У гэтых самых Альховых Крыніцах — «з трыццаці сямі двароў чатыры двары не пенсіянерскія». Значыць, рана ці позна застанецца чатыры двары. Вось якая яна, неперспектыва. А ўжо з гэтых трыццаці трох пенсіянерскіх адзін двор абязлюдзеў — памёр дзед Даніла, каваль. У Альховых Крыніцах «яшчэ на адным двары на наступнае лета бітая нагамі сцежка пачала зарастаць травою...».
Галоўны герой аповесці «Паляванне на Апошняга Жураўля» — Сцяпан Дзямідчык — у гэтай самай брыгадзе № 3, у неперспектыўнай вёсцы Альховыя Крыніцы, брыгадзірам. Як спрабуе акрэсліць сітуацыю старшыня калгаса Прымачак — неперспектыўны брыгадзір у неперспектыўнай брыгадзе. На самай справе — вельмі ж замінае Прымачаку ва ўсіх ягоных замахах. У старшыні перспектыва даляглядаў утылітарных, але простая і немудрагелістая, як моркаўка з гарода. Перспектыва ж гэтая выглядае так: татачка Прымачака ў райцэнтры майструе цагляны дамочак у два паверхі — з паравым абагрэвам і гаражом — арэчаўленае суцяшэнне на выпадак служэбнага краху. Крах гэты Прымачак, у нядаўнім мінулым інжынер, а зараз нікчэмны старшыня калгаса, прадчувае. Вымова ў яго ўжо ёсць.
А пакуль што хто-небудзь ды перашкодзіць бесклапотнаму жыццю Прымачака. Ну, хаця б гэты самы Дзямідчык. То ён пачынае ў сваёй брыгадзе жаць сярпамі выспелае ўжо, неўзабаве і асыпацца пачне,— жыта, у багністай нізіне, камбайну туды не прабіцца. Але як на думку Прымачака, калі і загіне тут жыта, дык такой бяды, ён прызвычаіўся ўсё разумець «маштабна». А то раптам той жа Дзямідчык — якая яму справа? — пачне абурацца, што гэта ў самае жніво дый механізатары п'яныя, і выкліча міліцыю.
Ці — зноў жа — новы рэдактар раённай газеты: «Распісаў дарогі ў калгасе, камбайны пад дажджом». Тут, праўда, ёсць немалая радасць стомленаму духу Прымачака: будзе гэты рэдактар яшчэ доўга чакаць чаргі на кватэру, а ён, хлопец хвацкі, свайго не праміне, у двухпавярховы палац перабярэцца, на сваёй машыне будзе да яго падкатваць. Ды і праўдалюбца і змагара за ісціну Сцяпана Дзямідчыка знойдзе спосаб выправіць на пенсію. Знойдзе спосаб, пакрыўдзіўшы Сцяпана і добра нашкодзіўшы справе. Таму што мілая дзеўчынёха Галя, якая прыходзіць на яго месца брыгадзірам, адбывае тут, у калгасе, патрэбны для стажу тэрмін пасля тэхнікума. Два гады — і ні дня болей. Так што асабліва нервавацца з-за чаго-небудзь, хварэць за справу яна не збіраецца. А ў брыгадзе тым часам яе падманваюць: «За адзін воз накошанае зялёнае сумесі запісваюць два», кароў на пашу выганяюць, калі сонца ўжо добра выграла зямлю і ссушыла траву.
...Сцяпан Дзямідчык быў апошнім штатным работнікам у брыгадзе. І не толькі адпаведна штатнаму раскладу, але згодна законам душы, патрабаванням сумлення. Адпаведна тым прынцыпам грамадзянскасці, за якія ён ваяваў. Але... ваяваў не толькі ён. Быў у партызанах разам са Сцяпанам і ўчастковы міліцыянер Жогла, ваяваў калгасны парторг. А зараз, калі старшыня відавочна пазбаўляецца ад Дзямідчыка, былы франтавік парторг гугнявіць нешта пра гады, пра здароўе, хаця сам на два гады старэйшы за Сцяпана і здароўем зусім не Геркулес. І Жогла, хвацкі партызан, участковы, з якім шалёна баяліся сустрэчы ўсе бандыты пасляваенным часам, навучыўся лагодна не заўважаць і дробязныя грахі аднавяскоўцаў, і нават відавочныя парушэнні закону. Вось і п'янтос Сашка Навалач, якога выслалі з горада — у вёсцы на вачах у людзей і спакус меней — хаваецца не ад участковага Жоглы, а ад непрымірымага Сцяпана.
І не дае спакою Сцяпану Дзямідчыку думка: «Як сталася, што стаў непатрэбен ён тут, Сцяпан? Чаму, калі адзін дурань камандуе на ўвесь калгас, усе маўчаць і слухаюць?» І ўзнікае пытанне ў нас, у чытачоў,— як здарылася, што сумленныя людзі, не хціўцы, не лайдакі, ды і не баязліўцы ў мінулым — так аплылі прагай абавязковага дабрабыту, так злучыліся з геаметрыяй перспектывы Прымачака. Вось, нібыта вата, агарнула ўсёдаравальная дабрата Жоглу: «І адразу ж выбудаваў хату, купіў сабе машыну...» Асабісты, умацаваны дабрабытам спакой зрабіўся меркай усіх каштоўнасцей чалавечых.
Матыў гэты не новы ў празаіка Алеся Жука, пісьменнік паслядоўны ў сваім актыўным, выкрывальным непрыманні спажывецкай маралі, якая абарочваецца і відавочнымі маральнымі стратамі, і шкодай грамадству, і адкрытым, нарэшце, як тут, у аповесці, злачынствам. Эвалюцыя спажыўца. Які спачатку выявіўся як вораг прыроды, а потым і чалавека. Сваім уласным ворагам, таму што разбурыў сваё ўласнае «я».
Каб толькі не пакрыўдзіць чым-небудзь сябе. З гэтага пачынаецца філасофія абывацеля-накапіцеля. Каб абавязкова прыбытак быў — хата, грошы, машына. У шафёра Мішы з аповесці — адзін з такіх інгрэдыентаў дабрабыту — заечыя шкуркі для дачкі. А потым гэтае нахабнае і звычнае «я так хачу» дазваляе шафёру Мішу гойсаць на машыне па жывому зябліву, з нясмелымі яшчэ ўсходамі, расстрэльваць у сляпучым святле фараў бедных зайцоў, і, нарэшце, страляць у чалавека. Абураны — як гэта нехта наважыўся перашкодзіць яму, ён жа возіць не абы-каго, Цыганкова, па раённых маштабах постаць прыкметную.