Лагпункт толькі асвойваюць. Няма яшчэ электрычнасці, каля вахты і вакол зоны гараць зыркія вогнішчы. Ад полымя снег і твары арыштантаў чырвоныя, як на пажары, і навакольны замецены і заінелы лес здаецца ружовым і хісткім. Наш брыгадзір камандуе па-вайсковаму: «Брыгада Селязнёва стр-р-ро-й-ся!» У водбліску вогнішчаў панура ідзём на вахту. Рукі і ногі ўжо адубелі, а што ж будзе да вечара? У суседнім невялічкім бараку стаіць страшэнны гвалт і гармідар, крыкі, шматпавярховы мат, жаночы віск, лаянка, якой зроду не чуў. Старыя лагернікі жартуюць: «Выводзяць брыгаду Машкі — «зялёнага пракурора». Нарэшце адна за адною выскакваюць маладзенькія дзяўчаты, амаль падлеткі, у стракатых пальцечках, хустачках і берэціках, а з вуснаў ляціць такі слоўны бруд, што я тузаю сябе за вуха, ці не сніцца гэта мне. Павольна з барака выходзіць у міліцэйскім шынялі і шлеме з казыркамі спераду і ззаду кірпатая, з мангольскімі вочкамі і адкапыленаю ніжняю губою «зялёны пракурор» — Машка Прошкіна і сыпле такую віртуозную лаянку, што рагочуць усе брыгады. Яна не выгаворвае палову алфавіту, і яе мацюкі становяцца яшчэ каларытней. А я думаю: «Божа, божа, да чаго давялі самую чыстую істоту — жанчыну; як яна апусцілася і дзе? У нашай перадавой дэмакратычнай краіне». Палохаюся сваіх думак і гляджу, як нарадчык і дзяжурнякі валакуць да вахты гэты жаночы «батальён смерці», а Машка закасвае левы рукаў шыняля, правую далонь падстаўляе пад локаць і трасе рукою ў наколках: «Мы табе, гражданін начальнік, в-о-о намантулім. Наша спіціяльнасць вясёлая. Закарціць, прыходзь на дзялянку, мы табе пака-жам хранцузскія прыёмчыкі». Усе рагочуць, а Машцы толькі таго і трэба. Начальнік нібыта нічога не чуе. З лямантам, віскам і крыкам выпіхваюць жанчын за вахту, не сунімаецца толькі «зялёны пракурор».

Брыгады вывелі за вахту, а нас затрымалі. Стаім, чакаем. Павольна падышоў начальнік, рыхлатвары, з чырвонымі, трахомнымі павекамі, у белым казловым кажусе, фетравых бурках і чорнай кубанцы. Агледзеў нас, пакруціў галавою: «Ну і рабацяг падкінулі! Дзе толькі набралі такіх? Вы ж у сваіх шціблеціках, як прусакі, памерзнеце. А ты, ваяка, як трапіў у гэтую хеўру контрыкаў?» — спытаў у высокага і худога, як тычка, у доўгім кавалерыйскім шынялі і будзёнаўцы лейтэнанта Ягорава. «За падмочаную радню, гражданін начальнік». — «Тады давай, падмочаны, з брыгадзірам у капцёрку па лапці і парцянкі. Скажаш, я загадаў». — А мы ўжо выбіваем чачотку і ляпаем сябе па настылых плячах.

Два былыя вайскоўцы прынеслі бярэма ануч з мешкавіны і ліпавыя лапці. «Разбірай! Азувайся!» — загадвае брыгадзір. Хапаем, каму што дасталося, садзімся на снег і ўспамінаем пастушкоўскае дзяцінства: абкручваем чаравікі анучамі, нацягваем лапці, а яны не лезуць, ззаду тырчаць абцасы, так-сяк зацягваем аборы, ідзём як спутаныя. Нас прыспешваюць: «Давай! Давай! Варушыся весялей!» О, гэтае «давай», яно дзень у дзень, ад пад’ёму да адбою да вызвалення або да магілы, як бізун хвошча кожнага лагерніка. Некаторыя ад злосці самі сабе мармычуць: «Давай хрэнам падавіўся». А ён жывучы — «давай», і мацюкі — асноўны слоўны запас любога лагернага начальніка. Варта іх засвоіць, і можаш кіраваць чым захочаш.

Каля інструменталкі брыгадзір раздае папярочныя пілы і калуны. А дзе ж тыя, лучковыя, што скарачаюць шлях да вызвалення? Відаць, іх яшчэ трэба заслужыць. Нясу на плячы хісткую і звонкую пілу, мой напарнік Валодзя Мяжэвіч — сякеру. Яго яшчэ не паспеў раскурочыць Віцёк Мілашачкін. Валодзя, бадай, адзін з усяе брыгады не мерзне, але ў доўгім паліце цяжка адольваць высокія сумёты. Мы ўваходзім у густы лес. Яшчэ толькі пачынае шарэць, у небе растаюць і знікаюць зоры, вобмацкам цаляем у сляды папярэднікаў. Ідзём моўчкі, нібы на ўласных хаўтурах. Правальемся вышэй калень у гурбы сыпкага снегу. Крыссе брыгадзіравага шыняля плыве па сумётах, а стралок прыспешвае: «Давай, давай, варушыся, не адставай!» Ён злосны, бо, відаць, недаспаў, і ён, як і мы, грузае па снезе і будзе да самага адбою стаяць на сцюжы і на ветры, ратавацца каля кастра. Таму і лаецца, бо болей няма на кім спагнаць злосць, бо верыць, што пільнуе «ворагаў народа», а ён і ёсць той самы народ і мае права пры парушэнні строю страляць без папярэджання, і ахвотна стрэліць, дай толькі зачэпку, і аддзячыць начальства за пільнасць і класавую непрымірымасць. Чаго толькі не перадумаеш за гэтую доўгую і цяжкую дарогу?

Перейти на страницу:

Похожие книги