Чаго я дамагаўся гэтым перанайменнем? Сапраўды, у беларускай “падстава” ёсць сінонімам “нагоды”. Але ж рускі кантэкст, а няма сумневу, што Наста, як і ўсе мы, адной нагой ці паловай адной нагі стаіць у гэтым рускім кантэксце, дык вось, рускі кантэкст мае яшчэ адну канатацыю “падставы” – тое, што па-ангельску можна вызначыць як “set up”, а па-беларуску – “пасткай” (я ж тады быў упэўнены, што Вілаў не можа прачуць шматзначнасці “падставы”). І вось тэкст выйшаў з “падставай” у шапцы. Чаму Наста не заўважыла гэтага майго засцерагальнага шэпта, які прагучаў на тле чужога тэкста? Эх, каб я ведаў, чым скончыцца!
І апошняя сумная рыса. Два тыдні прайшло пасля таго, як з Вільні дайшлі супярэчлівыя звесткі аб тым, што Насту ўзялі. Уся беларуская дыяспара, усе ўзгаданыя ў тэксце “сяргеі”, у якіх мы з лёгкасцю пазнаем сапраўды існых беларусаў, яскравых прадстаўнікоў нашае эліты ў выгнанні, што сябравалі з мярзотнікам, спрабуюць расшукаць таго Вілаў. Ён жа нібы выканаў запланаванае побач з (выдуманай) Астай ды (выдуманым) мужам Асты і праваліўся пад зямлю ў пекла (туды яму і дарога). Хата ля анёла спусцела, спусцелі і пакоі, якія займаў “Іваноў”. У агенцыі кажуць, што сапраўды нерухомасць была ў доўгатэрміновай арэндзе, але ж пашпартных дадзеных гасцей у іх не захавалася (а калі б захаваліся – што гэта б дало? На Лубянцы маглі зрабіць пашпарт на імя не толькі грамадзяніна ЗША Вілаў, але ж нават на адказнага карыстальніка жылплошчы “Дэмана Іванавіча Рагатага”). Дык вось, у гэтай мітусні, калі яшчэ не было зразумела, якіх памераў пастка была падрыхтаваная для Насты, на маю хатнюю скрыню прыйшла пульхная бандэроль з ЗША. Без зваротнай адрэсы, штэмпель “П. О. боксу” з Бостана ды стракатыя налепкі авіяцыйнай пошты. Адпраўніком быў заяўлены той самы Джон Вілаў, які ўбіўся ў ласку палове беларускай Вільні.
Дрыготкімі рукамі рву паперу, адчыняю кардонную скрынку ды бачу там ёлачную ляльку: палатняны трусік у клецістай сукенцы ды франтаватым паліто з адарванай у параксізме юнага садызму нагой. Ні ліста, ні якіх іншых тлумачэнняў. Перад тым, як знікнуць назаўжды, знікнуць без следу, Вілаў даслаў мне цацку, падараваную яму дзяўчынай, якая з-за яго скончыла ў астрозе. Не ведаю, ці то былі сентыментальныя пачуцці (калі падобныя пачвары здатныя на пачуцці), якія вымусілі яго напрыканцы “здаць інвентар”. Бо можна ж было тую ляльку змясціць у якім-небудзь “пакоі славы” на Лубянцы, пакоі, у якім можна знайсці артэфакты, здабытыя цягам паспяховых аперацыяў, сімвалы пераможнасці дзяржбяспекі: ледасек, якім праламілі галаву Троцкаму, кубачак з кавярні, у якой атрымаў дозу палонію Ліцвіненка… Але ж вось выракся, даслаў тое, што яму не належала, бо не яго гэта спадчына – асабістыя рэчы зніклага маёнтка. Можа, не хацеў гнявіць здані, што яшчэ лётаюць там, над поплавамі ля Навагрудку? Ці кіраваўся спецыфічнымі службовымі забабонамі, згодна з якімі – дужа дрэнная прыкмета захоўваць маёмасць тых, чый лёс паламаны дзякуючы табе? А можа, гэта быў знак таго, што Вілаў назаўсёды выходзіць з гульні, знікае, раствараецца ў паветры? Каб мы яго не шукалі? Вось апошняе, што звязвала яго з Настай, пекнай прыгажуняй са станам далікатным, нібы вітая калона часоў барока, лялька, лялька з адарванай нагой…
Наста, я ведаю, што ты не прачытаеш гэтыя словы, але я бяру гэтага трусіка – твайго трусіка, кампаньёна па бестурботнаму дзяцінству, я бяру яго ў далоні, скручаны адчуваннем уласнай віны перад табой, я бяру гэтую маленькую палатняную істоту са збянтэжанай мыскай – яго сапраўды пазбавілі мамкі, бо ты ж гуляла з ім, была для яго як маці, я захоўваю яго ў доміку ўласных рук, я кранаю яго за лапку ды паводжу ёй з боку ў бок, гэта такое вітанне – ён не ведае, дзе ты, але ж вітае цябе, вітае, небарака, у якога няма душы і які з-за гэтага ніколі – ніколі, Наста, не здрадзіць. Не здрадзіць табе, як гэта зрабілі людзі, здаецца, усе людзі, усе да аднаго, якія цябе атачалі, і я – я ў іх ліку… Ён памятае пра вашыя гульні, пра тыя пяшчотныя словы, якімі ты яго клікала, ён нудзіцца, яму дрэнна без цябе, але ж ён маша лапкай, і мы з ім – мы ўдвух – спадзяемся, што там, дзе ты зараз, табе зрабілася трохі цяплей.
***
Як бралі Насту
Допіс з блогу карыстальніцы Crazy_By