У пасляваенным жыцці ўсё набыло асаблівую самацэннасць, сцвярджалася ў сваёй самазначнасці. Кожны чалавек, кожнае дрэва. Кожны ацалелы дом, кожны кавалак скупога пасляваеннага хлеба. Кожная спроба абавязкова наладзіць жыццё. Мірнае жыццё. Магчыма, таму гэта так адбілася ў памяці, што ніводзін крытык не змог устрымацца ад цытацыі. «Мы з маці — усёй сям'ёй/ рэзалі дровы зімою./ Два крокі я йшоў за пілой,/ тры крокі — назад з пілою» («Трыпціх»), Маці паэта Куліна «сталярыла і цяслярыла без гэбля, без ватэрпаса», з дапамогай людзей стварала свой дом, не ачаг, у пераносным сэнсе, а менавіта будавала хату, наладжвала жытло. А потым імкнулася, каб цяпло не сыходзіла з хаты, заўсёды быў у ёй жывы агонь. Вогнепаклонніца — як з ласкавай захопленасцю назаве яе пазней паэт.

З вершаў пра маці ў Рыгора Барадуліна ўвогуле можна скласці некалькі асобных цыклаў, як існуюць, скажам, цыклы аб Прыгожай даме, аб мадонне. Нават не магу прыгадаць паэта, у якога было б так многа напісана пра маці. Тут адчуваюцца і чыста «сямейныя» карэнні, уплыў культурна-бытавога ўкладу, ахоўніцай якога была раней перш за ўсё маці, тая, што шыла ўсяму сялу, толькі «долю ніцаваць не ўмела», «кужаль злыбяды ў слязе вымочвала» («Быў амаль з іголачкі апрануты...»), якая папераносіла азёры вёдрамі («Мама»), добра зведала горкую ўдовіну долю. але ў паэта адчуваецца яшчэ і іншая сувязь з маці: ад яе — слова роднае, «матчына мова»; ад яе — дар, талент, «матчыны песні»; з ёю сувязь не толькі кроўная, але і духоўная («І кожны радок быў да сэрца прытулены,/ што біблію слова матулінага берагу»); ад яе — разуменне высокай красы («краса матуль адданасцю святая»). Таму, мабыць, у яго паэзіі, трывала прысутнічае тэма доўгу перад старэйшымі пакаленнямі, пачуццё сыноўняга абавязку:

Наведвайце бацькоў,пакуль яны жывыя,Пакуль дымяцца коміны —пагрэйцеся ў бацькоў.Калі адчай вякоўгайнёй ваўкоў завые,Не трэба анікому ён,сум ля сляпых слупкоў.«Наведвайце бацькоў...»

Зямля людзей, Радзіма, Беларусь. Самае роднае месца па зямлі — Ушаччына, маці; усё гэта знітавана ў памяці і творчасці, паэта, у сталай суразмеранасці і непарыўнасці прыватнага вопыту і грамадзянскага, грамадскага. Маштаб асобы: паэта ўзбуйняецца ў судакранальнасці да маштабу тэм, глабальныя тэмы набываюць асабістае, але не камернае гучанне. І ў паэта заўсёды ёсць адчуванне асабістай маральнай адказнасці, калі выкарыстаць словы А. С. Пушкіна, «боязнь солгать на народ».

Паэт не любіць дэкларацый, у яго няма парадных вершаў. Але ён валодае ўменнем наладжвацца на пэўную частату перажыванняў, імпульсаў. Можа, часам нават крыху спяшаючыся ў нейкім дыяпазоне змясціць больш таго, чым можа агораць гэтая хваля прыёму. І тады чытач міжволі адчувае штучную гарманізацыю часцей цэлага, шматгалоссе, але як бы яшчэ з відавочнай пробай інструментаў. Праўда, чытач бывае звычайна ўзнагароджаны — інструментам сваім, словам, паэт валодае як сапраўдны майстар. І ўзяўшы некалькі пробных фіярытур, ён абавязкова выйдзе на чысты і поўны гук:

Колькі год Беларусі?Колькі дочкам, сынам,Колькі радасці, скрусе,Колькі снам, курганам...Колькі крэўнаму слову,Што вяшчуе святло,Небу, што крутаброваМаладзік узняло.«Спадчына»

Вось гэтае здаўна крэўнае слова — заўсёды асобы, трапяткі клопат паэта. Праўда, яго часам папракаюць — больш не ў друку, на словах: версіфікатар, лавец метафар. Што ж, канечне, «розум не можа быць задаволены юнымі цацкамі гармоніі» (А. Пушкін). Але ці цацкі гэта? Гэта форма, у якой укладваецца матэрыял рэчаіснасці, рэальнасці, зразуметай у самым шырокім сэнсе. Гэта ўрокі паэтыкі нястомнага вучня, які імкнецца авалодаць усімі сродкамі абранага высокага рамяства. Ён цвёрда ўпэўнены, што талент яму дадзены для «протраты» (М. Цвятаева), а не для накаплення. І ён не збірае багацце, выдаткоўвае яго. Прапануючы нам паганскае буйства метафар:

Пазавязвала памяць стагоддзяўНе ўпотайРэк і дрэў караністых вузлоў.Васількі тваіх вочУзыходзяць пяшчотай,Беларусь —Бераг белых буслоў.Млечны Шлях васількоўЗ-за хмурынкі мурожнайІ ў чужыне асветліць шляхі.Рыпнуць весніцы дняЦішынёю марознай,Бліскавіца нап'ецца з ляхі.«Спадчына»
Перейти на страницу:

Похожие книги