Вось тады і назначыцца асноўнае, тая «мелодыя душы», «святла замова», што «кладзецца ў сноп пражытага жыцця». Тым, мабыць, і адрозніваецца гэты яе зборнік ад папярэдніх — адсутнасцю былога звонкага наіву, яснаты да болю ўваччу. Але і выпрабаваным жыццёвым гартам сталасці. І — закаваным — адчуваннем сапраўднага на зямлі: дабра, любові, высакародства. Калі паэтэса абвяшчае: «...І лёгка я з зямлёю гавару». Тут — яе ўдачы, асноўная апора яе таленту. Тут — заўсёдная свежасць думкі, і радка, вастрыня ўспрыняцця. А калі яна не зжылася з тым, чаго чакае, пра што вядома «спорнаму пяру», дык атрымоўваюцца «вершы пра вершы». Мабыць, недарэмна сама Яўгенія Янішчыц згадвае пра сваё ўпрыняццё ЗША: «О рытмы краю, вас я не адразу ўспрымаю...» Паводле таго, як прызнаецца сама Яўгенія Янішчыц, літаратурна чаканага, атрымоўваецца літаратурна вядомае: «чорны воран Пентагона», такі знаёмы і вядомы «адкрыты, барадаты, любві і гневу бог» Хемінгуэй, ёсць такая ж знаёмая па шматлікіх фактаграфічных і літаратурных варыяцыях Мэрлін Манро, ёсць статуя Свабоды... Ёсць нават памылка ў чужых рэаліях. У тлумачэнні слова «ланч». Чамусьці ланч выдаецца за званы абед, а паводле ўсіх слоўнікаў свету гэта другі сняданак. І няма ні ў тых ланчах, ні ў тых апісаннях «солі жыцця», што так умее адчуць Яўгенія Янішчыц, калі дакладна «выбера мелодыю на ўток»...
А гэта яна ўмее рабіць. І ў папярэдніх кнігах. І ў гэтай. Калі, «правяраючы час і сябе», выходзіць яна да чытача са сваім, крэўным, вынашаным, выпакутаваным.
«РАСКРЫЙСЯ, ЗОРНЫ ПАРАСОН...»
Чацвёртая кніга паэзіі Валянціны Коўтун у адрозненне ад папярэдніх, што мелі падкрэслена рамантызаваныя назвы: «Каляровыя вёслы», «На ўзлёце дня», «На зломе маланкі»,— мае на сваёй вокладцы адно строгае слова: «Метраном». Аднак, мне здаецца, усе ўзлёты і зломы адчуваюцца тут, можа, нават яшчэ больш, як у першых трох кнігах. І паэтэса Валянціна Коўтун свядома выбірае, як сёння кажуць, экстрэмальныя моманты. Вялікі свет, які абрынуў на яе сваё багацце, сваё святло, свае вышыні і бездані, а і свой мітуслівы тлум, цікавы для яе. І яна спяшаецца ўспрыняць і занатаваць усё: у гістарычнай перспектыве, у пільным, да болю ў галаве, роздуме, у вышынных выяўленнях чалавечага духу, у празарэннях паэтычных і ў штодзёншчыне роздуму, у віраванні пачуццяў, галасоў, у стракаценні фарбаў. І ў яе паэзіі, у агульным накірунку творчасці, у стылістыцы знаходзяць адбітак і высокае празарэнне, і паспешлівая мітуслівасць. Часам паэтка нагадвае плыўца, які кідаецца ў штармавое мора — захлынаецца, хапае паветра, але — абавязкова выходзіць на грэбень хвалі. Не тое каб шукае буры, аднак не збіраецца зашыцца ў ціхую гавань.
Мабыць, таму ўсе партрэты, пісаныя паэтэсай, маюць за мадэлі постаці не толькі геніяльныя ці таленавітыя, але і бунтарныя. У сутнасныя, вызначальныя моманты іх жыцця. Моманты — калі іх творчая і чалавечая сутнасць супадаюць у сваім вышэйшым, духоўным выяўленні. Моманты падрахунку жыццёвага шляху.