Прама перад ім, метрах у трох, стаяў даволі вялiкi воўк. Ён пільна глядзеў на няпрошанага госця, але не выяўляў ніякай агрэсіі або страху. Уладзімір нават не заўважыў пад нагамі вялікую палку, а проста адступіў на крок назад і схапіў у правую руку сваю сумку, падрыхтаваўшыся адбівацца ёю ад ваўка. Страшная паўза доўжылася яшчэ некалькі iмгненняў, пасля чаго воўк проста рэзка адскочыў убок і скрыўся за дрэвамі. Уладзімір у знямозе ўпаў на калені і тут жа засмяяўся.
– Так ты б i адбіўся ад ваўка сумачкай, – сказаў ён сам сабе, намацваючы пад нагамі палку. – Вось што трэба было схапіць.
Наступныя некалькі гадзін Уладзімір плёўся наперад. Часам ён падаў і падоўгу валяўся ў снезе. Падчас аднаго з самых доўгіх сваіх прывалаў, гісторык раптам пачуў гук, быццам ламаліся галінкi, і нават, як яму здалося, гукі чалавечага голасу. Ён знаходзіўся на крыху ўзнёслай кропцы, з якой мог бачыць удалячынь даволі далёка, таму ён павярнуўся і, прыпаўшы да ствала елкі, пільна глядзеў туды адкуль прыйшоў. Праз некалькі секунд ён выразна ўбачыў траіх людзей Панурыша, што выскачылі з-за велізарнага буралому. Яны ішлі па следзе… Па ягоным следзе!
Уладзіміру яшчэ не здаралася адчуваць такога моцнага адчаю.
«Я пайду і пагавару з імі, што ім трэба ад мяне?» – падумаў гісторык.
Але ён тут жа ўскочыў на ногі і пабег наперад. Яму здавалася, што ён бяжыць даволі хутка, але трэск галінак ззаду станавіўся ўсё бліжэй. Ва Уладзіміра не засталося сумневаў – за ім бягуць і яго даганяюць. Вельмі хутка ён пачуў і гучны насмешлівы крык:
– Ты не ўцячэш!
Уладзімір пабег хутчэй. Яму здалося, што лес стаў радзець.
– Стой, хлопчык, мы цябе зловім і разробім! – данёсся ззаду крык.
Уладзімір не мог вытрымаць і павярнуўся. Пераследнікі былі ўжо блізка, а ў руках аднаго з іх бліснуў вялізны паляўнічы нож. Уладзімір зноў адвярнуўся і падштурхнуты наперад прылівам страху пабег яшчэ хутчэй. У гэты момант у мільгануўшае побач з ім дрэва стукнуўся нейкі прадмет і адляцеў убок. Гісторык зразумеў, што даганяючы чалавек кінуў нож, але не патрапіў у яго. Яшчэ праз імгненне іншы нож праляцеў побач з ім і, усадзіўшыся глыбока ў ствол дрэва, выдаў характэрны рэзкі гук.
Нават у сваім амаль непрытомным стане Уладзімір зразумеў, што чалавек, якi кінуў нож, валодаў вялікай сілай. Зброя ўвайшла ў сасну на траціну клінка. Уцякач зноўку павярнуўся назад і заўважыў, што ў руках паляўнічых з'явіліся крывыя шаблі.
– Мы цябе абдзяром, падранак! – выгукнуў, кплівым голасам, бягучы наперадзе двух іншых пераследнік.
У гэты момант Уладзімір адчуў, што зямля сышла з пад ног і ён кулём ляціць кудысьці ўніз. Зваліўшыся ў вялікі сумёт, ён падняў галаву і, азірнуўшыся, зразумеў, што зляцеў з невысокага абрыву і ляжыць на беразе даволі вялікага возера. Мінчанін адразу ўскочыў на ногі і кінуўся на лёд. Першы ж крок на замерзлую паверхню і яго чаравік праваліўся ў ваду. Бачачы далікатнасць лёду, Уладзімір нерашуча спыніўся і тут жа адчуў штуршок і рэзкі боль. Ён не ўтрымаў раўнавагу і, усім целам зваліўшыся наперад, праваліўся пад лёд. Ён тут жа вынырнуў назад і заўважыў, што ў ягонай правай руцэ тырчыць доўгі нож, якi прабіў цягліцу. На невялікай адлегласці ад яго знаходзіліся людзі Панурыша. Яны радасна крычалі і пляскалі ў далоні.
– Так-так-так, зараз мы накрышым цябе, кабанчык! – радасна закрычаў адзін з іх.
– Свежае мяса, – дадаў іншы, спакойным голасам.
Уладзімір выпаўз на лёд і, не разумеючы адкуль бярэ сілы, стаў паволі прасоўвацца наперад баючыся зноў праваліцца. Людзі Панурыша замарудзілі на беразе, але толькі на імгненне. Яны таксама ступілі на лёд і сталі асцярожна даганяць сваю ахвяру. Уладзімір паспрабаваў выцягнуць нож, што захраснуў у руцэ, але не змог і не ўтрымаўся ад хваравітага крыку, чым выклікаў выбух рогату ў сваіх праследавацеляў.
– Упартае мяса, але ж напэўна і смачнае! – крыкнуў бліжэйшы да Уладзіміра пераследнік.
Уцякач працягваў адчайна тупаць наперад, імкнучыся ступаць як мага акуратней. Мінчанін паспрабаваў ісці хутчэй і тут жа ўскрыкнуў. Нож, які праляцеў са свістам побач, абдзёр уцекачу вуха. Пераследнікі выліліся новымі пагрозамі і ў гэты момант нага Уладзіміра правалілася ў ваду.
Людзі Панурыша радасна закрычалі, але тут жа пад адным з іх праламаўся лёд, і ён імкліва апусціўся пад змёрзлую паверхню возера. На праследавальніках паблісквалі невялікія кальчугі, якія, несумненна, маглі ўцягнуць сваіх гаспадароў на дно. Двое астатнiх паляўнічых люта закрычалі і замахалі шаблямі.
– Твая шкура будзе выдатным трафеем! – гучна крычаў адзін з праследавацеляў, пакуль Уладзімір, акуратна дастаўшы нагу з разлома, працягваў паволі слізгаць наперад.
– Мы ўсё-роўна дагонім цябе, свіння, – спакойна сказаў другі, круцячы сваёй шабляй.
Пераследнікі ўсё бліжэй падбіраліся да ахвяры.
Уцякач ужо амаль дабраўся да берага, калі, зрабіўшы рэзкі крок, з гучным трэскам праваліўся пад лёд. Ён вынырнуў і раптам убачыў на беразе дзіка, якi ўважліва глядзеў у ягоны бок.