Дзяўчына паднялася і пабегла да Мечыка. Адзін з людзей Панурыша выхапіў шаблю і кінуўся на гісторыка. Віка ўжо выскачыла з капліцы. Мечыслаў меў уяўленне аб гістарычным фехтаванні і вырашыў прыняць бой. Ён выставіў руку з шабляй наперад. Змераўшы поглядам суперніка, паслугач Панурыша раз'юшана абрынуўся на маладога чалавека. Мечык не мог пацягацца з праціўнікам у сіле i вывучцы, таму пасля некалькіх удараў адступіў да дзвярэй, дзе вораг выбіў з рук гісторыка шаблю і выкінуў яго ў праход, ударам нагі ў грудзі. Мечык кулём вылецеў з капліцы, і ўпаў да ног Вікі, якая замерла ў нерашучасці. Чалавек у чорным выскачыў вонкі, але ён тут жа спыніўся, гледзячы кудысьці за маладых людзей. Тыя таксама павярнуліся і ўбачылі ўжо падбягаючых да капліцы людзей Панурыша, аднаго з якіх якраз дагнаў і схапіў міліцыянт. Адным ударам той скінуў з сябе міліцыянта і занёс над ім шаблю… У гэты момант астатнія міліцыянты адкрылі агонь.
– Віка, бяжым! – крыкнуў Мечык і маладыя людзі скрылiся за капліцай, прабегшы міма аслупянелага ў яе дзвярах прыслужніка Панурыша.
Пакуль яны беглi далей, ззаду чуліся стрэлы і крыкі. Дзесьці непадалёк завыла сірэна – да міліцыянтаў спяшалася дапамога. Маладыя людзі спыніліся ў нейкім закутку. Толькі тут Мечык нарэшце развязаў Віцы рукі і садраў з яе твару ліпкую стужку. Сябры сядзелі моўчкі і глыбока дыхалі. Сіл нешта казаць не было.
– Не можа быць, – ціха прамовіў Мечыслаў, трохі аддыхаўшыся. – У першы раз ён сапраўды апынуўся ў патрэбны час у патрэбным месцы.– Эй, Фёдар! – закрычаў малады чалавек, паднімаючыся з месца і падбягаючы да стоячай побач машыны.
Праз хвіліну Віка і Мечык ехалі дадому маладога гісторыка, усё яшчэ не верачы ў тое, што адбылося.
Фёдар хутка даімчаў іх у пункт прызначэння. Падзякаваўшы яму, сябры адразу выйшлі з аўтамабіля і павольна пайшлі да дома, спрабуючы асэнсаваць тое, што адбылося.
– Мне б трэба было трапіць да сябе, – ціха сказала Віка.
– Я цябе завязу, вось толькі растлумачусь са сваёй паловай, гэта будзе не так проста, – заўважыў, злёгку ўсміхаючыся, Мечыслаў.
На парог хаты ўжо выбегла жонка маладога чалавека. Мечыку сапраўды каштавала велізарных высiлкаў спроба трохі яе супакоіць. Потым сябры падняліся наверх. Гаспадар дома падышоў да свайго тэлефона і тут жа гучна паклікаў:
– Віка!
– Так, – адгукнулася стомленая дзяўчына, якая прымасцілася на ложак.
– Тут смс ад Уладзіміра, – вельмі напружана вымавіў гісторык. – Ён піша, што з ім адбывалася нешта неверагоднае і яшчэ, што мы не адказваем на званкі.
– Значыць, і з ім нешта здарылася, – устрывожана сказала Віка.
– Так… Піша, што я павінен зайсці на сваю старонку, там паведамленне ад яго… Так… так… ён пераслаў мне нейкае паведамленне, а яшчэ піша, што ўжо едзе ў Гродна. Давай паглядзім, што там у сецiве.
Гаспадар і госця селі да кампутара.
– Я так зразумеў, ён пераслаў мне паведамленне Лiтвакаса. Так… Вось і яно.
Мечык адкрыў паведамленне, і маладыя людзі нагнуліся бліжэй да экрана.