужо паралельна, і то ў абедзьвюх катэгорыях разгледжаных намі тэкстаў. Вось колькі прыкладаў з гэтым русіцызмам: Люда Кляўшыц забывае ўжо тое, чаму яе вучылі ў тэхнікуме (ТХ-ДП, 231), заміж: чаго яе вучылі; Леначку шмат чаму трэба вучыць (УК-ВЛ, VIII, 1960, 76), заміж: шмат чаго трэба вучыць; Будзем вучыцца ў іх дысцыпліне (УК-ВЛ, VII, 1960, 50), заміж: вучыцца дысцыпліны; навучае гэтаму іншых (МП-ЗП, III, 1956, 63), заміж: навучае гэтага; ён і рухавік пусціў, і Кузьму навучае справе (ПБ-КЗР, 329), заміж: навучае справы; Многаму ў іх, вопытных хлебаробаў, трэба павучыцца (АБ-ДЛ, 175), заміж: многага павучыцца; Круглы год яны вучаць людзей аграправілам (тамсама), заміж: вучаць аграправілаў; Вядома, такое «апісанне» нічаму не навучыць (КБ, 71), заміж: нічога не навучыць; асабістым прыкладам вучылі іх мужнасьці і адвазе (ГБССР, 427), заміж: вучылі мужнасьці і адвагі, і г.д.
У беларускай мове дзеяслоў дзякаваць у якасьці выказьніка ў сказе кіруе давальным склонам, тымчасам як у расейскай мове адпаведных яму дзеяслоў благодарить кіруе вінавальным склонам. У сяньняшняй беларускай літаратурнай мове БССР, побач зь перавагаю правільных для яе формаў, пачынаюць ужо часамі зьяўляцца й расейскія формы. Прыкладам: Усе выступаючыя горача дзякавалі Савецкую Армію (ГБССР, 418), заміж: дзякавалі Савецкай Арміі, і г.д.