І заканамерным было пасля «Ветразяў Адысея» з'яўленне кнігі пра Максіма Танка. Таму што Максім Танк — і мастак такога маштабу, што здолеў «акумуліраваць і выказаць самыя вострыя і балючыя праблемы жыцця, матэрыялізаваць у слове дух часу». І сваёй творчасцю, сваім мастакоўскім шляхам рэальна выявіць лёс рамантычнай традыцыі ў беларускай літаратуры, сінтэзаваўшы «свядомае замацаванне рамантычных тэндэнцый з рэалізмам», «узбагаціўшы рацыянальную ідэю гуманістычнаю інтуіцыяй». І запрашаючы чытача ў падарожны па шляху выдатнага мастака, шляху, што ўвабраў гады «змагання, вогненныя і мірныя», «загадзя абяцаць не толькі хвалюючую эстэтычную прыгоду, але і далучэнне да грамадзянскай гордасці за свой народ, які ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, што панаваў у былой Заходняй Беларусі, здолеў вывесці на арбіту гістарычнага жыцця свайго песняра». У гэтым сцвярджэнні, давядзенні да гэтай лагічнай высновы — прынцып, грамадзянская і творчая праграма Калесніка.
Што будзе наступнай вехай гэтай праграмы — ведае тое сам ён, Уладзімір Калеснік. Мо знойдзе і асэнсуе так, як гэта ўмее ён, яшчэ нейкія аспекты развіцця заходнебеларускай літаратуры. Можа падасца ў гісторыю. Мо зоймецца сённяшнім днём літаратуры. Яго творчасць дае падставы для любога творчага павароту.
Скажам, гісторыка-літаратурны нарыс пра Бярэсце, сённяшні Брэст («Берасцейскае вогнішча») — і пра гісторыю горада, і пра сённяшнія яго справы, у першую чаргу літаратурныя. Тут ёсць літаратурныя партрэты легендарнага «інжынера барыкад» Піліпа Пестрака, пакуль што, мусіць, самы тэарэтычна выснаваны і аб'ектыўны нарыс пра такога своеасаблівага паэта, як Алесь Разанаў, заглыблены ў філасофска-эстэтычную важнасць яго творчасці, эсэ пра Ніну Мацяш, зроблены з адчуваннем спраўджаных і няспраўджаных магчымасцей партрэт Міхася Рудкоўскага, патрабавальнае і добразычлівае слова пра Берасцейскую сябрыну: Васіля Жуковіча, Івана Арабейку, Ніну Гарагляд, Ніну Загорскую, пра ўсіх гадаванцаў Брэстчыны ў сённяшняй нашай літаратуры.
Прагназіраванне — справа няўдзячная. Памыляюцца і метэаролагі, і спартыўныя аглядальнікі. А тут — творчасць. Справа таямнічая і тонкая. Лепш не гадаць. Чакаць новых кніг Уладзіміра Калесніка.
ЧАЛАВЕК НА ЗЯМЛІ
Неяк адноечы, у летняй зацішы бібліятэкі, у яе строгай сіметрыі і аскетычнай аголенасці — прачытвалася ў адным сур'ёзным, але і дужа амбітным артыкуле — «апяванне зліцця чалавека з прыродай (ды хіба гэта магчыма ў наш час?!)». І, праўда, на нейкую хвіліну здалося — хіба? Пакой — кляшторна высушаны мэтазгоднасцю і зручнасцю, сцены, сталы, квадраты вокнаў, ніякага нават напаміну пра жывую прыроду. За вокнамі — жнівеньская асфальтовая сухмень, гарадское неба, злінялае ад заводскіх дымоў і доўгай, ад самага маю, спёкі, сіняватыя выхлапныя газы ад машын, і сяджу сам-насам з безліччу заквадратаванай у розныя вокладкі паперы з друкарскімі знакамі. Арэчаўленая, класіфікаваная, каталагізаваная прырода. Якое тут зліццё?
І раптам прыгадаліся, выплылі, аднекуль у памяці высозныя, стромыя сосны ва ўрачыстым святле восеньскага пагоднага дня, і была ў тых соснах мудрасць сапраўднага хараства. Высокай красы. І — музыка, вышэй за якую не стварыў ніводзін геній — цішыня лесу. Не лабараторная выштукаваная бязгучнасць, паводле правілаў бібліятэкі, а нязмушаная цішыня натуры: зямлі, неба, травы, дрэў. Узрушэнне, ні з чым не параўнанае,— ад чараў самага магутнага творцы — прыроды.
Яшчэ — накаціў былінны шум дубровы, згадаліся зялёныя магутныя шаты, нават не шаты быццам, «зялёнае высознае неба, падпёртае стромымі, нібы калоны сабора, імклівымі, нібы маланкі, стваламі». Глядзелі тыя расахатыя дубы: «з вышыні высокіх гадоў» — і пасміхаліся. З паспешлівай безапеляцыйнасці думкі людской. Хіба магчыма ў наш час тая гармонія з прыродай?