– Трэба прачытаць малітву. – Марыя ўзяла мужа за руку. – Трэба аддзячыць за такую рыбіну. Гэта ня можа быць проста так. Гэта нейкі знак. – Смурод быў невыносны, здавалася, зараз пацякуць сьлёзы з даўно чырвоных вачэй, зводзіла страўнік. – Дзякуем табе, Божа, за гэтага ляшча. – Максім паўтараў за жонкай. – Мы ня верылі ўжо і не спадзяваліся. Але ты падаў нам знак, што ніколі нельга кідаць надзею. Нельга адчайвацца. Сёньня ты аддзячыў нам за ўсе нашыя просьбы. За веру, хай яна й была хісткаю. Дзякуем табе ад усяго сэрца.
Марыя, відаць, ад хваляваньня, скончыла. Звычайна яна казала даўжэй і паэтычней. Максім больш ня мог трываць ляшчынага паху.
– Я матыля забыў у машыне, засмуродзіць там усё. – Ён хутка выйшаў у вітальню і апрануў тэпці. – Я хутка.
Максім падышоў да машыны, адамкнуў. Усярэдзіне напраўду быў смурод, але ад рыбы, а не ад матыля. Максім выцягнуў з багажніка торбу, паставіў яе на зямлю, адшукаў сякеру й пачаў біць па торбе тупым канцом прылады. Плястык усярэдзіне керхаў, як жывы. Максім адклаў сякеру й пачаў скакаць на торбе. Скончыўшы зь ёй, аднёс да сьметніка. Зрабіў тое самае з другой торбай. Нажом парэзаў абіўку фатэля, выкінуў і яго. Ён ня думаў цяпер, колькі аддаў грошай за крохкія рэчы, ня думаў нават пра тое, за колькі змог бы прадаць іх на форуме. Перасек кожнае каленца абедзьвюх вудаў, нават запасныя квівэртыпы. На ўсё сышло меней за дзесяць хвілінаў. Максім цяжка дыхаў, але не адчуваў ні кроплі стомы. Ён разумеў, што гэта нейкі дзіцячы ўчынак. “Герой мусіць зрабіць нешта пад вонкавым ціскам, неяк праявіць характар. Я праявіў так”, – сказаў ён сам сабе ўжо перад дзьвярыма кватэры.
Смурод быў той самы. “Неяк ператрываю”, – падумаў Максім, хаця быў на мяжы ванітаў.
Ён зайшоў на кухню. Марыя трымала Яна на руках. Той цягнуўся да рыбіны рукамі. Максім пацалаваў сына, але той не зьвярнуў на тату ніякай увагі. Бацька вымыў у ваннай рукі.
– Давай я цябе зь ім сфатаграфую.
– Ды ну. І так нармальна. Тупа гэта неяк, усе так фатаграфуюцца.
– Максім, мы столькі чакалі гэтага ляшча. Столькі пра яго думалі. Мы жылі, як бамжы. На дзіцячыя грошы ты свайго апарыша набываў. Сам стаў, як апарыш. Табе складана ці што?
Максім не адказаў, толькі выдыхнуў. Падышоў да стала.
– А пасьля яшчэ возьмеш яго адною рукою, а другою – Яна.
Хлопчык, які цяпер сядзеў у дзіцячым крэсьле, паківаў галавою, відаць, зрэагаваўшы на імя.
– Не, ну гэта перабор.
– Ніякі не перабор, слухай, што табе кажуць.
– Ён б’ецца яшчэ, я іх абодвух не ўтрымаю.
– Ты ж мой нягеглік. Бяры ляшча давай! – яна прыкрыкнула нібы жартам.
Максім выдыхнуў яшчэ раз і ўзяў ляшча.
– Вось. Толькі стань вось тут, каб было відаць фотаздымак з морам. Малайчынка. – Яна ўсё прымяралася зрабіць кадр. – Зараз пафоткаемся, а пасьля ты яго засмажыш.
Цела Максіма, стаміўшыся чакаць, пакуль той праявіць характар пад ціскам вонкавых абставінаў, праявіла яго само па сабе – Максіма званітавала проста на ляшча. Званітавала амаль чыстаю вадою. Ён кінуў ляшча. Той зваліўся на падлогу й ажыў, пачаў скакаць. Максім сагнуўся, абапёрся рукамі аб калені. Яго вывернула яшчэ пяць разоў. Другі раз – амаль ператраўленымі сасіскамі і яшчэ чатыры разы – нейкай каламутнай вадкасьцю. Сын плакаў. Гучна. Біў маленькімі кулачкамі па крэсьле. Марыя моўчкі глядзела на мужа вачыма з шырокімі зрэнкамі. Максім разагнуўся, сустрэўся позіркам з жонкай, падышоў да мыйні, прапаласкаў рот вадою. Ян суцішыўся. Мужчына павярнуўся, паглядзеў на жонку. І пад гукі скокаў ляшча ў ванітах спакойна сказаў: – Не. Засмажыш ты яго самастойна.