Дзіўна, ніколі ні таго бору, ні тэй дубровы не бачыла. Наўрад ці пабачу. А кінуліся ў памяць яны. Нават не родныя свіцязянскія. Лясы-мроі з нарыса Віктара Карамазава «Векавое». Зусім рэальныя лясы. Прыгожыя і велічныя, як мара. Апісаныя так, што векавыя постаці іх заставаліся ў памяці назаўсёды. Як высокая рэальнасць, але і згадка-летуценне. Светлае свята патуры. Помніліся і песні Мар'і Прыполак лясунні-спявачкі з таго нарыса, асабліва пра малайца Кармалюку, што быў «прыгожы, як маладое жыццё, і дужы, як дуб, і лёгкі, як вецер, і справядлівы, як зямля, і горды, як арол». І пачыналі здавацца тыя песні, як і герою нарыса, «песнямі Анацкавай дубровы». Рабіліся добрымі знаёмымі ляснікі Анацка і Ліс, сямейнікі Анацкі: жонка і дачка, пявуння Мар'я Тарасаўна Прыполак, сам герой нарыса. Паяднаныя з прыродай здаровай, натуральнай, любоўнай повяззю. Не толькі захапленнем красой, а клопатам пра зямлю і лес. Гарманічная сувязь. Але далёка не ідылія, не пастараль. Хаця герой нарыса сустракае ў тых лясах, «молка, самыя ясныя дні... гэтай восені», калі «пастрой душы вельмі лёгка зліваўся з настроем цвяроза шапатлівых гаёў і бароў, астылых лясных дарог, апусцелых супакоеных палёў...». Так, не ідылія... Бо вялі ў гэтыя бары-дубровы героя нарыса не толькі эмоцыі, але і цвёрдая дзелавая заклапочанасць, думка пра сённяшні, мінулы і будучы дзень лесу. І Віктар Карамазаў стварыў нарыс — класічны, мне здаецца, па сваёй мастацкай выверанасці. Лірыка-філасофскае эсэ з грунтоўнай дакументальнай асновай, трывалым веданнем справы, дасканалай дасведчанасцю ў гісторыі лесу. Адданай любоўю да роднай зямлі і яе багаццяў. Да людзей на гэтай зямлі. Да ахоўнікаў лесу — апантаных абаронцаў пракаветных бароў — леснікоў. Тых, хто «мерзне на лясных дарогах і бездаражы», «на абледзянелых ці залітых халодным восеньскім дажджом лесасеках», хто заўсёды «ў лесе — не пад хатняй страхою», хто мае «хваробы, якія сталі здаўна леснікоўскімі», «хто душу сваю ўкладаў у лес». Віктар Карамазаў не толькі паказаў унікальную красу надсожаўскіх лясоў, пазнаёміў з людзьмі таго краю, не толькі ўзняў адну з найважнейшых праблем нашага часу, экалагічную праблему — захавання аднаго з найкаштоўнейшых лясных арэалаў, а падарыў сустрэчу «з нейкай вышэйшай Ісцінай», з тымі момантамі ў існаванні чалавечым, калі «чаканне новай, вышэйшай ісціны надыходзіць як патрэба ў жыццёвай праўдзе, яснасці...».

Гэтая патрэба жыццёвай праўды вымагала, мабыць, больш поўнага, аб'ёмнага мастацкага выяўлення. І з'явіўся раман «Пушча». Асноўная думка і боль якога — чалавек і прырода, чалавек і лес. Арганічнае адзінства свету. Адзінства чалавека і асяроддзя, асобы і прыроды. Пра тое, які найвялікшы скарб — лес, нацыянальнае і дзяржаўнае багацце, набытак душы.

Сказаў пра гэта Віктар Карамазаў па-свойму. Хаця існаваў ужо працярэблены літаратурны маршрут «Рускага лесу» Л. Ляонава. Была ўжо ў друку аповесць Б. Васільева «Не страляйце ў белых лебедзяў», амаль адначасова з'явілася «Цар-рыба» В. Астаф'ева. Ёсць, канечне, агульныя праблемы, агульныя болевыя мясціны. Але — перш за ўсё Віктар Карамазаў сказаў сваё. Пра тое, што баліць усім на планеце, і на адной шостай зямнога шару, на савецкай зямлі, і на нашых крэўных абшарах — на зямлі Беларусі. І ў межах нейкіх канкрэтных лясніцтваў. Праблемы якіх у многім — і праблемы ўсяго чалавецтва. Нездарма на нейкай старонцы рамана Віктара Карамазава з'яўляецца швед, які плача, абхапіўшы адну з ялін Лісані. Зусім не сентыментальны швед, дзелавы. Спецыяліст па селекцыі. Прыехаў са сваёй няблізкай Поўначы глянуць на той цуд прыроды — ад насення лісанскіх беларускіх дрэў выраслі ў Швецыі лепшыя ельнікі.

Раман гэты — зноў жа — і пра рыцараў лесу — леснікоў і ляснічых. Пра ворагаў лесу, што на першы погляд нібыта і не злодзеі — усё па інструкцыі. Але не па закону сумлення. Не па закону прыроды. Не па закону існавання ўсяго жывога. Супраць асноўных законаў жыцця.

А кожны індывідуум, кожная жывая істота, кожная расліна існуюць у рамане ва ўласнай сваёй значнасці, у суадноснасці з усім жывым светам, у суаднесенасці жыцця чалавека, жывой істоты і асяроддзя, дзе сённяшнім днём так спалучана сацыяльнае, маральнае, экалагічнае, біялагічнае. Дзеючыя асобы рамана адданы на ўсё жыццё зямлі сваёй і лесу. Валошка, звязаны каранямі свайго быцця і існавання з прыродай, Насця і дзед Гарох, новыя валанцёры высакароднай арміі лесаўпарадчыкаў Андрэй і Алёнка, чыноўнік пры лесе Зімавец, людзі, што проста па спаконвечнай звычцы толькі бяруць ад лесу, без злога намеру, і тыя, хто спяшаецца адхапіць усё, што можна і што ўжо зусім нельга.

Перейти на страницу:

Похожие книги