Пятрок прачнуўся сярод ночы. Хмель выпітага за дзень яшчэ засціў свядомасць. Цёмнае бра на сцяне ля ўзгалоўя канапы расплывіста асвятляла пакой, надаючы рэчам таямнічасць. Некалькі хвілін хлопец ляжаў нерухома, утаропіўшыся вачыма ў столь. Перад унутраным зрокам мільгацелі эпізоды-карцінкі мінулага дня: Рудзька і ягоны гараж, імправізаваны столік з пітвом і ежай, дзве дзяўчыны, якіх яны з Рудзькам прывезлі ў гаражныя апартаменты, хіхіканне, цыгарэтны дым, самагонка без смаку. Усё — як у танным і дрэнным фільме, які здымаўся хуткай рукою невядомага аператара на закінутым гарышчы напаўразваленага барака. Але дзіўна — ніякай брыдкасці ад пражытага дня Пятрок не адчуваў. Было тое, што было, і ўсё.
На нейкую хвіліну хлопец задумаўся. Штосьці ў памяці няўлоўна мільгацела, слізгала па свядомасці і ніяк не магло праявіцца, рэалізавацца ў канкрэтным малюнку. Пятрок памятаў: перад тым, як прачнуцца, ён нешта сніў. Менавіта ад таго і прачнуўся. Прычынай была зусім не смага, якая скавала язык у роце драўлянымі абцугамі. 3 языком-бервяном ён бы праспаў і да раніцы. Штосьці іншае пабудзіла яго. Пятрок прыплюшчыў вочы. Яму карцела злавіць танюсенькую нітачку сну, якая павуцінкай прашмыгвала ў свядомасці.
«Так. Ага… Я бачыў нябожчыцу бабулю. Мілую бабу Акуліну. Ейныя вочы… твар. Твар быў не такі, як заўсёды. Па ім быццам нябачны араты прайшоўся разорыстым плугам і пакінуў жорсткія барозны. Ніякая пылавая імгла не разгладзіць іх, россыпы маршчын і маршчынак. Я спалохаўся. Зрабілася вельмі боязна. Бабуля ж мне заўсёды сніцца як перасцярога ад хваробы ці нейкай бяды, непажаданага здарэння»
Пятрок на імгненне задумаўся.
«А дзе ж Кацярына? Я зусім адзін дома. Ыгы, адзін. Пачакай, не спяшайся, успомні… Яна ж позна званіла, адразу, як зайшоў у кватэру, папярэджвала, што заначуе ў сяброўкі Таццяны. Ну і няхай. Вось да чаго толькі сон з бабуляй? А можа, гэта вынік выпітага? Мазгі атручаны алкаголем і тытунёвым дымам».
«Наўрад»,— нехта старонні ўбіўся ў думкі хлопца. Пятрок не прыдаў гэтаму значэння. «Дзень пражыты на ўсе сто пяцьдзясят. Адарваўся па поўнай праграме».— «Глядзі, каб яно не адгукнулася табе». Цяпер Найдзін прызадумаўся: «Во, бляха-муха, ужо раздваенне асобы, як у штатаўскіх стужках. Так недалёка і да Навінак». «Не, гэта будзе бліжэй, на Прылукскую. За ўсё трэба плаціць, коцік марцовы».
У пакоі зрабілася неяк вусцішна, нават страшнавата. Пятрок зыркаў з падпрыплюснутых веек наўкола, абмацваў позіркам знаёмыя рэчы, і яны здаваліся хлопцу брыдкімі, чужымі і зласнаватымі. Падалося, што ў пакоі, пад самай столлю, варушацца расплывістыя і ледзь улоўныя здані. Яны распаўзаліся па цьмяных кутках, збіраліся ў клубкі і цяпер ужо рванымі згусткамі пульсавалі, набіраліся моцы.
«Божа мой, столькі ж разоў начаваў адзі дома падчас дзяжурства Кацярыны ў другую змену, а нічога падобнага ў галаве не вярэдзілася. Дурнею. Віно перапітае. Добрае ж зелле Рудзька прывёз з вёскі. Ім толькі запчасткі праціраць у ягонай машыне, а не паласкаць нутро. I Кацярына — штучка яшчэ тая. Ёй, бач ты, сяброўка даражэйшая за мяне».
«А ці лепшы сам, хлопча,— зноў прабіўся ў падсвядомасць чужы голас,— кінуў дзяўчыну адну-адзінёханькую і пабег любошчаў шукаць. Падхопіш заразу…»
«Ха, напалохаў,— агрызнуўся Пятрок.— Сёння гэта не страшней за насмарк. А ты сціхні. I без твайго ўшчування на душы паскудна. Мроіцца розная брыдота…»
«Перш чым нешта зрабіць — думай. Нездарма ж у народзе кажуць: сем разоў адмер, а адзін — адрэж».— «Не вучы жыць, лешп памажы матэрыяльна».— «Пра душу думай, Найдзін». — «Ну цябе ў сухастойны лес, на топкае балота!»
Пятрок падняўся, нібы крадучыся, каб не спудзіць бесцялесныя здані ў кутках пакоя, прайшоў на кухню. Каўтануўшы з лядоўні малака, прыслухаўся да сябе. Палягчэла і пасвятлела ў галаве. Хмельная помарака адступілася. Хлопец уздыхнуў цяжка, з надрывам. На душы было роспачна і адзінока. Падалося, што быццам ён не ва ўтульнай кватэры, а сярод начнога восеньскага поля. Вакол імжыць брыдкі сцюдзёны дожджык, пад нагамі хлюпае гразь, процьма калюг і калдобін. I куды ні кінь вокам — ні аднаго агеньчыка, ніводнай жывой, іскрыстай і абнадзейваючай кропкі жытла.
«Адзінокім чалавек нараджаецца і адзінокім сыходзіць у сусвет. Не бойся. Ты не першы і не апошні. Толькі родныя дзеці могуць даць хоць які супакой душы. Але, хлопча, не спяшайся. Не кожнаму на зямлі і гэта дадзена спазнаць. Камусьці дзеці даюцца ў радасць, а таму-сяму — у пакаранне. Не, не шукай залатой сярэдзіны. Вельмі ж хісткая мяжа паміж адным і другім. Яна танчэйшая за скарынку льду ў надворнай конаўцы пасля першага прымаразку».
— Хто ты? — напаўголаса спытаў Пятрок.— Што табе трэба ад мяне? Чаму даймаеш?