Усе таксама нібі прачнуліся, рынуліся за хлопцам. А за імі нячутна пацягнуліся і прывідныя здані. Як дзеці дабеглі да брамкі, аднаму Богу вядома. Здані ж, калі дасягнулі агароджы могілак, спыніліся як укапаныя, а дзеці ашалела пабеглі да самай вёскі.

Акуліна гэтаму не верыла, толькі скупа ўсміхалася.

А вось і вечнае сынава лежбішча. Старая тры разы перакрыжавала свае ўпалыя грудзі, пацалавала крыж, прысела на недалёкай лаўцы. Пачала няспешную гамонку з сынам. Яна гаварыла завучана, пераказвала, што новага бачыла, што зрабіла за дзень. Акуліна нават у першы раз не звярнула ўвагі на тое, як каля магілкі сына хлёстка, нібы пярун, нешта ляснула. Яна толькі міжвольна павярнула галаву.

— Дзіцятка тваё, Андрэйка, усё не лепшае,— распавядала яна,— як забалела ў яго нага мінулай восенню, так і даймае хлопца. Гэта ж трэба такому здарыцца. Ішлі мы з ім на агарод за Кудзеліным выганам, калгаснае жыта ўжо было зжата. Ішлі, гаманілі пра тое-сёе. Дзень быў пахмурны, нягожы, пачынала імжэць. I навошта я пацягнулася на гарод — не ведаю. Няхай бы тую бульбу ўсю да каліва фітафтора з’ела, але ж павалаклася і Андрэйку ўзяла. Унук круціў галавою туды-сюды. Ведама — малы. Нечакана ён выгукнуў: «Баб, глянь, вунь зайчык на іржышчы!» — і кінуўся бегма за ім. Нейкую сотню крокаў зрабіў і спатыкнуўся на раўнюсенькім месцы. Як паваліўся Андрэйка, так больш і не ўстаў. Нага забалела, ды так, што я ледзьве дацягнула яго да хаты. Да лекараў вазілі, шапталі, але ж ніякай рады нямашака. Пакутуе хлопец, калдыбае дома, а яму ж да сваіх равеснікаў карціць пайсці, пагойсаць, як і ўсім. Трлькі ж не можа ён, дзіцятка тваё.

Тут зноў нябачны пярун ляснуў, але ўжо бліжэй да магілы Сяргея. Акуліна ад нечаканасці схамянулася. Нешта пахаладзела ў грудзях.

— Божа мой літасцівы,— ледзь чутна прашаптала старая,— што гэта можа быць? Няўжо падалося? Счакаю крыху — калі паўторыцца, то пайду дадому, няхай…

Яна не паспела дагаварць, як нябачны пярун з адцяжкаю стрэліў, здавалася, над самай галавою Акуліны, аж заклекатала ў вушах. Старая сапраўды спалохалася, але не да такой ступені, каб на злом шыі кінуцца прочкі з кладоў. Яна паднялася з лаўкі, перахрысцілася дрыжачай рукою, цяжка, з грудным стогнам выдыхнула:

— Відаць, надакучыла я табе, сынок. Не даю спакойна ляжаць. Гоніш ты мяне, Сяргейка, ад сябе. Гоніш… А і праўда, спачывай, дзіцятка, з Богам ды чакай мяне. Не затрымаюся я дужа доўга, прыйду хутка, прыйду, і будзем разам навечна. Спі спакойна, Сяргейка, а я пайду да сямейнікаў. Як ні цяжка, але жывому пра жывое думаць трэба. Твая праўда, сынок.

Акуліна за адно-адзінюсенькае імгненне неяк асунулася, счарнела-састарылася, быццам на яе плечы нехта нябачны ўскінуў дзясятак непасільных гадоў. Ледзь перастаўляючы ногі, яна пасунулася да брамкі-варотцаў могілак…

…Пятрок прачнуўся ад шчаўчка замка ва ўваходных дзвярах. 3 секунду няўцямна ўзіраўся наўкола. Нічога не разумеў, бо яшчэ знаходзіўся там — побач з бабуляй, глядзеў на свет яе вачыма, а ў грудзях шчымела і надрыўна бухкала сэрца. Ён быў у далёкай вёсцы-нябожчыцы, роднай вёсцы, якая засталася толькі ў памяці, а не на квітнеючай зямлі. Не, нельга назваць Асінаўку нябожчыцай, нельга. Яна існуе, яна працягвае жыць, праўда, толькі ў свядомасці тых, хто яе памятае. Паціху адыходзяць у лепшы свет вяскоўцы, але ж засталося пакаленне маладых, Петракова і Рудзькава пакаленне. А яны не забываюць родны куток, помняць кожны двор, кожную сцежку і дрэва. I вёска ўдзячная ім, яна начамі прыходзіць у сны, супакойвае, калі нудота агортвае душу, калі няўтульна і адзінока, дапамагае знайсці суладдзе з самім сабой, гармонію, якой часта не хапае былым вяскоўцам у зменліва-здрадлівым горадзе. Асінаўка сілкуе сваіх удзячных дзяцей, якіх выпеставала, узняла на ногі і выпусціла ў вялікі свет.

I яны, дзеці роднай старонкі, помняць малюсенькі куточак, дзе было так добра і надзейна, спакойна і ўтульна, дзе была самая смачная вада і найвысачэйшае неба, а цёплыя дажджы змывалі з цел усе хваробы і болькі.

— Не, Асінаўка не нябожчыца. Яна жыве разам са мною.

— Пра што гэта ты? — спытала з прыхожай Кацярына.— Толькі давай не лаяцца, я ж у Таццяны заначавала. Нічога страшнага не здарылася.

«Ведаў бы ты, мой хлопчык,— падумала пра сябе,— накормлены конь і то наравіць скубануць клок травы з чужога агарода. Такая ўжо сутнасць чалавечая».

— Падымайся. Ці на работу сёння не думаеш ісці? У мяне другая змена. Зараз звару кавы, пап’ем разам.— Кацярына падышла да ложка, пацалавала Петрака ў шчаку.— Слухай, дарагі, нешта ты дужа памяты, і вочы заплылі, не раўнуючы, кітаец ляжыць. Што, кутнулі з Рудзькам?

— Было трохі,— буркнуў Пятрок.

— Божа мой, ну і перагарам жа нясе. Лепш не дыхай на мяне,— замахала рукамі Кацярына.— I што такое ты мог выпіць?

— Зелле ад Рудзькавай маці.— Пятрок наважыўся прыцягнуць да сябе Кацярыну, але яна выкруцілася.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже