Я ўгаворваў скласці зброю, і ніхто іх не кране, пакантуюцца каля шпаларэзкі, і ўсё. Караблёў з Русаковым далі чэснае слова. Я прысеў каля Бойкі і пачаў угаворваць, што ў ваенныя часы бунтаваць небяспечна. «А ідзі ты са сваімі ўгаворамі і скажы недасечанаму Ваўку, хай і сцежку сюды забудзе, бо галаву адцяпаем і начальнічку на сподачку прынясем. А нам што, пакантуемся ў цэнтральным ізалятары, новы чырвонец павесяць «с поглощением неотбытого срока». У мяне гэтых чырвонцаў на ўсю брыгаду хопіць...»

Пакуль я ўгаворваў, на ганку пачуўся тупат — не хапіла ў начальнікаў вытрымкі. «Ану, рві когці!» — паспеў мне крыкнуць Бойка. Я адскочыў на другі бок праходу. Хлопцы наструніліся, засунулі рукі пад коўдры. Першы ўскочыў Караблёў: «Ану, духарыкі, маць вашу ёдам мазаную, вылятай без апошняга!» — і падскочыў да нараў. Плужнікаў выхапіў з-пад коўдры жалезную вось, яе канец прасвістаў каля самага вуха Караблёва. Ён хіснуўся і прысеў да падлогі. Нефць-Маслаў і Электрычны выхапілі блішчастыя фінкі. Сасмыкнуўшы кашулю, з фінкай у зубах, ускочыў на верхнія нары Бойка.

Начальнікі пераканаліся, што голымі рукамі іх не возьмеш. Заікаючыся, пагражаў і люта мацюкаўся Самойлаў. Ён, як певень, падскокваў, замахваўся дрынам і адлятаў назад. Плужнікаў стаяў паміж нарамі і спрытна адмахваўся цяжкай воссю. Караблёў памякчэў і пачаў угаворваць скласці жалязякі і ісці на вахту. Нефць-М аслаў паматаў закасанаю да локця рукою: «А ху не хо, гражданін начальнічак? Мантуліш, мантуліш, а пайка з камарыны хрэн. Нас прыслалі кару адбываць, мы і адбываем. Ты ведаеш, у царскіх турмах арыштанты нічога не рабілі, ім давалі два фунты хлеба і фунт мяса на дзень. А нам што? Турнэпс з атрубямі. А кубікі няхай табе даюць контрыкі і рагацікі. Карацей, канайце адсюль, пакуль без дзірак у галаве».

Плужнікаў спрытна пераскочыў праход, бліжэй да начальнікаў, і, як пікаю, замахнуўся воссю. «Кінь жалязяку! — узарваўся камандзір узвода. — Здавайцеся, духарыкі, лічу да трох», — і ён расшпіліў кабуру... «Не палохай пужаных! Схавай пукалку, начальнічак, бо адбяру, бля... буду, адбяру», — спакойна сказаў Коля Бойка. Яго рукі, грудзі і спіна былі спрэс у непрыстойных наколках, і, як у кожнага уркі: «Я помню мать свою родную». Бедная пакутніца-маці, лепш бы яна не раджала сабе, яму і людзям на пакуту гэтае няшчаснае дзіця. Не злосць, а спагада і боль за гэтыя загубленыя душы і лёсы вярэдзілі мне сэрца, і загадка, як і чаму ў наш час суцэльнай пісьменнасці, няспыннага і нястомнага «выхавання» ад дзіцячага сада да выхаваўчапрацоўнага лагера, у нас столькі злачынцаў — юнакоў, падлеткаў, нават дзяўчынак з такім зламаным і горкім жыццём? Глядзеў на гэтых маладых, нечыіх сыноў, і не верылася, што гэтая сутычка праз недарэчную дробязь закончыцца так трагічна.

Русакоў падняў пісталет на плеценым раменным павадку: «Кідайце жалязякі, паразіты! Чуеце?! Р- а-а-з... д-в-а-а...» — «Хрэн з табою, страляй. Маё жыццё — капейка, а тваё рубель». Прагучаў стрэл, разышоўся дымок, а Плужнікаў як стаяў, так і стаіць. «Пукай, пукай. Што, слабо? Сам цюрагі баішся?» — зарагатаў Плужнікаў і рвануў блакітную кашулю, прытрымаўшы пад пахай вось. Трэцяя куля збіла яго з ног. Ён паляцеў у праход паміж нарамі, але зачапіўся за нешта калашыною і павіс уніз галавою. Па загарэлых грудзях і блакітнай кашулі пабегла змейка крыві і закапала на падлогу, а поўныя нянавісці, яшчэ жывыя вочы не заплюшчваліся. Аднекуль прыбег фельчар Цымбалюк, загадаў недастрэленага Плужнікава пакласці на нары. Той сіліўся нешта сказаць, але захлынаўся пеністаю крывёю. Цымбалюк туга забінтаваў яму шыю. Праз марлю праступала і распаўзалася пунсовая пляма. Астатнія «бунтары» пакідалі жалязякі і бегма пабеглі ў ізалятар. А Лісоўскі іх без ордэра не прымае. Хлопцы напрамілы бог просяцца схаваць іх ад Самойлава ў ізалятары.

Плужнікава не давезлі да бальніцы. Ён сканаў па дарозе. Недзе на таежным перагоне ў неглыбокай ямцы прыкідалі зямлёю прыгожага юнака з татуіроўкаю на руцэ «Я помню мать свою родную». Склалі акт: «Убит при попытке к бегству». За што загубілі жыццё на самым пачатку, ніхто не адкажа, і маці не дазнаецца, дзе яе сын. Ніхто нікому нічога не паведамляў — знікалі людзі і — канцы ў ваду.

Праз тыдзень Самойлаў зайшоў у кантору, абапёрся на невысокі бар’ерчык і раззаікаўся з рахункаводам продстала. Ззаду нячутна падкраўся недаростак, дахадзяга Карзубы, высмыкнуў з-пад бушлата сякеру, падцягнуўся на дыбачках і секануў Самойлаву па цемю, але ўдар быў слабы, рассек толькі кепку і скуру. Самойлаў ад страху заваліўся ў кут галавою і замахаў нагамі, як на веласіпедзе. Канторшчыкі выскачылі з крыкам: «Засячэ! Засячэ!» Карзубы круціў сякераю, каб пацэліць у галаву, але Іван Васільевіч так брыкаўся, што было не падступіцца. Да Карзубага ззаду падскочыў здаравенны брыгадзір Лёшка Лычагін, высмыкнуў сякеру і выспяткамі пагнаў «секача» ў ізалятар.

Перейти на страницу:

Похожие книги