Я растлумачу вам, куды той дзеўся. Крысцін завязнуў у дрыгве сюжэту, бо з’яўляўся трэцяраднай дэталлю, кшталту колеру вачэй у афіцыянта, які абслугоўвае кампанію, якая скокала ў п’яным гапаку вакол галоўнага героя, калі той… Разумееце ўзровень запатрабаванасці Крысціна? У такога афіцыянта за тэкст колер вачэй пры сярэднеўзважанай нядбайнасці аўтара можа змяніцца тройчы – ад адценню шампанскага (з бурбалкамі), калі тыя пачынаюць з шампанскага да сталёвага блакітнага, які тэкстуальна раптам сутыкнуўся, счапіўся са скрадзеным у параксізме п’янай прадбачлівасці мельхіоравым відэльцам (у выкрадальніка наваселле, яму няма чым дома падчапляць сасіскі з талеркі, ну бывае так!). Крысціна штуршкамі ўпіхнулі ў пакоі Вілаў, бо кот быў патрэбны дзеля ўзгадкі пра котку Насты, якую прыбіла мамка-садзюга. Кот Крысцін быў яшчэ адным кавалачкам сала ў пастцы, развіваў супрацьпастаўленне людажэрнага свету Беларусі, да якой аўтар, дарэчы, ставіцца занадта грэбліва, і гуманнага, прыемнага ва ўсіх адносінах Вілаў. Адтуль жа, дарэчы, узгадка пра тэлевізійны сюжэт пра норыцаў. Норыцы знешне падобныя да катоў, асуджэнне ўсёй краіны агулам за тое, што ў ёй забіваюць норыцаў (а што з імі рабіць? Чакаць, пакуль падохнуць ад старасці? Ці, можа, адпусціць у лясы ўсіх звяркоў, якія каштуюць больш за мільён еўра?), дык вось, гэтае асуджэнне псіхалагічна ўмацоўвала пазіцыі Вілаў. Ён бароніць норыцаў, ён завёў ката і назваў яго ў гонар забітай Настынай коткі, ён такі небарака, што нават чэлес кацяняці не заўважыў, ну ці яго можна падазраваць у сувязях з вайсковай выведкай ці КДБ?
Але ж кот – не сюжэт па тэлевізіі, які прамільгнуў, быў узгаданы ды забыўся. Заўважце, Крысцін “нарадзіўся” ў тэксце на палове другой часткі. І з той пары пра яго – ніводнай згадкі. Суседская курыца яшчэ ўсплывае, а кот, кот, якога трэба карміць, паіць, які спіць з табой у адным ложку, ці чамусьці не спіць (звычайна гэта адразу трагедыя – кот не спаў са мной сёння, штосьці здарылася, мы страцілі псіхалагічную сувязь, ці я яго пакрыўдзіў!), кот – знікае. Кот, які павінен быў раздзерці гаспадарскую мэблю ды быць адзначаны за гэтае россыпам сюсюканняў (бо ката ж лаяць немагчыма), кот, які павінен быў неяк паставіцца да Асты (уладальнікі катоў ведаюць, што пра тое, як прыняў Асту Крысцін тут павінна было быць адразу некалькі абзацаў) – ён наўпрост знік. Гэтае знікненне з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што тэкст Вілаў апісвае не рэчаіснасць, але выдумку. Няўвага да трэцярадных дэталяў вымышленага свету – распаўсюджаная прыкмета аўтараў, якія толькі пачынаюць шлях у літаратуру. Колер вачэй афіцыянта змяняецца тройчы, герой раптам хапае са стала кілішак з гарэлкай, хаця замаўляў крамбамбулю – знаўцы ведаюць, пра што я кажу.
Рэчаіснасць не дазваляе сказіць падобныя дэталі. Калі мы маем справу з аўтабіяграфічнымі творамі, каты не знікаюць. Вілаў прадае ўласную частку дэбэшнай пасткі менавіта як аўтабіяграфію. Але не існавала таго героя, якога ён пазначае аўтарскім “я”. І ката ў таго героя ў двухпавярховай кватэры ля Піліес не было. Кватэра была, нават “віленскі Вілаў”, “Вілаў №2” з дрэннай, ламанай беларускай мовай там жыў, прычым хутчэй за ўсё жыў не адзін, а з брыгадай захопу. Але ж гэта быў не той чалавек, якога бачыла Наста ў Стамбуле, не той, хто яе “кахаў”, не той, хто пісаў даволі дасканалы беларускамоўны тэкст. Тут была сапраўдная “здымачная брыгада”, сапраўдны вайсковы шыхт з герояў, дублёраў герояў, свядомасці герояў, якая афармлялася ў тэкст. І дзіва што нейкаму кату, згаданаму ў тэксце, у рэальнай кватэры месца не знайшлося. Калі Наста сунулася б туды, ката (ці ягонай адсутнасці) усё роўна разгледзець не паспела: яе б захапілі яшчэ на падворку, “зухаваты Іваноў” бы захапіў. Коціка не было ў рэале, знік ён і з тэкста, быў забыты нядбайным аўтарам.