Дарожны яшчэ не ўцягнуўся ў работу і не засвоіў лагерную прамудрасць, і з волі была малая дапамога ад адзінай слаба забяспечанай сястры. Хадзіў Сяргей маўклівы і змрочны. У лесе не выцягваў на другі кацёл, слабеў з кожным днём і думаў, як вырвацца з лесапавалу. Дачуўся, што недзе ёсць сельскагаспадарчыя лагеры. Яны яму здаваліся збавеннем — і работа лягчэйшая, і першая морквіна ці бульбіна, хоць сырая, перападзе, а там, глядзіш, і гурочак не абміне. I наважыўся пісаць заяву, што ён аграном і просіць скарыстаць яго па спецыяльнасці. Я яго ўгаворваў нікуды не зрывацца ад сваіх, не паслухаўся, адправіў заяву ў Другі аддзел упраўлення. «Які ж ты аграном? Выкрыюць падман і загоняць на штрафны», — ушчуваў я яго. «Хіба я не ведаю, як бульбу саджаць. А выкрыюць — пайду радавым рабочым. Рыдлёўка і капаніца ўсё ж лягчэй за пілу, ды і перападзе якая гародніна, а тут я загнуся галоднай смерцю». Мы бачылі, як ён пакутуе на сваёй маленькай паечцы, дапамагалі як маглі. Напрадвесні яго выклікалі на этап па спецнарадзе. Мы развіталіся каля вахты; я больш ніколі не сустракаў Сяргея і нічога не ведаў пра яго лёс аж да шасцідзесятых гадоў. А лёс склаўся трагічна.
Адправілі Дарожнага ў Камсамольск-на-Амуры. Там, на ўскраіне новага горада, быў вялікі лагер. Пракладвалі дарогі, дзяўблі непадатлівую горную пароду, грузілі баржы і «даходзілі», асабліва на пачатку вайны. Ніякім аграномам Дарожны не стаў. Ён нудзіўся, што адбіўся ад сваіх, сам сябе загнаў у гэты суровы край і ўкалвае мудрэй, чым на павале.
Па афіцыйнай версіі, Дарожны памёр у 1942 годзе ад запалення лёгкіх. Пелагру, дыстрафію, поўнае знясіленне ў лагерных актах аб смерці пераймяноўвалі на больш прыстойныя дыягназы — пнеўманія, сардэчная недастатковасць, рак або язва. Нешта падобнае запісалі і ў апошнім дакуменце асуджанага па артыкулах 72-а і 76 (групавая контррэвалюцыйная агітацыя) Серады Сяргея Міхайлавіча, а на волі пранікнёнага лірыка Сяргея Дарожнага.
У шасцідзесятыя гады ў Камсамольску-на-А муры я ехаў у трамваі каля таго самага лагера, дзе пад шасцізначным нумарам сканаў Сяргей Дарожны, і ўспомніліся яго даўнія радкі: «Зіма, зіма, а снегу па калені, ні сцежак, ні дарог няма». Так, цяпер ні сцежак, ні дарог няма за тыя сопкі, куды звезлі тысячы пакутнікаў з усіх куткоў нашай горкай, знявечанай, абрабаванай здзічэлымі катамі зямлі. Магіл іх няма, і следу не засталося, толькі крываточыць і баліць незагойны рубец памяці нямногіх жывых, што пранеслі цяжкі крыж, каб сведчыць пра здзекі, знявагі чалавечай годнасці, пра масавае знішчэнне лепшых, сумленнейшых сыноў і дачок краіны, за волю і шчасце якой гінулі многія пакаленні самаахвярных летуценнікаў і волатаў духу.
Калі з першых дзён не засвоіў прымітыўныя лагерныя хітрыкі, твой тэрмін будзе скарачацца хутчэй за шчыгрынавую скуру, і вывезуць цябе, небараку, у самым хуткім часе ноччу за вахту, а ў зводцы перавядуць з групы «А» ў групу «Д» (нябожчыкі).
Не прыпомню ніводнага выпадку, каб нават самы дужы і здатны лесаруб не тое што дзесяць, а запар тры гады вытрымаў на лесапавале. Спачатку ён — ударнік, яго ставяць усім у прыклад, абедаць садзяць на сцэну і, каб усе бачылі, нясуць кампот і беленькую булачку, потым ён знікае са сцэны, ледзьве дае сто працэнтаў, праз паўгода трапляе ў «слабасілку», аціраецца каля кухні, на сметніках збірае косці, становіцца «шакалам» і «міскалізам», апухае, перастае ўмывацца і непрыкметна пераходзіць у групу «Д». Нават асілак пры тых харчах, у тых умовах і пры нечалавечых нормах больш трох гадоў не вытрымліваў.
Яшчэ неяк трымаўся той, хто засвоіў спрадвечныя лагерныя ісціны: «Не правялі б канала без туфты і аманала», «Дзень кантоўкі — месяц жыцця», астатняе залежала ад вынаходлівасці, асцярожнасці і рызыкі, каб не засыпацца, не трапіць у кандзей і здаваць адны і тыя ж дровы, рудстойку і дзелавы лес, пакуль не вывезуць з дзялянкі.
На туфту мяне з Мяжэвічам далікатна падбіў сам дзесятнік Папоў. Яго намёкі спачатку напалохалі, а як расшалопалі, што да чаго, з штрафнікоў ледзь не выбіліся ў стаханаўцы. Дзесятніку я падарыў вельмі дарагі напамінак аб доме — зялёны пуловер у ромбіках. Каб падарунак не выглядаў хабарам, сказаў: «У палатцы ўсё адно ўкрадуць, у вас ён зберажэцца ды і на волі вам згадзіцца». Ён паламаўся дзеля прыліку, нібыта нехаця ўзяў, потым наўрад ці ўспомніў калі нас з Валодзем, а я вось яго і цяпер успамінаю.