Добра, што з'яўляецца, скажам, «Мост» А. Станюты. І арганічна, як заўважыў А. Рагуля, «моўнай культурай і эмацыянальнай танальнасцю ўпісваецца ў традыцыі нацыянальнай прозы». Справядліва заўважана. Але, мне здаецца, не толькі ўпісваецца. Нешта і дадае. Шмат у чым спрыяе таму, пра што мы вядзём гаворку. Жанрава-стылёвай разнастайнасці. Кампазіцыйная пабудова, што нагадвае сцэнарый для кіно, лаканічнае пісьмо, назыўныя «стаката» прадуманых сказаў, дасціпныя выразы, накшталт: «Закруціліся, забубніліся ў розных добрых пажаданнях, прывітальных размовах, укаталіся ў словах». «Укаталіся ў словах» — трапна сказана. І з поваду пільна заўважанага. З тых эпізодаў, калі ў прыватна-асабістым праглядваецца сацыяльнае. Укаталіся ў словах, загразлі ў балбатні, кідаем урачыстыя «блокі слоў», звыклыя трафарэткі, забыўшыся пра сэнс таго, што адбываецца. Вось і атрымалася. На пахаванні сухастойна-казённую прамову скончыў чалавек словамі: «У добры час...»

Увогуле ў аповесці многа «ума холодных наблюдений и сердца горестных замет». У тым ліку і такіх, дзе праглядвае нестандартны, тонкі інтэлект крытыка А. Станюты, з добрым поцягам да жыццёвай развагі. Як гэтая замалёўка на могілках: «Нягучныя галасы людзей, занятых тут як бы зусім будзённымі, ледзь не хатнімі справамі, яркае сонечнае святло, пах свежай, прагрэтай травы і мерны гук далёкага самалёта ў летнім небе — усё гэта было такім, што хацелася ўяўляць — і ўжо здавалася,— нібы нікога больш не будуць з плачам апускаць у зямлю не тое што тут..., але ўжо нідзе і ніколі... Як быццам гэта адбывалася раней, а цяпер ужо — усё, скончылася назаўсёды, і людзям засталося толькі бываць тут...»

Аповесць цікавая і каларытам першых дзесяцігоддзяў пасляваеннага гарадскога жыцця, што, зноў згадаем, нячаста трапляе на старонкі нашай прозы. І галоўнай думкай, вобразна выяўленай,— сувязь, мост паміж мінулым і сённяшнім. Сімвал, як для А. Станюты, можа, занадта пастаўлены ў адну плоскасць, надае лінейны напрамак складаным асацыятыўным сувязям, якія ўспрымаюцца ў шматлікіх вымярэннях. Асабліва адчуваецца гэта ў той лініі аповесці, што мае на мэце згадаць юначае каханне героя.

Не хацелася б, каб гэта ўспрынялося як закід наконт таго, што сам А. Станюта лічыць стратай «неабходнай вышыні погляду і думкі». Не. Проста мне здаецца, што творчыя рэзервы А. Станюты даюць падставы чакаць ад яго высокага выяўлення мастацкай логікі. Хацелася б спадзявацца, што гэта не спарадычнае яго выступленне ў прозе. Хаця сам пісьменнік заўсёды вырашае, дзе і як сказаць сваё галоўнае слова. Незалежна ад нашых суб'ектыўных уяўленняў.

Вяртаючыся да таго, што мы заўважаем амаль кожную спробу пашырэння традыцыйных межаў пісьма. Вось і з'яўленне У. Арлова не пакінулі без увагі. Сам ён, калі меркаваць па яго дыялогу з Т. Грамадчанка («Маладосць», 1985, № 7), успрыняў гэта прыблізна так. Узрадаваліся: «Глядзіце, хто прыйшоў!» І не без добрага кпіну кінуў, нават «обронил»: «Чамусьці самі крытыкі імкнуцца стаць «сваімі» калі не для ўсіх, дык, прынамсі, для большасці пачаткоўцаў». Мае рацыю. Занадта часта чуваць у нас «велічальныя спевы бардаў» (А. Бачароў). Але, што зробіш, не спешчаны мы разнастайнасцю, пры вялікіх дасягненнях традыцыйнага пісьма.

Перейти на страницу:

Похожие книги