Аля заўважыла па мне, як мы пагаварылі з дзяжурным. Каб не думаць пра гэта, я распытваў пра яе падарожжа.

У райцэнтр яна прыбілася толькі раніцаю, стомленая, мокрая, па шыю ў гразі. Такую ніхто і на парог не пусціць. Дайшла да рэчкі, распранулася ў кустах, апаласнулася, пазмывала з адзежы гразь, нацягнула ўсё мокрае і пайшла на пошту званіць у Біязу. Чакала, чакала і пайшла на мост сустракаць. «Дзе ж ты так затрымалася?» — «Доўгая гісторыя, куды мы ідзём?« — «Да добрых і мілых людзей, у якіх ты павінна была спыніцца». I я расказаў, што дзве ўжо немаладыя інтэлігентныя жанчыны, сасланыя за расстраляных мужоў, патуляліся па чужых кутках і разам купілі на ўскраіне сяла старую хатку, дагледзелі яе і дружна жывуць ужо каторы год. Лідзія Яўсееўна — выдатны педагог-універсал. Яна падцягвае па ўсіх прадметах гультаяватых дзетак мясцовага начальства, піша кантрольныя работы завочнікам, на тое і жыве. А сухенькая, іранічная і вострая на язык Вера Міхайлаўна займаецца гаспадаркаю. Праз далёкага сваяка ёй прысылаў грошы сын — бакінскі інжынер.

Хатка Лідзіі Яўсееўны і Веры Міхайлаўны стала гасцінным прытулкам, кансультацыяй па ўсіх трывожных праблемах, спавядальняю амаль для ўсіх ссыльных раёна. У ёй заўсёды нехта начаваў, абедаў; сюды заязджалі родзічы ссыльных. I ўсім было месца, увага, добрае слова і кавалак хлеба.

Тут перабывалі жонкі і дзеці былых партыйных работнікаў, асуджаных па «ленінградскай справе». Амаль кожны дзень сюды заходзілі Ракоўская і пляменніца Мартава — Вікторыя Сяргееўна Волкава. Яна ніколі не бачыла свайго апазіцыйнага дзядзькі. Закончыла брусаўскі літаратурны інстытут, працавала ў «Комсомольской правде», а з 1937 года за такое небяспечнае сваяцтва разам з сястрою асвоіла турмы, лагерныя баракі і вось атрымала вечную ссылку. Алена Хрысціянаўна Ракоўская загадвала літаратурнаю часткаю вядомага маскоўскага тэатра, сябравала з рэдактарам «Нового мира» Гронскім, паэтамі Паўлам Васільевым і Уткіным. Заходзіў да Лідзіі Яўсееўны і Сава Савіч Марозаў. Так, так, сын таго славутага фабрыканта і мецэната. Хадзіў ён няголены, у чорным кажушку і нешта рабіў у раённым зямельным аддзеле. Гэта было найвялікшае шчасце. Амаль усе ссыльныя перабывалі ў гэтай утульнай хатцы на ўскраіне раённага сяла.

Сюды мы і прыйшлі з Аляю. Яна нясмела стала ў парозе і адразу апынулася ў абдымках звонкагалосай Веры Міхайлаўны. «Я вас такою і ўяўляла, беленькай і зграбнай. Дзе ж вы прападалі? Мы чакалі кожны дзень. Праходзьце, распранайцеся. О- о-о! Вы ж мокрая наскрозь. Ліда! Сустракай госцю. Нясі што-небудзь цёплае і сухое. Давай валёнкі».

Са сваёй баковачкі Лідзія Яўсееўна вынесла халат і валёнкі. Мая сарамлівіца разгубілася зусім, калі тонам гаспадыні Лідзія Яўсееўна загадала: «Вера, грэй чай і накрывай на стол». Ёй, як у старой п’есе, падыграла Вера Міхайлаўна: «Шампанскае і ўстрыцы падаваць? Ну і, вядома, какаву «Золотой ярлык» можна?» — «Вера, не паяснічай. Некалі будуць і шампанскае і «Золотой ярлык», — адпарыравала Лідзія Яўсееўна. «Вера, без веры і жыць не варта. Вы мяне прабачце на некалькі хвілін. У мяне вучань». I знікла за няшчыльнымі дзвярыма.

Аля адразу адчула, якая тут простая і сардэчная атмасфера. Яна пераапранулася, абула цёплыя валёнкі, пасінелы твар паружавеў, заіскрыліся вочы. Нам было добра і ўтульна, як у самых блізкіх родзічаў. Яна паціху расказвала пра дачку, пра бацьку, пра сваю работу ў Пагосце. У Старобіне была доктарам мая стрыечная сястра і часам памагала жонцы свайго няшчаснага брата.

Калі на стале з’явіліся гарачая бульба і чай, уся ўвага была звернута на Алю. Усе чакалі навін, верылі ў розныя меркаванні і чуткі, спадзяваліся, што ў некага прачнецца сумленне і скончыцца гэты кашмар. «Ну як там Масква?» Ёй не было калі разглядаць яе. Начавала на вакзале, выстойвала доўгія чэргі ў розных прыёмных. Адзінае, што паглядзела, — выстаўку падарункаў таварышу Сталіну да яго сямідзесяцігоддзя. Такога багацця і прыгажосці нават і ўявіць немагчыма. А то абівала парогі ў Міністэрстве асветы, у прыёмнай КДБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета. Прасіла аднаго: каб мне дазволілі працаваць у школе, яна паказвала выпіску з пастановы аб зняцці з мяне судзімасці. Яе разглядалі, круцілі галовамі і пасылалі ў другую такую ж глухую да гора чаргу. Нарэшце сказалі, што пры ўсёй няхватцы настаўнікаў у Сібіры выкладчыцкую работу ссыльнаму даверыць не могуць.

Перад ад’ездам яна прыйшла на Красную плошчу. Доўга глядзела на напяты ветрам Дзяржаўны сцяг над зялёным купалам, на званіцу Івана Вялікага, на далёкія вокны крамлёўскіх палацаў і думала: недзе там ходзіць у мяккіх ботах, магчыма, пазірае на горад і плошчу вялікі і мудры правадыр. Чаму ж ён не ведае, колькі пакутуе невінаватых людзей, гатовых жыццё аддаць за Радзіму. Яго адно слова — і тысячы стануць шчаслівымі, а шчасце — спакойна жыць і сумленна зарабляць свой кавалак хлеба замест пайкі. Яна выстаяла доўгую чаргу да Леніна. Прайшла і ледзь стрымала слёзы.

Перейти на страницу:

Похожие книги