Самойлава зноў павезлі да прафесара Бурцавай. Больш ён на нашым лагпункце не з’явіўся. Лагерны «тэлеграф» працаваў беззаганна, пра лютасць Самойлава ведалі на кожным лагпункце. Потым расказвалі, што прыкончылі Самойлава на нейкай паўночнай падкамандзіроўцы і вінаватага не знайшлі.

Камандзір узвода Русакоў па загадзе камандавання ўзброенай аховы «За ўмелае і аператыўнае ўмацаванне дысцыпліны на лагпункце № 9» быў узнагароджаны імянным гадзіннікам. Маленькі, глюгасты, падобны на грака, здавалася, ідучы па зоне, ён выглядаў сабе новую ахвяру.

Неўзабаве пракаціліся стрэлы на вахтах амаль усіх лагерных пунктаў. Зімою 1942 года Берыя выдаў загад: «Нявыхад на работу без уважлівых прычын з’яўляецца контррэвалюцыйным сабатажам. Сабатажнікаў у ваенны час расстрэльваць на месцы». Загад трэба выконваць у «выхаваўчых мэтах», бо спытаюць: «А як у вас выконваецца загад №...?» Ад куль магла выратаваць толькі высокая тэмпература, а хворых на страўнік, з апендыцытам, сардэчным прыступам, ліхаманкаю выганялі за вахту, тройчы папярэджвалі, а небарака не тое што ісці, паўзці не здолеў. Звычайна казалі: «А, прыкідваецца, гад», — білі ногцамі і дастрэльвалі ляжачага. На маіх вачах забілі хлапчука гадоў васемнаццаці з Варонежчыны Ваню Сінякіна, дзвюх прыгожых крымінальніц Нюрку Пекараву і Надзьку Удавічанка.

Месяцы праз тры загад усё ж адмянілі, бо тупыя, лютыя, нацкаваныя на так званых «ворагаў народа» камандзіры ўзводаў маглі адстраляць больш, чым планаваў сам Лаўрэнцій Паўлавіч. Хто б тады валіў лес, часаў ружэйную балванку, грузіў эшалоны. Планы былі жалезныя, іх трэба перавыконваць, як казаў начальнік вытворчасці Бойчанка, ідучы па трупах.

Змрок

У вайну нават сонечныя дні здаваліся змрочнымі і чорнымі. На лагер наваліўся голад. Кармілі турнэпсам і вотруб’ем, нормы раслі, а пайка меншала, лесасекі адступалі далей і далей. Пакуль дабрыдзеш у ачапленне, не хапае сіл на работу, а варушыцца мусіш, і не абы-як. Хоць расцягніся, а норму дай.

Маім напарнікам на павале быў варонежскі калгаснік, дробненькі, заўсёды з мокрым носам Ваня Тарасенка. Хоць не надта дужы, але вельмі цягавіты і старанны мужычок.

Каб выканаць план, у канцы месяца начальнік выганяў на павал «прыдуркаў». Побач з намі пілавалі новы лекпом і кіеўскі цырульнік Пецька Самойлік. Ён звычайна праводзіў «санапрацоўку» новых этапаў і брыгад, прыгнаных у лазню, — аднолькава галіў пад пахамі і лабкі мужчынам і жанчынам. Нават такой знявагаю напаміналі, што ты не чалавек, не асоба, а толькі рабсіла.

Па выкліку начальніка Пецька бегаў да яго ў кабінет: стрыг, брыў, рабіў масаж і цешыў «кліента» непрыстойнымі анекдотамі і скаромнымі жарцікамі. За старанне яму хапала хлеба і да хлеба. Ён быў класны майстра з брытваю і зусім бездапаможны з пілою. Але калі прыгналі ў лес, хочаш не хочаш, варушыся. Пачаў ён з лекпомам пілаваць елку, а яна крутнулася на пні і пайшла не ў той бок, прашумела калматым веццем і завісла на гонкай бярозе. Стаяць, пазіраюць няздатныя лесарубы і не ведаюць, што рабіць. Пытаюць рады ў мяне. «А вельмі проста: спусціце асінку, яна саб’е елку, і будзе зручна пілаваць». Паслухалі, спусцілі, а яна зачапілася за яловае сучча і вісіць. Прыгнулася бяроза, патрэсквае, ад ствала на згібе адшчапіліся доўгія стрэмкі, а ўсё адно стаіць і трымае два дрэвы. «Пускайце на іх бярозку, яна, пэўна, саб’е гэты будан». Спусцілі, а бярэзіна стаіць і трымае ўсю навісь. Непадалёк пілуюць лесарубы, ды і можа падысці дзесятнік, бяроза не вытрымае і накрые яго.

Мартынюк і Самойлік просяць памагчы. Што тут зробіш? Адзіны ратунак — падсекчы бярозу і паспець адскочыць, пакуль упадуць усе счэпленыя дрэвы. А калі не паспееш? Але гэтым прыдуркам трэба паказаць, чаго варты сапраўдны лесаруб. Рызыка. Чым я, уласна кажучы, рызыкую? Жыццём? А навошта яно, каму трэба? Не сёння, дык заўтра загнешся. Сунешся, як той Ангел Рубежу каля вахты, і канцы, горай жыўцом дагніваць у пелагрозным бараку, вывезуць за конбазу з біркаю на назе, і ніхто не дазнаецца, калі ты і куды знік, бо нікому ты ўжо не патрэбен — адзіная блізкая душа выраклася даўно, не ўберагла сына, і самую, калі жывая яшчэ, недзе закруціла вайна. Прасіўся на фронт, і там не патрэбен. Дык навошта пакутаваць і дарэмна цягнуць лямку? Усё гэта прамільгнула ў галаве, пакуль глядзеў на будан завіслых дрэў на гонкай, але трывушчай бярозе. Няўдалыя лесарубы з апаскаю пазіралі на сваё «збудаванне» і з надзеяй на мяне. Хочаш не хочаш, а зваліць трэба гэтую пастку.

Адступаць не было як. Мой напарнік спалохана буркнуў: «Не лезь, дурань, заб’е. Давай дарэжам сваю бярозу, а тая сама ўпадзе». Мяне пад’юджваў нейкі дурны азарт: калі не заб’е, дык трохі паламае рэбры, а трапіць на бальнічны ложак — мара кожнага арыштанта. «Па тры закруткі махоркі з кожнага і звалю», — прапанаваў свае ўмовы. «Валі. Дамо па чатыры».

Перейти на страницу:

Похожие книги