Яе першая інспэкцыя прыпала на вогкі, дажджлівы ды ветраны дзень, у такія дні прастуда асабліва ахвотна прапануе свае паслугі, а калі яе й не падчэпіш, усё адно пачуваешся так, нібы ў цябе ў носе завёўся сантэхнічны грыбок. А дзявятай пятнаццаць белы службовы аўтобус ужо чакаў іх каля адміністрацыі, але яны – Вераніка, Ларыса, Ён, яшчэ парачка людзей зь іншых аддзелаў ды вусаты журналіст – былі вымушаныя стаяць, накінуўшы капюшоны, ды чакаць Чэслава Карлавіча, той прыехаў на таксі і нават не папрасіў у іх прабачэньня, хаця мог бы, дарма што начальнік.
Вераніка слаба ўяўляла сабе, колькі гэта – семдзесят кілямэтраў у часавым вымярэньні, ёй чамусьці здавалася, што дарога зойме хвілінаў дваццаць, ня больш. Аднак мінула амаль паўтары гадзіны, пакуль яны дабраліся, Вераніка ледзь не заснула, і толькі Ягоная мілая патыліца – Ён сядзеў побач з Карлавічам – надавала ёй моцы. Лягер звонку нагадваў зачынены на рамонт санаторый, прыемна было выйсьці на сьвежае паветра пасьля млоснае аўтобуснае цеплыні, а потым выпіць гарачае гарбаты ў сталовай камэндатуры. Ісьці нікуды не хацелася, яны сядзелі цесным колам за столікам, на якім пяшчотна апускаў вочкі букет палявых кветак, і слухалі нязмушаную гамонку Чэслава Карлавіча ды камэнданта. У куце сьнедаў малады стрыжаны ахоўнік ды чырванеў ад добразычлівых позіркаў Веранікі, яна замінала яму сваёй увагай, і гэта таксама было прыемна. За вокнамі паціху распагодзілася, і пакрытая гусінай скурай раніца ўспрымалася ўжо зусім як перадсьвітанкавы кашмар. “Ну, міласьці прашу,” – падняўся нарэшце камэндант зь месца ў адказ на запытальны погляд Карлавіча, і яны прайшлі праз ярка асьветленую чараду строгіх зялёных памяшканьняў, закратаваныя дзьверы рыпнулі ды адчыніліся; у Веранікі пацелі далоні, і яна заклала рукі за сьпіну.
Яны апынуліся на шырокім двары, завярнулі за рог, і Вераніка пабачыла доўгі шэраг белых аднапавярховых будынкаў. Вартавыя на вышках адразу заўважылі іхную маўклівую кампанію, павыкідалі недапалкі, выпрасталіся, камэндант весела пагразіў ім пальцам. Вераніка імкнулася не адставаць ад Яго, яна адчувала недзе ўнізе жывата, што толькі Ён, і ніхто іншы, здолее абараніць яе, калі што, у гэтым небясьпечным месцы. Ён ішоў, неяк зусім па-новаму, па-чужому сьцяўшы вусны, у яго была хада моцнага чалавека, паходка сапраўднага мужчыны, і Вераніка адчайна імкнулася не любавацца ім адкрыта. Воддаль, праўда, усьлед за імі, рухаліся ахоўнікі, але ж занадта далёка, як падавалася Вераніцы; здарыцца нешта – яны ж не пасьпеюць, дый зброя ў іх – толькі дубінкі, што выглядалі надзвычай непераканаўча. Інспэкцыя між тым збочыла ды яны ўвайшлі ў адзін з будынкаў. Унутры ён нагадваў казарму, Вераніка ведала, як выглядаюць казармы, езьдзіла неяк да брата, калі той служыў, і ім паказвалі, было якраз нейкае сьвята... Чыста засьцеленыя ложкі, тумбачкі, плякаты... Наступны пакой быў не такі, тут на сьценах віселі пажоўклыя фатаграфіі, быў беспарадак, сохлі нечыя нагавіцы на вяроўках, стаяў пад ложкам дзіцячы гаршчок, на паліцы сярод кніг задраў уверх вочы тоўсты кітайскі бажок. Фотаапарат журналіста ажыў, зачырыкаў цікаўнай птушкай... “Выйшлі прагуляцца”, – патлумачыў камэндант, махнуўшы рукой на вокны, праз мутныя разводы на якіх прабівалася сонца. Яны зайшлі ў яшчэ адзін пакой, на канапе ляжаў стары фашыст ды чытаў з атрутнай усьмешкай газэту, ён скасавурыўся на візытантаў, але зрабіў выгляд, што яго гэта не датычыцца, толькі памяняў месцамі закінутыя адна на адну ногі ў цёплых шкарпэтках. Камэндант з гаркотай уздыхнуў ды разьвёў рукамі перад тварам Чэслава Карлавіча. Вераніка з абурэньнем пазірала на фашыста, гэта ж трэба, хамства якое, ёй хацелася хаця б што-небудзь сказаць, ці заахвоціць да дзеяньняў ахоўнікаў, якія замерлі ў дзьвярных проймах.
“А я вось цябе адразу пазнаў, Панасенка,” – прамовіў раптам Чэслаў Карлавіч. “І не ўдаю, што мы незнаёмыя...”. Панасенка кінуў на іхную кампанію паўзьверх газэты ўважлівы погляд ды нехаця сеў, пачасаўшы калена. “Як маешся, Панасенка? Хаця што гэта я: маешся, адно слова...” Чэслаў Карлавіч задуменна зірнуў на сьцяну з фатаграфіямі. Панасенка дрыготкімі рукамі надзеў акуляры ды ўтаропіўся на інспэктараў, аднак позірк ягоны нічога асаблівага не выяўляў. “Скаргі ёсьць? Можа, пажаданьні?” – Чэслаў Карлавіч зрабіў знак Вераніцы, і яна пасьпешліва дастала блякнот, забыла загадзя дастаць, вось разява. “Можа, доктара выпісаць больш дасьведчанага, а то гэты ваш... Ён жа толькі нядаўна з мэдінстытуту...”. Фашыст паматляў паволі галавой. “Панасенка...” – працягнуў Чэслаў Карлавіч няўхвальна. “А мог жа жыць як чалавек... Стары хворы дурань, а туды ж, у фашысты...”. Камэндант стаяў побач з такім выглядам, быццам заляпіў бы зараз Панасенку аплявуху, лёгка так, добразычліва, ад перажываньняў за лёс гэтага дурня... Міжволі ўтварыўшы ў дзьвярох кароткачасовы натоўп, яны выйшлі.