– Гэты нашчадак не вельмі любіць ваш народ, затое вельмі любіць паесці і папіць. Ну, дык хто ж гэта? Ну, што ж вы маўчыце? Гэта прафесар філасофіі… гэта ўжо была вельмі вялікая падказка… Ах так, вам не зручна адказваць з залепленымі ратамі, – пасля гэтых слоў Панурыш зарагатаў.
«Гэта ж Лiтвакас…» – пранеслася ў галаве Вікі і яна паглядзела на Мечыка, па погляду якога можна было здагадацца, што ён таксама зразумеў пра каго ідзе гаворка.
– Так, гэта ваш дарагі Лiтвакас, – патрымаўшы паўзу сказаў Панурыш. – Нядаўна прафесар меў магчымасць трохі выкупацца, але гэта, зрэшты, не так важна…
Пры гэтых словах Віка выразна ўспомніла свой сон аб Лiтвакасе і яго завяршэнне – падзенне прафесара з маста. Дзяўчына матнула галавой і ў жаху апусціла вочы.
– Дык што ж трэба зрабіць з выбранымі, каб рытуал спрацаваў? – зноў загаварыў няпрошаны госць. – Як мне стала вядома кожны з іх, гэта значыць і я ў тым ліку, павінен праліць крыху крыві. І ведаеце… – Панурыш шматзначна памаўчаў, – я вырашыў не проста праліць вашу кроў, а прыкончыць вас, ну, ведаеце, здзерці скуру…
Некаторы час Панурыш маўчаў, атрымліваючы асалоду ад эфекта зробленага гэтымі яго словамі.
Віка апусціла галаву яшчэ ніжэй, а Мечык глядзеў ва ўпор на свайго ката і ў яго поглядзе адбіваліся адначасова адчай і ярасць. Праз некаторы час Панурыш зарагатаў.
– Ды не ж, я жартую, – вымавіў ён праз смех, – хопіць і пары кропель вашай крыві, а потым я вас адпушчу. Так вось. Думаю, дастаткова. Ах так… Я не сказаў, навошта гэта ўсё трэба. Гэта трэба для таго, каб я атрымаў сёе-тое важнае. Цяпер вы ведаеце.
Панурыш памаўчаў яшчэ секунду і дадаў кплівым голасам:
– У машыну іх давайце. Надзейней усё-ткі падтрымаць вас у сябе.
Віку і Мечыка схапілі і выцягнулі з дому, а затым кінулі ў прыпаркаваны побач пазадарожнiк. Машына рэзка кранулася і вельмі хутка даімчала ўсіх на вуліцу Замкавую, дзе спынілася ў бязлюдным месцы. Палонных выцягнулі з аўтамабіля і павалаклі ў адзін з дамоў, а затым спусціліся разам з імі ў падвал, у якім іх і замкнулі, папярэдне развязаўшы рукі.
Уладзімір расплюшчыў вочы і агледзеўся. Ён ляжаў у нейкім доме, на вокнах якога віселі белыя фіранкі, а сцены былі складзены з круглых бярвенняў. У кутку стаяў стары савецкі тэлевізар, накрыты белай карункавай тканінай. Там жа прымасціўся венік. На вялікім стале, размешчаным пасярод пакоя, ляжаў вышыты арнаментам льняны абрус. Пахла палыном і чымсьці неверагодна прыемным. Сам гісторык знаходзіўся ў вялікiм ложку, засланым жоўтай бялізнай.
– Ну здароў, малец, – сказаў нехта.
Уладзімір стаў круціць галавой і, не заўважыўшы нікога, збянтэжана замер. Думкі яго блыталіся, а ў правым плячы ён адчуваў лёгкi боль. Акрамя таго, ныў палец на левай руцэ, але гэтыя пачуцці не вельмі перашкаджалі яму.
– Хто тут? Дзе я? – стаў пытацца мінчанін.
– У мяне, у бабы Марысі, – адказаў той жа голас, які раней павітаўся з гісторыкам, але той зноў не зразумеў, адкуль гэты голас гучаў.
Уладзімір збянтэжана заціх, але тут проста перад ім з'явілася ўладальніца голаса. Аказалася, што яна спускалася ў склеп і зараз, спрытна падняўшыся па лесвіцы, стаяла перад сваім госцем, трымаючы ў руках вялікую банку з памідорамі.
Каля дзесяці секунд людзі моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Перад Уладзімірам стаяла даволі пажылая, але моцная і дужая, жанчына, у цёмнай хустцы і шэрай кофце. На нагах у яе былі нейкія дзіўныя, грубыя чаравікі са скуры. Гісторыка асабліва ўразіў позірк яе маленькіх цёмна-блакітных вачэй.
– Добры дзень, Валодзька, кажу.
– Вы ведаеце, як мяне завуць?
– А як жа, пашпарт жешь паглядзела.
– Пашпарт паглядзелі?
– У сумцы тваёй знайшла.
– Вы мяне што, прыцягнулі ад возера?
– Ну дык.
– Вы тут адна жывяце?
– Адна.
– А горад далёка?
– Далёка.
Размова з бабай Марысяй атрымлівалася вельмі кароткай, але і вельмі інфарматыўнай.
– У мяне ў руцэ быў… нож, – прамармытаў Уладзімір.
– Ну дык я ж выцягнула. Добры нож, у гаспадарцы спатрэбіцца.
Гісторык паглядзеў на сваю суразмоўніцу вельмі пільна і ўпершыню добра разгледзеў яе вайсковыя камуфляжныя штаны, з латкамі на каленях.
– А за руку ты не перажывай, – ласкава сказала Марыся, – зажыве. Ды і другая зажыве.
Бабуля ўсё так жа стаяла над ложкам Уладзіміра і спакойна глядзела на яго. Гісторык трохі прыўзняўся на ложку і абмацаў параненую нажом канечнасць.
– Рукі дык зажывуць, а вось ногі ты адмарозіў, прыйшлося адрэзаць, галубок, – сур'ёзна сказала Марыся.
Уладзімір у жаху адкінуў коўдру і скіраваў погляд на сваю ніжнюю палову. Ногі былі на месцы. Баба Марыся залілася звонкім смехам, зусім як маладзенькая дзяўчына. А сам Уладзімір адчуў лёгкі сорам, бо прадўстаў перад гаспадыняй у майтках.
– Прам не ведаю, што смяшней, страх твой або майтышчы, малец, – сказала баба Марыся.
Уладзімір збянтэжыўся яшчэ больш і захінуў коўдру.
– Калі трэба будзе да патрэбы, то гэта на двары, – сказала гаспадыня, усміхаючыся і адыходзячы ў далёкі кут пакоя, – а то прасціна жоўтая, вядома, але ты лепш усё-ткі на двор, дарагi.
Мінчанін зноў сумеўся, але памаўчаўшы, задаў яшчэ пытанне:
– Бабуля Марыся, а што з тымі?
– З якімі гэта тымі?