«Як выглядае Масква? Што людзі гавораць у чэргах каля Вярхоўнага Савета і Пракуратуры?» — дапытвалася Лідзія Яўсееўна. У чэргах людзі стаялі пахмурныя і маўклівыя, кожны са сваім горам, а давяраць яго незнаёмаму не адважваліся.

Білет Аля ўзяла не да Барабінска, а да Новасібірска, каб не думаць, што нечага не зрабіла, паехала ў вобласць. Праз пяць дзён была ў сталіцы Заходняй Сібіры. Куды ісці? З Чырвонага праспекта выпадкова звярнула на вуліцу Дзяржынскага і 400 Сяргей Грахоўскі апынулася каля шэрага будынка абласнога НКУС. Штурхнула цяжкія дубовыя дзверы з тоўстаю пакручастаю ручкаю. Слязьмі і просьбамі прабілася да генерала Какучаева. Увайшла, а сказаць нічога не можа: раскрывае рот і захлынаецца паветрам. Ён даў вады, супакоіў, прапанаваў сесці, уважліва выслухаў блытаны і таропкі расказ пра нашы пакуты, прачытаў пастанову аб зняцці з мяне судзімасці і здзівіўся, чаму мяне другі раз арыштавалі і выслалі сюды. Адразу некаму пазваніў. Увайшоў маладзенькі лейтэнант. «Гэты малады чалавек праводзіць вас у аблана да таварыша Андросава. Я яму перадам, што не пярэчым, каб ваш муж працаваў у школе. Спадзяюся, усё будзе добра». I нават праводзіў з кабінета. Яна не верыла сваім вачам. Забягу трошкі наперад: пазней да нас дакацілася чутка, што генерала Какучаева самога арыштавалі. Праўда ці не, сцвярджаць не магу. Чаго толькі не бывала.

Расказаўшы пра свае клопаты, Аля з сумачкі дастала пашпарт, а з яго — загад Новасібірскага аблана аб прызначэнні мяне выкладчыкам чарчэння і малявання ў Біязінскай сямігадовай школе.

«Чаму чарчэння і малявання?» — здзівіўся я. «Дазволіць выкладаць мову і літаратуру не адважыўся нават спагадлівы і вельмі інтэлігентны Андросаў. «Літаратура — гэта ж ідэалогія. Як ты не разумееш?» Я многага не разумеў. «А калі на месцы будуць перашкоды, загадчык аблана даў тэлефон свайго намесніка Кулагіна. Ён разбярэцца і ўсё ўладзіць».

Я трымаў вузенькую жаўтаватую паперку, як тапелец трымаецца за выратавальны круг. Важна зачапіцца ў школе, толькі пачаць, а там будзе відно. Хацелася стаць на калені перад гэтай маленькай нязломнай жанчынай, з якою нас звёў горкі лёс на дарогах пакут і зняваг. Пры людзях на сантыменты не адважыўся. Юрыдычна мы з ёю не былі мужам і жонкай, і прозвішчы ў нас розныя, але любоў, адданасць, сумленне і вера звязалі нас мацней за самыя прыгожыя пасведчанні аб шлюбе. Нават такая наша прадбачлівая асцярожнасць не выратавала яе ад ганенняў і адміністрацыйных рэпрэсій.

Пасля вячэры і доўгіх размоў нам адвялі «дзяжурны» тапчан. Але нам было не да сну, пакуль мая «дзекабрыстка» не расказала пра ўсё, што перажыла пасля майго арышту, як рэагавалі мае вучні і настаўнікі, многія спагадалі, не верылі ў маю віну, але не кожнаму пра гэта гаварылі. Былі і такія, што лічылі мяне хітра замаскіраваным злачынцам і прыдумлялі неверагодныя гісторыі.

Раніцай я паспяшаўся ў райана. Ім загадваў добры педагог Іосіф Нічыпаравіч Маеўскі, нашчадак даўніх перасяленцаў з Беларусі. Я моўчкі падаў яму сваю выратавальную паперку. Ён пакруціў яе з усіх бакоў, утаропіўся ў мяне. «Што ж, загад ёсць загад. Яго мы абавязаны выконваць... А вы ведаеце, якая ў вас будзе нагрузка? Пяць гадзін на тыдзень. З такою нагрузкаю трымаць адзінку, самі разумееце, мы не можам. Дзіўна, што аблана гэтага не ведае».

Я стаяў знямелы. Вось табе і радасць. Сэрца зайшлося, кроў ударыла ў скроні. Ці ж трэба было абіваць парогі прыёмных, плакаць, выпрошваць літасці, суткамі адной пад дажджом ісці па тайзе, рызыкаваць жыццём, каб атрымаць паперку, якая нічога не мяняе ў нашым пакутніцкім лёсе?

Маеўскі заўважыў мой адчай. «Т-э-э-кс... Што ж з вамі рабіць? Якую замежную мову вывучалі ў інстытуце? Нямецкую? У Біязе ніколі не выкладалася замежная мова. Па сетцы гадзіны ёсць. Яны прападаюць. Але самі вырашыць мы не можам. Калі дазволіць аблана, пярэчыць не будзем». I ён мне падаў мой звялы загад.

Я кінуўся на пошту. Заказаў размову з таварышам Кулагіным. Хвіліны чакання здаваліся вечнасцю. Некалькі разоў тэлефон быў заняты, то не адказваў. Нарэшце, па абедзе, пачуў у трубцы прыемны барытон. «Так, так. Добра. Зразумела. Папрасіце тэлефаністку пераключыць мяне на Маеўскага і самі ідзіце да яго». Я акрыяў. Дзе там ісці, бег бегма. Потым многа разоў, калі мяне здымалі, таварыш Кулагін мяне пазнаваў па голасе і заўсёды ратаваў.

Толькі па дарозе ў райана я заўважыў, што неба ачысцілася ад хмар, свяціла сонца, падсохлі сцежкі, і на душы пасвятлела.

Маеўскі мне сказаў, што выкладанне нямецкай мовы прыйдзецца пачынаць з алфавіта ва ўсіх класах, а цяпер я яму нарабіў клопату — здабываць падручнікі і праграмы. Ён даў мне копію загада для дырэктара школы і развітаўся без асаблівай ветлівасці.

Перейти на страницу:

Похожие книги