Губляя самыя апошнія сілы, Уладзімір выбраўся на бераг і павярнуўся. На тым месцы, дзе яшчэ нядаўна стаялі людзі Панурыша, ззяў велізарнай цемнаватай плямай разлом. Уладзімір перавярнуўся на спіну, паспрабаваў устаць і страціў прытомнасць.
Віка адкрыла вочы. Яна павольна паднялася на ложку і правяла ручкай па валасах. Раніца была светлай і цёплай, але гэта не парадавала дзяўчыну, якой спатрэбілася даволі шмат часу, каб разабрацца, дзе менавіта яна знаходзіцца.
«Ах так, я ж у Мечыка…» – падумала Віка і стала ўспамінаць падзеі ўчорашняга дня.
Карціна вымалёўвалася не самая вясёлкавая, ды і незвычайныя сцэны, якія дзяўчына назірала падчас сну і выразна запомніла, былі не самымі прыемнымі.
Віка ніяк не магла пазбавіцца ад той думкі, што тое, што яна бачыла, было не зусім звычайным сном і нешта, што адбываецца цяпер, таксама неяк паходзіць на сон. Ёй здавалася, што ўсё вакол трохі нерэальна. У дзяўчыны было адчуванне пагружаннасці ў нейкі чароўны, ілюзорны свет, і як бы для пацверджання гэтага адчування яна зноў убачыла матылька…
– Я зноў бачу матылька зімой! – сказала з выразам здзіўлення Віка.
Яна яшчэ доўга глядзела ў акенца і не магла адвесці вачэй ад крылаў дзіўнага госця, пакуль той не ўзляцеў і не знік.
Пакруціўшыся трохі каля вакна, Віка пераканалася, што матылёк прапаў і вырашыла, што пара ў ванную, каб прывесці сябе ў парадак. На дверцы вісеў пакінуты жонкай Мечыслава, адмыслова для госцi, белы пухнаты халацік. Госця накінула яго і, адкрыўшы дзверы, прайшла па калідоры, з якога трапіла ў ванную. Вярнуўшыся назад праз паўгадзіны, Віка апранулася ў сваё адзеньне і зноў выйшла з пакоя. У калідоры ўжо стаяў Мечыслаў і засяроджана гартаў кнігу па археалогіі.
– Добрай раніцы, – весела сказаў гісторык і пасміхнуўся.
– Добрай раніцы, – адказала дзяўчына і ўсміхнулася ў адказ.
– Што за кніга? – спытала Вiка, паказваючы ручкай на тоўсты том у карычневай вокладцы, які Мечык трымаў у руках.
– А… Так… Адна кніга па археалогіі, – адказаў гаспадар дома, уважліва разглядаючы кніжную карцінку.
У гэты момант маладыя людзі адначасова павярнуліся, бо пачулі гук разбіўшагася посуду, які даляцеў аднекуль з першага паверха.
– Гэта яшчэ што? Жонка на працы, малой у садзе, – сказаў насцярожана гісторык. – Я дык узяў за свой кошт, каб разабрацца з усімі гэтымі справамі, – дадаў ён, рэзка зачыніўшы кнігу.
Ад хлапка кнігі дзяўчына здрыганулася і тут жа спытала:
– Хадзем, паглядзім?
– Канешне.
Віка і Мечык накіраваліся да лесвіцы і, спусціўшыся ўніз, увайшлі ў залу. Нікога! Яны агледзелі іншыя пакоі і зайшлі на кухню.
– Ну вось што разбілася, – сказаў Мечык, падымаючы з падлогі рэшткі маленькай белай вазы.– Падобна на тое, што стаяла няўстойліва і вось – бац!
Маладыя людзі засмяяліся і засталіся на кухні. Тут сябры зрабілі сабе сняданак і пачалі весела балбатаць пра розныя рэчы, зусім забыўшы аб трывожных падзеях, якiя нядаўна здарыліся з імі. У той час калі Мечык распавядаў пацешны выпадак са сваім калегам Фёдарам, а Віка піла зялёны чай і пасміхалася, маладыя людзі раптам зноўку пачулі нейкі рэзкі гук. На гэты раз было падобна на тое, што нехта драпае чымсьці вострым шкло. Віка мімаволі зморшчылася.
– А гэта зноў што? – спытаў услых Мечык, штурхаючы ў бок кубак з кавай.
Маладыя людзі пераглянуліся і тут зноў пачулі той жа гук. Не змаўляючыся, яны адначасова ўсталі са сваіх месцаў і прайшлі ў залю. Карцiна, якая адкрылася ім, прымусіла сяброў аслупянець. У зале, у адным з крэслаў, сядзеў Панурыш. Гэта ён рабiў рэзкі гук, праводзячы вастрыём вялікага, багата ўпрыгожанага кінжала, па шкляной паверхні стала. Вакол стаялі ўжо знаёмыя Вікторыi і Мечыку прыслужнікі іх няпрошанага госця, якія трымалі ў руках шаблі з пышна інкруставанымі дзяржальнямі. Ззаду ад маладых людзей паказалася постаць яшчэ аднаго слугі з шабляй. Шляхi да адступлення былі адрэзаныя.
– Добры дзень, дарагая паненка, вітаю і вас, Мечыслаў, – сказаў Панурыш, не выяўляючы ніякіх эмоцый голасам, але тут жа ўсміхнуўся і дадаў вясёлым тонам, – вы мяне не чакалі, а я вось прыйшоў, і вам мой візіт, як я бачу, не вельмі прыемны.
– Што трэба? – спытаў Мечык грозным голасам, выступаючы наперад.
Ён хацеў паказаць, што не баіцца няпрошаных гасцей, але насамрэч яму стала вельмі не па сабе.
– Вы, – самым спакойным голасам адказаў Панурыш і ў Вiкi пабеглі мурашкі па скуры. – Вы мне патрэбныя, як вам ужо павінна быць вядома, але спачатку я яшчэ сёе-тое раскажу вам, праўда, вам прыйдзецца слухаць мяне не ў самым зручным для вас становішчы.