Рыгор Барадулін ніколі не праміне выпадку паспрыяць, каб хутчэй выйшла таленавітая кніга паэта — ці з ліку творчых равеснікаў, ці з плеяды старэйшых. Зноў жа — з сапраўднай зацікаўленасцю, з асэнсаваннем свайго грамадзянскага, літаратурнага доўгу. Праца — таксама творчасць. Не служба. А час — катэгорыя няўмольная. Страчанае не вяртаецца.
Паэт гэта вельмі добра адчувае. Свядома, мабыць, толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. Натуральна. Не будзем шукаць у яго відавочна выяўленыя, скажам, гегелеўскія «знешне-быццё», «па-за сабой-быццё», «сабе-быццё» або іншыя формы гнасеалагічнага стану. У Рыгора Барадуліна традыцыйныя формы мастацкага часу. У ранняга Барадуліна — час канкрэтны, часцей за ўсё час імгненняў, фіксаваных момантаў уражанняў:
Час у ранняга Барадуліна сінкрэтычна звязаны з прасторай, у ім першароднасць і вечнасць прысутнічаюць як нешта, што існуе само па сабе, як неўсвядомленая дадзенасць, як натуральны дар жыцця. Падзея фіксуецца як бы з лёту.
І нават час у гістарычных і дакладна вызначаных межах ён абавязкова разамкне вобразным рашэннем:
Праўда, тут ужо не так разамкнёнасць часу, як выхад у «вялікі час» («вякі прыціхалі»), у час пераемны, у вечнасць. Выхад, які так адчувальны ў творчасці сталага Рыгора Барадуліна:
Сталы Рыгор Барадулін усё больш востра адчувае, якія мройлівыя, хісткія імгненні, з якіх ствараецца шыццё чалавека, жыццё, што не так даўно здавалася роўным вечнасці. Здавалася, наперадзе доўгае, амаль бясконцае жыццё, канец так фантастычна далёка, што здаецца проста нерэальным. А тут раптам відавочна сталі знікаць, адлічвацца не толькі імгненні і гадзіны — гады. «Дзе тая зязюля, што мне вякі вешчавала?» («Дзе тая зязюля?..)
Самым надзённым становіцца для паэта клопат — жыць адпаведна людскім законам і законам прыроды: «Ляці са сваімі гадамі,/ Пільнуйся сваёй чарады...», «Каб юныя не гагаталі/ З цябе над захмарнай градом,/ Лупай/ Са сваімі гадамі,/ Знікай/ Са сваёй чарадой» («Ляці са сваімі гадамі...»). Узнікне ў паэта і нармальнае чалавечае жаданне: «Белагаловым дай мне, доля,/ У чорную сысці зямлю» («Чорна-белы напамін»).
І так нязвычна для былога Рыгора Барадуліна будзе задумвацца над спрадвечным кругаваротам у прыродзе:
І пачынаеш, маючы па ўвазе думку паэта, разумець сэнс старажытных слоў: «І памёр... у старасці, насычаны днямі». Менавіта — насычаны днямі, чалавек увабраў у сябе дні свайго жыцця, пражыў іх — і. пайшоў з імі. Маючы іх.
Канечне, час няўмольны. Аднак задаючы сабе пытанне: «У госці хіба да казкі прасіцца?», аддаючы шчодрую даніну самым розным праявам умоўнасці мастацкай творчасці, фантазёр і выдумшчык, Рыгор Барадулін пакуль што не імкнецца да гэтага жанру. Для яго характэрны вось такі паварот вобразнай думкі, паэтычная фантазія, але не ілюзія: «Уцякала зіма ад вясны/ Па кустах вербалозаў рагатых./ Ёй каптан абарвалі яны,/ і на голлі матляецца вата», «І ўцякала зіма ад вясны,/ Пад нагамі ламачча затлела,/ Парастрасала па сцежках лясных/ Снег апошні свой з ландышаў белых» («Уцякала зіма ад вясны»).