«Пракляцце адцягненасці» (А. Блок) не гняце аўтарку «Суда Алаізы», але пэўную даніну ўмоўным абазначэнням і ўмоўным дзеянням яна аддае (з'яўленне Ценю Алаізы перад Андрэем Гмыракам, напрыклад). А ўся сюжэтная калізія вырашаецца сродкамі канкрэтнымі, рэальнымі, у канкрэтным, рэальным дзеянні. Да Алаізы Пашкевіч, якая працуе фельчаркай у тым доме, дзе жывуць самыя гаротныя з людзей — вар'яты, прыязджае Андрэй Гмырак. Не той Андрэй, якога яна кахала — студэнт, паплечнік, а жандарскі служка, што віжуе, нацкоўвае, для якога не засталося нічога святога. Гэта ён, Гмырак, прымушае віжаваць за Алаізай прыбіральшчыцу Зосю Літоўскую, паабяцаўшы той вызваліць яе сына з турмы. Гэта ён, Гмырак, дае пад выглядам лекаў атруту для нявесты рабочага Восіпа Кайлюнаса. Падазрэнне, зразумела, падае на Алаізу, якая даглядае за дзяўчынай. Гмырак, даходзячы да апошняй ступені падзення, спрабуе страляць у Алаізу, забіваючы, аднак, дзяўчыну-жабрачку, якая на той момант якраз аказваецца каля Алаізы. Усё акрэсліваецца канчаткова — ніякіх ілюзій, ніякіх падманаў. Алаіза — у цэнтры барацьбы рэвалюцыі 1905 года, Андрэй Гмырак — сярод душыцеляў гэтага змагання.

Для Алаізы жыццё — барацьба за справу народа, а мастацтва — сапраўдная жыццёва важная справа, якая адыгрывае аграмадную ролю ў лёсе народа, зусім не мітусня прыгожых фраз.

А трэба так пісаць, ох так пісаць,Каб іскры з цвёрдых сэрцаў выкрасаць.Мы паклянёмся, брацці, маладосцю,Каханнем, болем, матчынай слязой —Не папячэм пад страшны бот расой,Не закрычым, калі раструшчаць косці...Служыць народу роднаму клянёмся,Падняўшы лёс айчыны над зямлёй.

Алаіза Валянціны Коўтун здатная і на досціп: «Шаткуеш, бачу, жарты, як капусту», на трывалае вызначэнне: аб замроеным усведамленні сваіх падапечных яна гаворыць так —

Ім вочы ўжо па белы свет не звесці,Бо задзівіліся ў сваю душу.

Непросталінейны падыход да праблемы выяўляецца ў паэме і ў моўнай характарыстыцы тых, хто супрацьстаіць Алаізе і яе сябрам. Недурны казуістычнай сваёй, езуіцкай думкай Следчы. Ён не абвяшчае. Ён гаворыць разумна, хітра, з далёкім прыцэлам:

Такіх не вешаць трэба, а купляць.

Гэта ён пра сваіх праціўнікаў — змагароў супраць самадзяржаўя, пра Алаізу і яе аднадумцаў.

І не расстрэльваць. Што ў агонь страляць?!

Дакладнае і метафарычнае мысленне. «Што ў агонь страляць?!» Сапраўды — марная справа. Гэты езуіцкі ход — не новы, але ж такі пэўна разлічаны на палітычны рэванш. На пытанне Гмырака: «Але знішчаць такіх павінен хто?» — ён адказвае з халоднай, выверанай, ёрніцкай іроніяй:

Не цар, не мы, а іх народ уласны.Хай сам сябе агонь пажрэ дачасна.А рухнуць храмы — то жрацы ніхто.А той паэтцы не вянок пакуты,А дайце лаўры ганьбы ці распусты...Але — чужой рукой!

Адсюль — і спроба зняславіць паэтку як атрутніцу. Спроба няўдалая. Але прадуманая. «Хай сам сябе агонь пажрэ дачасна».

Драматычная паэма Валянціны Коўтун пазначана той ліра-эпічнай сталасцю, дысцыплінай думкі і ўзвышанасцю пастрою, якія даюць нам адчуць праз канкрэтыку падзей значнасць гістарычнага моманту, значнасць асобы ў гэтым руху часу, той асобы, што не згодна на ролю падзёншчыка жыцця, асобы, якая не згодна чуць шэпт здрады, а толькі навальнічны, перадрэвалюцыйны «голас з неба».

Ці ўсё так бездакорна ў паэме? Увогуле яна мне падаецца бясспрэчнай і немалой удачай Валянціны Коўтун. Але, бывае, і тут праскочыць вызначэнне з дастаткова выштукаванай сімволікай. Вось тут, мабыць, уплыў паэтыкі Цёткі, што разлічвала на самага неспрактыкаванага чытача, адбыўся, як адчуваецца і ўплыў паэтыкі фальклору. Але куды больш кідаюцца ў вочы вось такія ўдалыя фальклорныя парафразы: «чорны конь разрыў-траву скубе», «што ж, пагуляй, цялятка, на вяроўцы», «дзевяць пеклаў-патопаў/І яшчэ дзевяць войнаў жахлівых дачушкай хадзіла».

Ёсць не зусім матываваныя логікай дзеяння моманты. Скажам, з'яўленне новых персанажаў. Таго ж Барыса Вігілёва. Пра Алаізіна знаёмства з ім пазначана ў рэмарцы: «З-за дрэў да яе набліжаецца... рэвалюцыянер Барыс Вігілёў, з якім яна пазнаёмілася падчас рабочых дэманстрацый і выступленняў на віленскіх фабрыках і заводах». Ход не зусім прафесійны для драмы — як гэта падаць пры пастаноўцы? Выкарыстаць модны «пазакадравы» голас? Па законах жанру пра тое, адкуль ведае Алаіза Вігілёва, мы павінны даведацца з уласна-тэксту, з вуснаў герояў.

Перейти на страницу:

Похожие книги