Факт не падуладны знікненню. Ён — бясспрэчная рэальнасць. У гэтым яго сіла. І — надзвычай важна, што гэты факт адбыўся. Не проста факт — з'ява ў нашым літаратурным жыцці. Ці можа быць такое? Няскончаны твор. Ці не наслоіліся эмоцыі, што абавязкова прысутнічаюць у такім выпадку,— раптоўна пайшоў з жыцця таленавіты малады чалавек. Лепш за ўсё гэтую выснову пацвердзіць сама аповесць Рыгора Семашкевіча «Ясень». Якой дадало кароткае, але ёмістае і пранікнёнае слова Яўгена Лецкі. Самую публікацыю рупліва падрыхтавала Наталля Семашкевіч, жонка паэта, яго дарадчыца, сябар і памочніца. Чалавек далікатны, дасведчаны і надзвычай сціплы.

Аповесць чытаюць. Будуць чытаць. Такую. Няскончаную. Але важную думкамі сваімі. Настроем. Узнятымі праблемамі. Пранізлівай чысцінёй маральных высноў. Абвостраным адчуваннем справядлівасці. Тонкай паэтычнасцю і важкасцю філасофскіх разваг. Роздумам, які ўзводзіцца ў катэгорыю эстэтычную, эмацыянальную, этычную.

Прыём пабудовы аповесці не выдае новым. Пра кампазіцыю, архітэктоніку і фабульную структуру гаворка, зразумела, не вядзецца: твор не закончаны. Але структура сюжэтная, акрэсленасць ідэйнай праблематыкі праглядваецца і ў такім варыянце. Галоўны герой аповесці Сяргей знаходзіцца ў тым стане адначасовай напружанасці — расслабленасці, якая так уласціва сучаснаму чалавеку. У прыватнасці, тут — інтэлігенту. Чалавеку гарадскому. Учарашняму вяскоўцу. Псіхалагічна тып як быццам знаёмы. Па творах М. Стральцова хаця б. Апошнім часам — у нейкіх сваіх выяўленнях — на персанажах А. Жука і В. Гігевіча. І ў гэтым стане пошуку духоўнай раўнавагі (але не стабільнасці, не!) Сяргею ўсё часцей згадваецца родны кут, больш за ўсё ў снах — таксама па трывалай літаратурнай традыцыі. І ў снах тых у асноўным мроіцца маленства, якая-небудзь, скажам, прадвесняя раніца, што «гадоў дваццаць таму была звычайнай, а цяпер здавалася святам». Прыём нярэдкі — і зразумела чаму. У дзяцінстве чалавек заўсёды бывае самім сабою, у тую пару фарміруюцца яго адносіны са светам, са светапарадкам, яго свядомасць і самаўсведамленне. Акрэсліваюцца яго ўзаемаадносіны з усім дальнім і блізкім прыродным і сацыяльным атачэннем. Нездарма ў сучаснай літаратуры праштэмпелевалася шматлікім, але і шматзначным паўторам «я родам з маленства» А. Сент-Экзюперы, таму наш сучаснік так пільна ўчытваецца ў аўтабіяграфічныя творы Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, падвяргае аналітычным штудыям «Словы» Ж.-П. Сартра. Чалавек хоча даведацца, адкуль — пазней — прасветленая відушчасць і заблуджэнні.

Недарэмна згадваецца дзяцінства і герою аповесці Рыгора Семашкевіча. Яму якраз неабходна ўсвядоміць сваю сувязь з быццём, сваю існасць у чалавецтве і сваю сувязь з родным краем, з карэннем жыцця свайго. Якраз зараз маці яго наважылася прадаць хату, цяжка ёй адной, у добрых гадах, парадкаваць гаспадарку. І невясёлы одум бярэ Сяргея — так можна пазбыцца ўсяго — некалі, яшчэ ў дзяцінстве ягоным, выкапалі ясень, што рос каля іх хаты, пасадзілі яго ў горадзе. Вось і думаецца нявесела Сяргею, што ж гэта: «учора ясень, заўтра хату, а пазаўтраму што прадаваць будзем?» Зноў жа тэма, якая атрымала мастацкае ўвасабленне ў сённяшняй літаратуры. І ў рускай, і ў беларускай.

Але ідзе яе ўвасабленне ў аповесці сваімі шляхамі — у непасрэдных дачыненнях да розных праяў рэчаіснасці, непасрэдна і апасродкавана датычных гэтай праблемы, а — галоўнае — таго асноўнага пошуку героя, што ўгадваецца ў аповесці,— пошуку сэнсу свайго духоўнага быцця. І тым, між іншым, асабліва прыдатны відавочны аўтабіяграфізм, нават апавядальны аўтабіяграфізм аповесці, што, вырашаючы праблемы ўласнага ўнутранага, духоўнага быцця, пісьменнік выходзіць да праблем, якія датычаць чалавецтва ўвогуле. І справа не ў тым, што ў пісьменнікаў, якія выкарыстоўваюць у творчасці гэты прынцып аўтабіяграфізму, «ёсць спакуса паведаміць людзям пра сваё жыццё, нібыта яно ўяўляе сабой агульны інтэрас, а таму, што на саміх сабе яны ўсведамляюць сэнс чалавечага быцця» (Б. Бурсаў). Тут, мабыць, Рыгор Семашкевіч бліжэй за ўсё ў сваёй аповесці, калі мець на ўвазе беларускую літаратуру, да Я. Брыля і М. Стральцова. Хаця блізкасць гэтая зусім не сведчыць пра перайманне ці тым больш запазычанне. Напісанае Р. Семашкевічам, узнятыя ім праблемы і выснаваныя ідэі набываюць сілу мастацкага доказу дзякуючы няпростаму, але арганічнаму спалучэнню сюжэтных ліній, нават не ліній, а густой, аднак прадумана выдзеленай сетцы калізій, дзе сутыкаюцца (у агульным спалучэнні) моманты сённяшняга жыцця Сяргея, яго дзяцінства, нядаўняга мінулага яго вёскі, роздум, устаўныя эпізоды.

Перейти на страницу:

Похожие книги