Неяк у зоне нечакана сустрэўся даўні знаёмы — паэт Сяргей Дарожны. Тут ён быў пад сваім прозвішчам — Серада. Мы з ім таварышавалі на волі, часта сустракаліся ў Доме пісьменніка, бываў у яго на кватэры, у «пісьменніцкім мікрараёне» на вуліцы Розы Люксембург. Сустрэліся ў адной камеры мінскай гарадской турмы. Яго раней за нас забралі і раней адправілі на этап. I вось сустрэча. Угледзеў і ледзьве пазнаў. Сяргей заўсёды быў франтаваты: насіў добрыя касцюмы, модныя чаравікі і гальштукі, абавязкова капялюш і з дарагога драпу паліто. I ў турме ён вылучаўся вопраткаю. Цяпер на ім была цеснаватая прапаленая мультановая шапка з падвязанымі кароткімі вушамі, трэцяга тэрміну бушлат, бахілы і так званыя ЧТЗ — вялізныя чаравікі з аўтамабільных пакрышак. Настрой у Дарожнага быў бадзёры: ён, нягледзячы на «контррэвалюцыйны» артыкул, прыстроіўся рахункаводам у бухгалтэрыі: выпісваў на брыгады лапці, парцянкі, целагрэйкі і бялізну. Я пацікавіўся, як гэта яму пашанцавала ўбіцца ў «прыдуркі». Сяргей не вельмі ахвотна расказаў, што начальнік КВЧ (культурна-выхаваўчай часці) Малаканаў даведаўся, што ён паэт, папрасіў напісаць мабілізуючыя частушкі, рыфмаваныя лозунгі і за гэта прыстроіў у кантору. «А хто такі Малаканаў?» — пацікавіўся я. «Ён жа кожную раніцу на разводзе выступае з прамовамі, заклікае выконваць і перавыконваць план, даваць «лес Родине, и она вас простит!». Я думаў, гэта намеснік начальніка такі палымяны прапагандыст, а Сяргей растлумачыў, што Малаканаў — «бытавік», родам з Горкага, яго расканваіравалі і даручылі выхоўваць нас. Цяпер стала ясна, чаму на разводзе, стаўшы на скрынку, ён звяртаецца да нас: «Товарищи заключенные! Родина-мать дала вам возможность честным трудом искупить свою тяжкую вину. Родине нужен лес для великих строек социализма, наш долг — дать его Стране Советов, оправдать доверие партии Ленина — Сталина, сохранившей вам жизнь, чтобы вы исправились, перевоспитались и стали честными гражданами нашей самой счастливой в мире страны. За ударный труд предоставляются зачеты, и вы досрочно возвернетесь в семью строителей социализма. За работу, товар-рищи!» Адно і тое ж кожны дзень.
Малаканаў ходзіць у будзёнаўцы, новенькім бушлаце, зграбных валёнках з закасанымі халявамі, весела жартуе з начальнікам і камандзірам узвода, запанібрата з вахцёрамі, жыве ў асобнай кабінцы, абеды яму проста з кухні носіць днявальны. Пасля штодзённай «малітвы» на вахце Малаканаў падае знак блатнаватаму гарманісту, і той рэжа адну і тую ж мелодыю «Утро красит нежным светом стены древнего Кремля». Пад музыку вахцёр пералічвае пагалоўе брыгад, а стралкі далдоняць адно і тое ж: «Шаг вправо, шаг влево ... стреляю без предупреждения».
На адным з разводаў Малаканава не было, а мы так прывыклі да яго зычных «акафістаў», што здалося: нечага не хапае. Думалі, захварэў, аж не, папаўзла чутка: палымяны прамоўца і наш заўзяты выхавальнік... збег. Знік, і знаку няма. Ні аўчарка, ні стралкі так і не ўзялі след, па якім сігануў Малаканаў. А оперупаўнаважаны чэкісцкага аддзела ўсю ноч дапытваў Дарожнага, як ён садзейнічаў уцёкам Малаканава. I той расказаў шчырую праўду: за пасаду ў канторы начальнік КВЧ зняў з яго ўсё, нават бялізну, каб па лагерных пячатках ніхто не пазнаў, адкуль ён. Паліто і шапку пераправіў на конбазу раней, на гарнітур Дарожнага нацягнуў новенькі бушлат, нібыта пайшоў на станцыю Пастой па плакаты, прысланыя з упраўлення. Як пайшоў, так і след прастыў. Схапіліся толькі на другі дзень, калі «прапаведнік» не выйшаў на развод. Потым выявілася, што Малаканаў зусім не Малаканаў, а славуты ў злачынным свеце аферыст, якога шукаюць па ўсёй краіне. Ён здабыў сабе прыстойную «ксіву» (дакумент), павандраваў па Волзе і Каўказе, а калі адчуў, што можа ўліпнуць за ранейшыя буйныя злачынствы, украў нейкую дробязь, так, каб адразу злавілі. Далі яму чатыры гады, і ён схаваўся на нашым лагпункце, каб пераседзець небяспеку. Занудзіўся па сапраўднай «рабоце» і знік, каб пачаць гастролі па асноўнай спецыяльнасці.
Няшчаснага Дарожнага затузаў «кум» за садзеянне ўцекачу, але, відаць, Сяргей неяк разжалобіў упаўнаважанага, што той не павесіў на яго новы артыкул і тэрмін, а выгнаў з цёплага месца ў дахадзяжную брыгаду лесарубаў. Там Дарожны і скіс. А мы патроху акрыялі: зрэдку з дому пачалі прыходзіць пасылкі. Сям’і ў мяне ўжо не было, але дзядзька з Глуска часам прысылаў сухары, рукавок фасолі, кавалак сала і пачак кускавога цукру. Мае сябры мелі добрыя пасылкі ад блізкай радні, але ніхто не жаваў хатнія прысмакі з кулака, усе дзяліліся чым толькі маглі. Павесялела наша брыгада. Не таму, што стала пілаваць звыш нормы, а ўсе навучыліся заганяць «туфту» — па тры разы здаваць адны і тыя ж кубікі.