– Я бачыла, як яго… як яго скінулі з маста, – сказала Віка дрыготкім голасам.
– Як бачыла? – здзіўлена спытаў Мечыслаў.
– У сне, – патлумачыла Віка.
Нейкі час сябры маўчалі. Віка акінула поглядам пакой.
– Як у гэтай запісцы можа ісці гаворка аб нашых імёнах? Як яны могуць складвацца ў адно цэлае? Тэкст жа складзены сотні гадоў таму, – сказала дзяўчына.
– Калі паверыць у тлумачэнне Лiтвакаса, выходзіць, што яны ведалі нашы імёны загадзя, – задуменна вымавіў Мечыслаў.
– Але як гэта магчыма? – спытала Віка.
Мечык паціснуў плячыма.
– Добра, хай гэты псіхапат Панурыш памыляўся, а Лiтвакас правы, але ў нечым яны сыходзяцца – нешта павінна быць зроблена ў дзень нараджэння караля, гэта значыць сёння, – сказаў ён.
– Штосцi павінна быць знойдзена сёння ў Новым замку, у месцы ў якім знаходзіцца нейкае сонца, – вымавіў Уладзімір. – Відавочна, нейкая выява сонца пазначае гэтае месца.
– Так! Дакладна! – амаль выкрыкнуў гарадзенскі гісторык. – Я ведаю!
Віка з вялікай увагай паглядзела на Мечыка.
– Выява сонца змяшчалася над флігелем замка, – растлумачыў той.
– Я так разумею там два флігеля, – сказаў Уладзімір.
У гэты момант увагу сяброў адцягнуў дзіўны гук, як быццам хтосцi стукаў чымсьці тонкім у шыбу. Віка, Мечык і Уладзімір павярнуліся да вакна і замерлі ад здзіўлення. На падаконніку сядзеў вялікі сокал, у вачах якога паблісквалі іскрынкі, а ягоныя пёры пераліваліся ў вячэрнім святле. Птушка пастуквала дзюбай па шкле. І ў гэты момант Уладзімір успомніў…
– Ён кліча нас! – узбуджана сказаў мінчанін. – Мяне пра гэта папярэджвалі. Мы павінны пайсці за ім.
Мечыслаў кінуў падазроны позірк на Уладзіміра, а затым нахіліўся да Вікі і паўшэптам сказаў:
– Здаецца, гэта ад удару галавой падчас аварыі.
– Я сур'ёзна, сябры, мы павінны пайсці, – настойваў мінчанін.
– Добра-добра, чаму б і не. Пойдзем, – здаўся Мечык. – Віка, у цябе яшчэ засталіся сілы, каб паганяцца за гэтай дзіўнай птушачкай? Уладзя настойвае і ў мяне таксама нейкая дзіўная цікаўнасць да яе, – павярнуўшыся да Вікі дадаў ён.
– Так, – адказала Віка з лёгкай усмешкай.
Гісторыкі хутка апрануліся і выйшлі з хаты. Сокал як быццам толькі і чакаў гэтага. Ён пераляцеў на бліжэйшае дрэва і прызыўна закрычаў.
– Можам выехаць за ім на машыне, дарэчы, што ў цябе за машына, Уладзя? – спытаў Мечык.
– Пазычыў у аднаго таварыша… Амаль такі ж добры корч як мой, – адказаў той.
– Ну, давайце лепш на маёй. Наперад! – весела прамовіў гарадзенец.
Сябры скокнулі ў машыну і рушылі за сокалам, які быццам клікаў іх за сабой, пералятаючы з месца на месца, выдаючы, пры гэтым, гучныя крыкі.
У выніку, загадкавая птушка прывяла людзей на набярэжную Нёмана, пад самую гару Новага замка, а сама ўзнялася ўгору і знікла на тэрыторыі былой каралеўскай рэзідэнцыі. Гісторыкі выйшлі з машыны і, узняўшы галовы, сталі глядзець уверх. Гара здавалася ім велізарнай, а наверсе віднеўся масіўны будынак каралеўскага палаца.
– Ён прывёў нас да Новага замку і гэта, думаю, не выпадкова, – сказаў Уладзімір.
– Падобна на тое! Мабыць ён хоча, каб мы туды зайшлі, – заявіў Мечыслаў.
– Але зараз Новы замак зачынены, ужо ж позна, – ціха прамовіла Віка.
– Закрыты галоўныя вароты, але калі мы ўзбяромся па гары, дык патрапім на тэрыторыю. Ну што скажаце, дараженькiя, пасля ўсіх гэтых спраў у нас яшчэ засталіся сілы туды залезці? – бадзёра спытаў гарадзенскі гісторык.
Віка і Уладзімір кіўнулі ў адказ, і сябры накіраваліся да гары, а затым сталі лезці наверх. Першым мэты дасягнуў Мечык і, павярнуўшыся, дапамог Вiцы, якая рухалася за ім. Апошнім, да агароджы, якая iшла па краі гары, падабраўся Уладзімір. Яшчэ не цалкам ачуняўшы пасля сваіх прыгод у начным лесе мінчанін, цяжка дыхаў.
Сябры без праблем пракраліся да правага крыла палаца.
– Цішэй, – шэптам прагаварыў Мечык, – тут павінен быць вартаўнік.
Усе трое падабраліся да той кропкі, з якой былі бачныя флігелі Новага замка. На адным з іх сядзеў іх сокал.
– Вось! Вось! Гэта той флігель! – забыўшыся, даволі гучна сказаў Мечыслаў.
Маладыя людзі падбеглі да флігеля. Мечык адкрыў дзверы і сяброў нават не здзівіла, што яны не былi зачынены. Маладыя людзi ўжо паспелі паверыць у тое, што яны тут не выпадкова і пазнаюць нешта дзіўнае.
Зайшоўшы ўнутр, сябры зрабілі яшчэ некалькі крокаў і адразу ж пачулі нейкі шоргат. Наперадзе былі бачныя слабыя водбліскі. Прайшоўшы яшчэ трохі ўглыб Віка, Мечыслаў і Уладзімір спыніліся. Перад iх поглядам паўстала жудасная карціна. У падлозе была зроблена вялікая дзірка, побач з ёй ляжаў даволі вялікі ліхтар, ды цьмяна асвятляў невялікае памяшканне. Над ямай, спіной да ўвайшоўшых, стаяў чалавек, у доўгім плашчы. У руках у яго быў вялікі, не менш метра ў даўжыню, жэзл, увесь абсыпаны дробнымі белымі камянямі, па выглядзе – дыяментамі. У паўзмроку пакоя асветленага ліхтаром камяні на жэзле пераліваліся рознымі колерамі, а блікі ад іх скакалі на сценах. Сябры застылі ўражаныя гэтай карцінай, а чалавек з жэзлам павольна павярнуўся да іх.
– Прафесар Баранаўскас, – вырвалася ў Вікі, як толькі яна ўбачыла твар гэтага чалавека.