Ніяк не магу ўцяміць, дзе рэальнасць, а дзе трызненне і сон. Ляжу на нарах, чую гаману, сваркі, крыкі: «Укралі! Укралі! Лаві яго, гада!» Пацягнула халодным ветрам. Гляджу — насупраць у брызенце прарэзана вялікая дзірка. Праз яе зніклі дзве торбы з трантамі і пайкамі рабацяг. Пакуль абкрадзеныя беглі праз дзверы, зладзеяў і след прастыў. Глыбей нацягваю шапку, адгінаю на лоб калматы казырок, заплюшчваюся і зноў патанаю ў свет успамінаў. Але што ўспамінаць? Колькі было таго жыцця? Галоднае і пакутнае маленства, кароткае «орабачивание» на бабруйскім камбінаце, захапленне літаратурай, мары пра пісьменніцтва, жаданне служыць літаратуры да скону, зрабіць нешта значнае, стаць вядомым назло зайздроснікам, што ў вочы кпілі з мяне, дражнячы вершаплётам. Я моўчкі зносіў абразы і верыў у свой шчаслівы лёс.

Успаміналася студэнцтва на трохсотграмным пайку, бутэрброды з гарчыцаю ў студэнцкай сталоўцы, але якія былі спадзяванні, якія ўяўляліся перспектывы, даволі частае друкаванне ў газетах рыфмаванай банальшчыны да свята, да падпіскі на пазыку, пра выратаванне чэлюскінцаў. I гэта па наіўнасці здавалася далучэннем да літаратуры. Успаміналася частае наведванне Дома пісьменніка, шапачнае знаёмства з вядомымі пісьменнікамі і такімі ж, як і сам, калялітаратурнымі хлапчукамі. Не магло прысніцца нават у кашмарным сне, што за наіўную калялітаратурную гульню могуць на самым пачатку так бязлітасна паламаць жыццё і кінуць, як страшнага звера, у каменную дамавіну адзіночкі так званай «амерыканкі». Яе тэрмінова збудавалі па праекце таленавітага архітэктара (казалі, што потым ён сам у ёй сядзеў як шкоднік) у двары самага страшнага наркамата, калі пачалася расправа над «ворагамі народа», калі даваліся заданні і спускаліся планы на арышты і знішчэнне.

Нават на мулкіх нарах у настылай палатцы страшна ўспомніць маю адзіночку, несупынны трохмесячны канвеер — ноч і дзень, зноў ноч і дзень, калі страчана адчуванне часу, рэальнасці, а бяссонне пад невыносным прэсам пагроз, здзекаў, цынічных зняваг некалькіх змен следчых даводзілі да галюцынацый, да страты прытомнасці. «Амерыканка» адразу расплюшчвае чалавека маральна, дзейнічае на псіхіку, ашаломвае незвычайнай таямнічасцю, а бясконцыя месяцы бяссонных допытаў пра нішто нават непакорлівага і трывалага ламаюць як асобу, і ўжо чакаеш смерці, як збавення ад страшэнных здзекаў і нечалавечых пакут.

I ў сонечныя дні ў камеры змрок і магільная цішыня. Сядзі і думай пра свае «злачынствы», якіх у цябе ніколі не было, бо ўся твая біяграфія — тры радкі на старонцы вучнёўскага сшытка, а следчы патрабуе «арганізацыі», «зборышчаў» і дзяўбе адно: «Прызнавайся! Гавары праўду», а праўдаю тут лічаць хлусню, фантазію і самапаклёп. Прыдумляй з расплюшчанымі вачыма, бо нават задрамаць стоячы лічыцца злачынствам, а за яго караюць карцэрам у глыбокім падзямеллі, без святла і чыстага паветра, з цуркамі вады па сценах і на падлозе. Ні тапчана, ні зэдліка. Стой, пакуль не звалішся ў халодную лужыну на бетоннай падлозе.

«Амерыканка» наяве і ў снах трызніцца, як кашмарнае відовішча. Я ў адзіночцы на несупынным канвееры праседзеў тры месяцы. Потым яшчэ туды вяртаўся тры разы. Усё гэта круціцца ў памяці. Сон не бярэ на голых, трохі падсушаных уласнымі бакамі нарах. Жах апаноўвае, што праз некалькі гадзін зноў удараць у буфер і... «вылятай без апошня, умывайся снегам, сёрбай у чаднай сталоўцы поліўку з трасковымі галовамі, дрыжы на разводзе, шэсць кіламетраў мясі снег да лесасекі, выбівайся з сіл каля тонкіх бярозак, ведаючы, што норму ніколі не выканаць. Значыць, тут і загнешся, у хмызняку за конбазаю засыплюць снегам і твой шкілет, бо, як ні старайся, на лучковую пілу і канадскі тапор спадзявацца няма чаго. Лепш было б над гэтымі варотамі напісаць: «Оставь надежду всяк сюда входящий».

Але так ужо створаны чалавек, што да апошняй хвіліны на нешта яшчэ спадзяецца, каб хоць на дзень адкласці апошняе імгненне. Вось і Валодзя Мяжэвіч «махнуў кліфт, правілку і шкары» за некалькі паек хлеба і абяцаную палёгку. Паліто аддаў дзесятніку Папову, яму хутка вызваляцца, затое нам цяпер гарантавана шасцісотка і другі кацёл. У мяне «заганяць» няма чаго, таму адчуваю сябе нахлебнікам свайго напарніка. А ён адразу стаў падобны на датлелага дахадзягу — бушлат трэцяга тэрміну, мультановы малахай, на нагах ватныя бахілы і лапці, а я калачуся ў сваіх неданосках з волі — нікога яны не прывабілі, ніхто за іх і пайкі не дасць.

Перейти на страницу:

Похожие книги