Нядобрасумленнасць сваю гэтыя людзі прыкрываюць таннай, але неабвержна грунтоўнай, падманліва патрыятычных колераў дэмагогіяй. Гэткі са смакам выраблены камуфляж. І парторг, што добра ведае прычыны, па якіх «пайшоў» Сцяпан на пенсію, прывычна паплёсквае слоўцам: «Мы ўсе ведаем, як ён душой перажываў за калгас, як ён не даваў спакою ні нам, ні сабе... І не ведаў спакою толькі таму, што на першым плане ў яго, камуніста, быў клопат пра нашу агульную справу». І не кінуўшы вокам — ці заплюшчыўшы ад усяго вочы? — вяшчае: «Таму мы зразумелі просьбу Сцяпана Сцяпанавіча — пайсці на заслужаны адпачынак, хаця нам бы хацелася, каб ён яшчэ папрацаваў».
Алесь Жук прыцягвае нашу ўвагу да гэтага канфлікту, канкрэтна пазначаючы фарбы, але не кладзе наўмысна змрочныя адценні, не спрашчае складаныя сацыяльныя, дзелавыя, асабістыя адносіны. Не выпроствае ламанай лініі прапаноўваемых жыццём абставін.
Вось Цыганкоў — ён у аповесці пададзены сілуэтам, не выпісаны падрабязна — абураны паводзінамі Прымачака: занядбаў калгас, звальняе вопытных брыгадзіраў. І — гэта адчуваецца па тэксце — менавіта яму даюць ружжо, каб забіць Апошняга Жураўля. Шафёр Міша не так каб зусім бескарысліва і як быццам не ад такой ужо духоўнай неабходнасці, але робіць добрую справу, падвёзшы Сцяпана Дзямідчыка да хаты з горада. І забівае гэтага чалавека — перашкодзіў яго звышхвацкаму спорту. Праўда, пра матывы злачынства пісьменнік прапануе даўмецца нам самім, мы ведаем пра тое, што адбылося, з радкоў пра апошні намер Сцяпана выкрыць браканьераў і інфармацыі постфактум.
Усё пачынаецца з драбніц. Але ці з драбніц, калі мець на ўвазе наш час. Калі зямля больш як калі не толькі дае, але і чакае ад нас, людзей. Каб прыйшлі мы да яе ахоўнікамі і лекарамі. Добрымі гаспадарамі. Каб кожны адказваў за кожны свой учынак і за адсутнасць учынку — таксама.
...Пётр Іванавіч Яновіч не бюракрат і не чынуша. Сумленны чалавек, старшыня паляўнічага таварыства Дзярэча. Яны робяць як быццам усё як трэба. І вынікі ёсць. Прымачака звальняюць. Калгас «Інтэрнацыянал», дзе ён быў старшынёй, аб'ядноўваюць з больш моцным. Але... вось той апантанасці гаспадара зямлі, што дае энергію ўсім учынкам Сцяпана, у іх няма. А калі б была... Можа, быў бы жывы Дзямідчык, не адчувалі б сябе так вольна браканьеры, у пару з'явіўся б патрэбны чалавек на месцы старшыні калгаса. Было б, магчыма, менш бесперспектыўных вёсак.
А Сцяпан Дзямідчык моцны сваёй непарушнай сувяззю з зямлёй, вернасцю традыцыям хлебароба, высокай мараллю, той народнай мараллю, дзе спалучаюцца спрадвечны гонар земляроба, чалавека зямлі, і набытае ў калгаснай вёсцы адчуванне асабістай адказнасці за ўсё. За кожны каласок, за кожнага зайца ў полі, за кожнага бабра ў затоцы. За кожнага жураўля ў небе. За неба над галавой. За жывы подых зямлі, таму што «больш за ўсё на свеце ён любіў поле, што жытам каласілася». Сцяпан Дзямідчык з тых людзей, без якіх не ўяўляецца жыццё, корань і аснова яго. Мабыць, ён нам некага нагадае. Па блізкасці сітуацыі героя Барыса Васільева з рамана «Не страляйце ў белых лебядзяў». Ці каго-небудзь яшчэ. Аднак — у кантэксце аповесці — ён адзіны. І адзіна патрэбны.
І безумоўна патрэбная і своечасовая гэтая аповесць — «Паляванне на Апошняга Жураўля». Прыкметная з'ява ў нашай сённяшняй беларускай літаратуры.
А дзе ж заўвагі? Гэтыя ж эмацыянальныя крытыкі! Ну, калі паставіць такую мэту і ў нечым не згадзіцца з аўтарам, дык, натуральна, можна знайсці тое, што шукаеш. Напрыклад, ці так ужо варта было прымусіць шафёра Мішу абавязкова правесці ноч у дзяўчат. А паміж іншым і дзяўчат акрэсліць-перакрэсліць адной-адзінай фразай: «...дзяўчатам было па дваццаць пяць, і на жыццё яны глядзелі проста». Ці так усё проста — асабліва для такога пісьменніка, як Алесь Жук. Або, скажам, ці не праглядваецца зададзенасць у шматразовым супадзенні абставін — са Сцяпанам, Цыганковым, яго шафёрам?
Але — учытаешся ў тэкст і неяк не ўзнікае ахвоты вышукваць недахопы. Вось як піша гэты пісьменнік: «За крыніцамі даверліва прыпадае да зямлі вёска, а за ёй устае лес. Нягледзячы на ўсе санітарныя высечкі, ён набірае сваю цёмную высокую сілу, якая пачынае ўжо гаманіць з небам. А яно над палямі вечнае і халоднае, часам пяшчотнае, а найчасцей ціха і родна зажуранае. І з усім гэтым, вечным, што было і будзе на зямлі, зліваецца неабдымнае поле. Восенню, калі яно чыстае і прасторнае, аблямавана на даляглядзе кусцістаю зялёнаю рунню, захінута ціхім туманком, далёкае ворыва на небакраі раптам пачынае ўставаць на цябе крылом шэрага жураўля, і хто скажа тады, што з неба і сапраўды не чуцён вечны жураўліны кліч?»
ЯК ЧЫСЦІНЯ АГНЮ...