А ў Арлова з'явіўся герой-сучаснік, малады (!), «дэфіцытны» персанаж, ды яшчэ які, ды яшчэ з нейкімі духоўнымі памкненнямі, усведамленнем не на ўзроўні першапачатковых жыццёвых радасцей, з разуменнем супрычаснасці да гісторыі свайго народа, да яго культуры, супрычаснасці дзейснай, актыўнай. Як не заўважыць? А яшчэ і зусім прыстойная беларуская мова. У апавяданнях гістарычных веданне рэалій часу, абставін гістарычных, не похапкам зграмазданых сітуацый. Як не заўважыць? Праўда, нельга не заўважыць і другога. Занадта шчыльную блізкасць да ранняга Караткевіча. У. Арлоў сам падкрэслівае сваю духоўную спадчыннасць з гэтым таленавітым пісьменнікам, у тым жа дыялогу з Т. Грамадчанка: «...наша пакаленне адчувае адказнасць за працяг і развіццё традыцыі, заснаванай Уладзімірам Караткевічам». І добра, што адчувае адказнасць. І вельмі важна. Але ці варта рабіць традыцыяй і тое, што Караткевічу даравалася за незвычайны талент, за імпэт першапраходцы (не будзем кананізаваць таленавіцейшага пісьменніка, гэта яму не патрэбна, ён столькі і так зрабіў для беларускай літаратуры і культуры, што зменшыць яго значэнне немагчыма). Дык у Арлову таксама вабіць, захапляе нават тая ж апантанасць культурай і гісторыяй роднага краю, пэўнасць станоўчых ідэалаў, рамантычная прыўзнятасць, зацікаўленасць духоўным светам сённяшняга гараджаніна і яго продкаў, што здзяйснялі свой жыццёвы шлях як усвядомленае быццё. Як і ў Караткевіча. Што, безумоўна, будзе «рэкрутаваць» чытачоў Арлову. А тым больш нельга не заўважыць, што ў Арлова тая ж звышкрайняя патэтыка — але ў Караткевіча яна ўраўнаважвалася гумарам і іроніяй. Шматслоўе — у Караткевіча яно не тое каб апраўдвалася, але ў нейкай меры кампенсавалася Нястрымнасцю творчага тэмпераменту, невераемнай эрудыцыяй, выбуховым шалам таленту. І — яркасцю, дасціпнасцю мовы. У Арлова, згадаю яшчэ раз, добрая беларуская мова, але пакуль што той хвацкасці, агністасці пісьма, што ў Караткевіча, няма. Таму, магчыма, і шчырае хваляванне героя падаецца высакапышпым, калі не фальшывым, а героі часта нагадваюць герояў ранніх апавяданняў і аповесцяў Караткевіча, можа, крыху «гарадской» прозы Стральцова. Больш, безумоўна, першага. Хаця, да прыкладу, такое апавяданне, як «Віта», калі паступіцца ў ім псеўдаэсатэрычнымі захапленнямі героя Мантэнем і кніжнымі рарытэтамі на паліцах гераіні, дае магчымасць пабачыць і тонкі псіхалагічны малюнак, і ўменне задумацца над няпростымі пытаннямі жыцця. А гістарычныя апавяданні накшталт «Пяць мужчын у леснічоўцы» або «Місія папскага нунцыя» даюць падставы чакаць і сапраўды працягу традыцый у асэнсаванні мінулага. Пісьмо тут больш строгае і дакладнае, як у сучасных апавяданнях, аднак паралелі з ужо чытаным, і не толькі ў Караткевіча, узнікаюць, у сітуацыі, характарах, канфлікце. Вось што падаецца вельмі важным і так патрэбным беларускай літаратуры — спробы выхаду У. Арлова не так каб да адчування сучаснай плыні жыцця, але да нейкіх глыбінных, свядомасных яе пластоў. У аповесці «І вярталіся мы...», можа, найбольш. Часопісны яе варыянт цікавы, але надта ж эскізны, сюжэтна даведзены да канца, аднак і характары, і сітуацыі, і праблемы толькі пазначаны, не праяўлены. Хаця спробы роздуму вельмі значныя, так і чакаеш працягу дзённіка Рамана Галубовіча.
Як мне падаецца, адзін з найбольш моцных бакоў вопытнага В. Гігевіча таксама імкненне да ўскосна-простых выхадаў да чытача з роздумам, імкненне выслабаніцца, імкненне ўзняцца над падзейным. Хаця выявіць гэта бывае няпроста ў стракатай фактуры тэксту. Імя празаіка згадвалася ў гаворцы даволі-такі многа, і не выпадкова. Нават калі прааналізаваць усе страты і пралікі яго прозы, магчыма, не заўсёды дакладна па-мастацку асэнсаваны вопыт назіранняў жыццёвых, дык нельга не аддаць належнае яго спробам. Ён імкнецца намацаць кірунак на не абжытых літаратурных «пляцах». Маю па ўвазе беларускую літаратуру. Таму, магчыма, і ёсць спакуса азірнуцца на рускіх і замежных калег. І цяжка адбіцца ў новых сферах ад набытага, звычнага вопыту. І знайсці свой шлях.
А шляхі... Яны заўсёды розныя. І трэба, каб рознымі былі. Мне хацелася б яшчэ раз паўтарыць гэта. Толькі не варта ў прозе шукаць панацэі ад усіх бядот у адным нейкім жанры ці напрамку, як, скажам, робіць у дачыненні да крытыкі С. Дубавец у дыялогу з В. Даўнісам — эсэ, і толькі, пажадана эсэ не крытыкаў, а празаікаў. Але ж — куды падзенешся без рабочай рэцэнзіі, праблемнага артыкула, погляду на літаратуру 198... года. Так і ў прозе. Галоўнае — каб слова было не марнае.
ШТРЫХІ, АБРЫСЫ, РЫСАЧКІ
«САМАЕ НАДЗЕЙНАЕ, МАЁ...»