Ясная, відавочная, усвядомленая рэальнасць свету займае паэта. І вось што цікава — многае фіксуецца як быццам бы хранікёрам («Дома», «Дзень добры, інтэрнат», «Трэба дома бываць часцей...», «Стэарынавая свечка», «Інтэгралы на цэгле», «Віцебск асенні», «Чарсцвяды», «Азёры Ушаччыны»), нібыта выпадкова, хаатычна падаюцца падзеі, эпізоды («У верасня — свой, асаблівы пах...», «Пра бароды і маю радаслоўную», «А быў я ў вясны палонны...», «Лісток ушачскай восені», «Бяроза з лістам гаварыла...», «Заінелая Ушаччына», «Маналог лугу», «Мне дома цяжка заснуць...», «Сады»), але праз гэтую хаатычнасць, уяўную, і ўяўную выпадковасць праглядвае сутнасць рэчаў. Сэнс адчуваецца і за межамі фактаў і ў іх саміх.

Мне дома цяжка заснуць,Пакуль ува мне засынаюцьНеба, ад жаўранкаў ажаўранелае,Што для мяне іх раней разбудзіла;Нечапаныя вішні ў цвеце,Якім нецярпіцца зірнуць у студню;Дзьмухаўцы-жаўтароцікі,Ад вугольчыкаў пчолаў пякучыя;Рэчка, дзе плёхае пранікам плотка,Мыючы дзецям сваім кашулі;Луг, дзе трава раскашуецца.Як маладая мая чупрына даўно...«Мне дома...»

Безумоўна, у гэтым вершы, як і ў многіх іншых, відаць светаадчуванне паэта, яго натуральнае знаходжанне ў свеце, яго нармальныя, па-за комплексамі, суадносіны з прыродай, натурай самой па сабе, і з прыродай рэчаў і з'яў. Аднак — і факты, існаванне жыццёвых рэалій гаворыць само за сябе: першародная свежасць квітнеючых вішняў, вясновая вясёлая трава — гэтыя арганічныя, абавязковыя пачаткі жыцця сваёй самавідавочнасцю вызначаюць жывое жыццё, надаюць сэнс мастацтву і без абстрактна-лагізаванага мыслення. Субстратаў сутнага мы ў яго, мабыць, не знойдзем, але затое як ён умее падаць канкрэтныя рэаліі, даць дакладную псіхалагічную афарбоўку з'явам вялікага сацыяльнага і грамадзянскага гучання, вобразна выявіць падзеі рознай значнасці. Акрэсліваецца характарыстыка часу, выяўляецца рэчаіснасць некалькіх дзесяцігоддзяў XX стагоддзя, ствараецца сацыяльная панарама.

Жыва і душэўна насычана садзейнічаюць стварэнню характарыстыкі часу хрэстаматыйна ўжо вядомыя: «Палата мінёраў», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Багатая Камароўка», «Трыпціх Ушаччыны», «Выкладчыцы роднай мовы» і, менш кранутыя ўпамінаннямі і аналізам, больш познія па датах напісання: «Яблыні», «Хат болей, чым людзей...», «Вытокі», «Жыццялюбамі землякі былі...», «Праходжу паўз дамоў...». З'явы, факты, штрышкі, дэталі, заўвагі — а ў вершах выяўляецца вопыт паэта і яго пакалення. Вопыт часу. Вопыт, перададзены папярэднімі пакаленнямі. Жыццёвы, філасофскі вопыт. Вопыт культуры. Паэт усё гэта спяшаецца засвоіць, ухапіць, запомніць. Перадаць. У яго настойлівая патрэба пазначыць словам усё. Згадаем хаця б яго даўнія, такія, здавалася б, непраграмныя вершы — «Слаўлю чысты абрус...» і «Памытая падлога». Якое рэдкае ўмельства зірнуць пільным вокам паэта на самыя звычайныя рэчы. Будзённыя. Нездарма ён уключыў гэтыя вершы і ў сваё выбранае і ў двухтомнік. Уваходзяць яны і ў кнігі перакладаў паэта.

Але давайце лепш яшчэ раз прачытаем:Толькі што памытая падлогаПачынае пахнуць борам густа.Зноў, здаецца, слухаеш падоўгу,Як звіняць галін сасновых гуслі.Млосна ад малін у расцяробах.Дзяцел грукне ў цішыні чмялінай.Выцірайце ногі.Асцярожна!Вы ступаеце па вершалінах!..«Памытая падлога»

Дарэчы, пра гэта ўжо пісалі. Як увогуле многа і шчодра пісалі пра Барадуліна. Рыгор Бярозкін, Міхась Стральцоў, Варлен Бечык, Васіль Зуёнак, Рыгор Семашкевіч, Вольга Іпатава... І... і... і... Бібліяграфія заняла б добрыя старонкі... Ёсць і першая кніга пра Рыгора Барадуліна.

Але — вяртаючыся да галоўнага прадмета размовы. Рыгор Барадулін не ўмее быць пасіўным. Не ўмее маўчаць, калі яго нешта хвалюе. А хвалююць яго і пытанні дня, і лёс планеты. І ўрокі апошняй вайны. У тых вершах, што ўжо згадваліся, і ў многіх іншых, і ў паэмах, без якіх ужо нельга ўявіць творчасць гэтага паэта: «Трыпціх», «Блакада», «Балада Брэсцкай крэпасці»:

Перейти на страницу:

Похожие книги