Рэжым закручвалі ўсё тужэй і тужэй: з тэмпературай 37,5 гналі ў лес; хворых, але не вызваленых санчасцю, пад двайным канвоем выпіхвалі на лесасеку, а яны маглі толькі раскласці вогнішча і паступова даходзілі каля яго. На лагпункт з Лапшангі прыбыў граза ўсіх урак Іван Васільевіч Самойлаў. Яго жорсткасць і мянушку «Воўк» ведаў увесь лагер. Рэцыдывіст-крымінальнік у мінулым, як кажуць блатныя, «ссучаны», — здрадзіў сваім і стаў выканаўцам бязлітаснай волі начальства. Яго адразу прызначылі старшым дзяжурным па лагпункце. Сярэдняга росту мужчына ў хромавых ботах гармонікам, у кепачцы-васьміклінцы з гузікам на макаўцы, у добрым пінжаку з чужога пляча і новым бушлаце, ён адразу ўсім кінуўся ў вочы. Правільныя рысы твару, круглыя і нейкія нерухомыя вочы выдавалі яго суровасць. Ён заікаўся і не мог варочаць шыю. Калі трэба паглядзець убок, круціўся ўсім тулавам, таму і празвалі «ваўком», характар і жорсткасць у яго былі ваўчыныя. Хадзіў ён з тоўстым кіем, а ноччу яшчэ з ліхтаром «лятучая мыш». Біў без промаху і жалю, асабліва даставалася блатной шушары. Кажуць жа, што здраднік самы люты кат. За гэта блатныя помсцілі Самойлаву на ўсіх лагпунктах: у бок загналі фінку, потым яго прайграў у карты вуграсты недаростак «Хмыр». Ён падцікаваў Івана Васільевіча ў сталоўцы і, калі той нагнуўся да раздатачнага акна, секануў сякераю па шыі. Галава засталася, але не варочалася ў бакі. Кожны раз Самойлава цыравала прафесар Бурцава і апошні раз сказала: «Станавіцеся чалавекам, Самойлаў. Больш латаць не буду». А ён стаў яшчэ люцейшы. Калі злаваўся, замест слоў чулася шыпенне. На развод выганяў дрынам, кожнага абзываў «асмадзеям і ш-шш-пі-і-і-ён-сс-с-к-а-ю м-ордаю». Толькі не заікаўся на мацюках. Пасля разводу хворых, кульгавых, нядужых Самойлаў зганяў да вахты на паверку: ставіў у доўгую шарэнгу і трымаў па камандзе «смірна», пакуль вахцёр палічыць усю абслугу, бухгалтэрыю, хворых у санчасці і пасаджаных у кандзей. Толькі тады выклікалі вызваленых па хваробе, астатнія лічыліся «адказчыкамі», іх аглядаў лекпом. У каго не было высокай тэмпературы, Самойлаў гнаў у ізалятар. Там ён даваў волю дрыну і пацяшаўся ад ляманту сваіх ахвяр. Начальства было ў захапленні такім дзяжурным, а яго кантовы кій звала «выхавальнікам».
Аднойчы на паверку з шалмана не выйшлі тры крымінальнікі. Самойлаву яны прыгразілі адточанымі з напільнікаў фінкамі і жалезнаю воссю. Ён спалохаўся і пабег жаліцца на вахту. Непаслушэнства тут не даравалі. На вахце сабраліся камандзір узвода аховы, глюгасты і крываногі Русакоў, намеснік начальніка, прыгажун і весялун, садыст па натуры Караблёў, старшы наглядчык, даўгалыгі і змрочны Дзёмін, тры вольныя ад дзяжурства стралкі і Самойлаў. Раіліся, як выгнаць з барака ўзброеных злосных адказчыкаў. Нікому не хацелася лезці на фінкі і падстаўляць галаву пад жалезны прэнт.
Мяне ў той дзень пакінуў у зоне начальнік КВЧ «сачыняць» частушкі пра ўдарнікаў і гультаёў. Іх за ноч развучваў кавэчэўскі мастак Лёшка Лапцеў і раніцай на разводзе спяваў гэты «выхаваўчы матэрыял» пад балалайку. Я толькі настроіўся на патэтычны лад, як прыбег Самойлаў: «Кідай г-г-г-эту-ю хран-н-овіну і на ад-н-н-ой назе н-н-а вахту». Значыць, трэба бегчы. Мабыць, палічылі і мяне адказчыкам і пагоняць у кандзей... А на вахце сапраўдны «аператыўны штаб» вырашае, як выгнаць з барака ўзброеных Плужнікава, Бойку, Электрычнага і Нефць-Маслава. I дадумаліся парламенцёрам да іх паслаць мяне. Я ж быў з імі ў адной брыгадзе, разам жыў у шалмане, расказваў ім «романы», а Бойка мой зямляк. Умовы: здаць зброю і самім прыйсці на вахту. Саджаць у кандзей іх не будуць, а выведуць за зону адграбаць пілавінне ад шпаларэзкі, абы лічыўся выхад на работу, каб не псаваць справаздачу групай «Г» (адказчыкі).
На душы трывожна, але загад ёсць загад. Спадзяюся на зямляцтва і прыязнасць Бойкі. Хоць і без белага сцяга, пайшоў выконваць волю начальства. Па прыступках ішоў павольна, ліха яго ведае, як сустрэнуць, скажуць «ссучыўся, прадаўся начальству і нас прадаеш». Самойлаў іх ужо раззлаваў, цяпер яны насцярожаныя і зацятыя. Што з таго, што некалі разам «травілі баланду», што слухалі мае пабасёнкі. Яны, відаць, надумалі паставіць на сваім, заваяваць сабе выключнае права сядзець у бараку; калі возьме іх верх, «кантоўка» забяспечана; патузаюцца, патузаюцца і адступяцца. Бывалі часам у лагеры такія «арыстакраты», блатная эліта.
У пустым бараку на верхніх нарах расцягнуўся на стракатай коўдры прыгажун усходняга тыпу Плужнікаў, побач, па-турэцку падкурчыўшы ногі, сядзіць трошкі кульгавы Нефць-Маслаў, унізе — Электрычны і мой рэчыцкі землячок Коля Бойка. На прывітанне не надта ласкава адказалі: «А ты чаго прываліў? Да гэтых сук у легашы наняўся?» — «Што вы, хлопцы, я-а...» — «Ты ж каля іх кантуешся. У артысты пагарэлага тэатра падаўся. Давай чашы, а мы тут самі разбярэмся. Скажы, няхай лепей не лезуць, пакуль галовы цэлыя. У кандзей ім нас не загнаць».