Я любіў мыць ёй валасы. Яна прыходзіла да мяне ў лёгкай сукенцы, у сваіх амаль нябачных туфлях, і прывозіла каву ў пакеціках, і распавядала пра тое, што ніяк ня можа звыкнуцца з тым, што яна ўжо не студэнтка, пра тое, што кожны дзень адчыняе шуфляду стала й бярэ ў рукі дыплём, што ўчора прыяжджала цётка, і бацька ледзь не сарваўся, давялося на ім віснуць, каб не куляў чаркі, і так год за годам, і што атрымалі ліст ад брата – я сам зьдзіўляўся сваёй цярплівасьці, сваёй цікавасьці да яе аповедаў, я яе ніколі не перапыняў, а потым засьпяваў яе на кухні, калі яна нюхала незадаволена свае падпашкі, і сам нюхаў іх, і мы пасьпешліва йшлі ў залю, узяўшыся за рукі, і кахаліся. А яна не перапыняла сваіх гісторый і спрабавала ўявіць сабе будучую працу ў Цэнтры дзіцячай творчасьці, а я думаў: вось, дажыўся, яна ж заб’е мяне сваёй балбатнёй, але мая ўвага мне не папарадкоўвалася, мы зноў пілі каву, і мая галава балела – і тады я йшоў мыць ёй валасы. Яна распраналася ды залазіла ў ванну, пакорліва схіляла галаву пад струмень, я стаяў напагатове з шампунем у жмені ды пачынаў рытуал – я мог важдацца зь яе валасамі доўга, нібы дзіця ў пясочніцы, будуючы зь пены й валосься ўяўныя зоркі ды сьпіралі... Яна стаяла на каленках, з заплюшчанымі вачыма, у белай кароне, і толькі зрэдку, трымаючыся за край ванны й раз-пораз закранаючы кіпцямі маё сьцягно, выцірала вольнай рукой лоб. Мноства нязначных падрабязнасьцяў праступае на гэтым чыстым аркушы, нібы над ім расьціснулі вішню, і сок маляўніча запырскаў тое, міма чаго заўсёды абыякава прасьлізгваў заклапочаны погляд. Яна ніколі не змывала шампунь пад кранам, не, я браў загадзя падрыхтаваны тазік з вадой патрэбнай тэмпэратуры ды асьцярожна, як старажытны цырульнік, выліваў, нібы храсьціў яе – людзі з мокрымі валасамі выглядаюць больш шчырымі, больш адкрытымі, у іх безабаронныя вочы. Яна абхоплівала сябе рукамі ды дрыжэла. Я ня зводзіў вачэй зь яе сьпіны, якая плаўна сплывала ў цёмны жалабок, з ружовай шыі, дзе толькі што варухнулася радзімка. Мыць жанчыне валасы – ці ня самая інтымная ласка. Паспрабуй пацягніся прагна ніжэй – і чароўнасьць пагасьне, нібы цудоўны таямнічы верш скончыўся раптам грубым палітычным заклікам.

Яна так любіла распавядаць пра сябе. Няхай жа цяпер пра Вераніку распавядае яе цела.

***

Яны былі толькі сьведкамі ў той дзень, валасы Веранікі. Апускаліся б яны ніжэй – магчыма, дасталося б і ім, але яны толькі прыкрывалі вушы, і таму нічога не замінае цяпер пабачыць на голай шыі, што паволі губляе свой густы гішпанскі колер, канчатковы, цьвёрды, з націскам росьпіс: пунсовыя паўмесяцы глыбокіх драпінаў, асабліва бязладных з правага боку, ды некалькі тлустых кропак крывападцёкаў, некаторыя пад самым падбародзьдзем. Яна супраціўлялася, Вераніка, і, відаць, узгадала ў тыя цягучыя, бы патака, сэкунды, як калісьці яе, дзяўчынку ў белай сукенцы ды з манэткамі, заціснутымі ў кулаку, вось так ужо выпрабоўвалі, не ўяўляючы межаў, але гэтым разам учэпістыя пальцы, якія леглі на яе горла, цудоўна ведалі, дзе пралягае мяжа, ды праглі за яе вырвацца...

Такім чынам, росьпіс быў пастаўлены – паглядзім, ці здолеем мы разабраць почырк. Не, пакуль ня здолеем, графоляг возьмецца за працу пазьней, пакуль ён заняты іншымі, тымі, хто мог таксама стаць нашай Веранікай, але ня стаў, і таму ўсё яшчэ сядзіць у калідорах або пытаецца ў хваста чаргі: “хто апошні?”. Ну, у кабінэце ўсё ж ёсьць нешта, што не падлягае сумневу – завялікі, як сказаў бы мой сябра-прадавец на рэчавым рынку, чалавек у куце, які выстаўляе перад сабой растапыраныя пальцы, чалавек-гара, які запоўніў сабой усё памяшканьне ды воблакам выходзіць праз шчыліну ў вакне вонкі, ён засланіў сабой сьвет, зь вялікай і маленькай літараў.

Асноўным, вызначальным фактарам у генэзе нядаўняй падзеі зьяўляецца сьцісканьне сонных артэрыяў, верхнегартаннага ды блукаючага нэрваў. Некаторыя з агульных прыкметаў ужо можна назіраць, астатнія выявяцца крыху пазьней, а далей па калідоры ёсьць дзьверы, за якімі ўжо выкрасьлілі імя Веранікі з тэлефонных даведнікаў, а яшчэ далей ёсьць кабінэт, у якім яе хатні тэлефон так і не змаглі запомніць. Там, дзе калісьці ляжалі яе валасы, куды яны спадалі, на чым яны бруіліся... – там засталася толькі растрывожаная да гістэрыкі скура, яшчэ цёплая, а пад ёй трошкі цягліцаў, як ігліцы на высахлай елцы, а глыбей – глыбей абшырнае кровазьліцьцё: напрыклад, у тоўшчы языка, – для таго, каб яго пабачыць, трэба трохі разрэзаць Вераніку. Тыповыя таксама пераломы пад’язычнай косткі ды шчытападобнай костачкі, костачак гартані. Ня ведаю, ці знойдуць калі-небудзь гэтыя пашкоджаньні, якія ўжо ні на што не ўплываюць. Аднак валасы, валасы Веранікі, – яны яшчэ растуць, хаця гэтага й не заўважыш няўзброеным вокам, Веранікі ўжо няма, а валасы цягнуцца ўверх са сваіх маленькіх мяшэчкаў, сьляпыя валасы, толькі дзякуючы ім нас можна назваць хлусамі, калі мы разгублена кажам, што Вераніка болей не існуе.

***

Перейти на страницу:

Похожие книги