Пасля доўгіх тлумачэнняў прычын страты машыны, падчас якіх Уладзіміру давялося крыху прыхлусіць, і паведаміць, што ён сам вінаваты ў аварыі, каб не палохаць жонку гісторыяй пра жудасных праследавацеляў з шаблямі, пасля тлумачэнняў сваіх траўмаў, агляду дзвярэй і вячэры, мінчанін дабраўся нарэшце да свайго старога тэлефона, які ляжаў у тумбачцы. Уставіўшы ў трубку сваю сім-карту, якую ён дастаў з разбітага ў лесе мабільнага, Уладзімір паспрабаваў датэлефанавацца Вікторыi і Мечыку, але ніхто з іх не адказваў. Са змрочным выглядам гісторык адкрыў сваю старонку ў соцсетцы і выявіў нечаканае паведамленне.
– Гэта ж ад Лiтвакаса, – вымавіў здзіўлены Уладзімір. – Адпраўлена ў той самы дзень, калі ён сустракаўся з Вікай…
Віка і Мечыслаў стаялі ў вялікiм склепе, а за іх спіной пстрыкнуў дзвярны замок, адымаючы ў іх магчымасць выйсці з турмы, у якую яны так нечакана трапілі.
Толькі тут дзяўчына нарэшце дала сабе волю і расплакалася, хоць тут жа ўзяла сябе ў рукі і, глыбока ўздыхнуўшы, сказала:
– Мечык, у цябе выпадкова не застаўся тэлефон?
– Не, – адказаў гісторык, які хадзіў уздоўж сцен уважліва іх вывучаючы. – I ў цябе няма?
– Не.
– Яны б і так забралі, проста бачылі, што мабільнікі засталіся ў доме, – прамовіў Мечык, пільна разглядаючы адно з месцаў на сцяне.
– Што ж нам рабіць? – спытала дзяўчына, і голас яе задрыжаў на апошніх словах.
Малады чалавек падышоў да Вікі і злёгку пагладзіў яе па плячы.
– Мяркую, што-небудзь прыдумаем, – сказаў ён, але тон яго голасу быў сумным і суцяшэнне ад гэтага здавалася не вельмі пераканаўчым.
– Што-небудзь прыдумаем, – паўтарыла дзяўчына задуменна і сумна.
– Гэты падвал спецыяльна абсталяваны, каб каго-небудзь трымаць. Глядзі, тут нават ёсць ложкi і туалет, а сцены з гукаізаляцыяй. Мы ў самым цэнтры горада, але дакрычацца да мінакоў не зможам, таму яны і не пакінулі нам раты залепленымі. Гэта такая маленькая турма… – тут малады чалавек памаўчаў і дадаў, – але даволі камфортная.
Дзяўчына ўсміхнулася і сказала:
– Значыць, хоць нешта добрае ёсць.
– Ага, – адказаў гісторык і таксама ўсміхнуўся.
Сябры ўладкаваліся на невялікай лаўцы, што стаяла ў куце памяшкання. Мечык засяроджана глядзеў перад сабой, а Віка апусціла галаву ўніз, і, здавалася, драмала. Раптам дзяўчына падняла галаву, угледзелася ў цемру і здзіўлена спытала:
– Мечык, ты гэта бачыш?
– Што бачу?
– Ну вось.
– Дзе?
– Вось! – дзяўчына працягнула руку наперад, паказваючы пальчыкам на нешта перад сабою. – Там ля сцяны, матылёк.
– Якi матылёк? – недаверліва спытаў Мечык, у якога з'явілася падазрэнне, што дзяўчына бачыць тое, чаго няма, з-за стрэсу.
– Ды вунь жа, вунь там! – яшчэ гучней сказала Віка.
– Давай я ўстану і пагляджу, – вымавіў Мечык тонам чалавека, які размаўляе з хворым.
– Так, паглядзі, вунь ён там, – адказала дзяўчына.
Гісторык устаў і рушыў да сцяны. Ён па-ранейшаму не бачыў ніякіх жывых істот у пакоі, акрамя яго самога і стомленай маладой дзяўчыны ў светла-шэрай кофтачцы, але дайшоў амаль да самай сцяны і затым павярнуўся.
– Цяпер і я яго не бачу, – сказала Віка трохі вінаватым тонам.
Толькі Мечык хацеў сказаць, што яго сяброўка ператамілася і павінна паспаць, як погляд яго ўпаў на вялікі іржавы цвік, што тырчаў са сцяны. Малады чалавек апусціўся на кукішкі і пакратаў сваю знаходку. І як ён сам не заўважыў яго, калі аглядаў сцены. Цвік быў загнуты дагары. Мечык яшчэ раз пакратаў яго і пераканаўся, што капялюшык цвіка даволі востры. Iм нават можна параніцца.
– Мечык, што там? – паклікала яго Віка, узіраючыся ў паўзмрок.
Мечыслаў вярнуўся да сваёй сяброўкi і павольна сказаў:
– Матылька я там не знайшоў, але ў сцяне цвік, з даволі вострым капялюшыкам. Можа быць, ён нам для чаго-небудзь спатрэбіцца.
– Для чаго? – ціха спытала Віка, злёгку ўсміхаючыся. – Мы прароiм ім падкоп адсюль?
Гэтыя словы здаліся Мечыку такімі смешнымі, што ён зарагатаў.
– Добра, я думаю, нам пара адпачыць, там у куце ёсць матрацы, – сказаў ён.
– Ты што зможаш тут заснуць? – спытала сумным голасам дзяўчына.
– Трэба, прынамсі, паспрабаваць. Трэба аднавіць, сілы. Пакуль мы ўсё адно нічога не можам зрабіць.
Віка і Мечык ляглі, але ніхто з іх так і не заснуў.
Раніцай дзверы іх турмы рэзка адчыніліся, і ўвайшоў Панурыш, а за ім пара яго прыслужнікаў, адзін з якіх нёс паднос з ежай. Панурыш задаволена агледзеў сваіх змучаных палонных і сказаў:
– Гэты дзень настаў. Вось, дарэчы, ваш сняданак. Паешце добра, ну бо абеду і вячэры мы вам не запрапануем. Але вы зможаце павячэрыць ужо дома, пасля таго як усё скончыцца. Як толькі мы з вамі пральём некалькі кропель крыві – усё здзейснiцца, але мы павінны быць на сваіх месцах. Можаце не баяцца гэтай часткi рытуалу. Пара кропель крыві, гэта як для аналізу ў паліклініцы, Мечыслаў. Ну, а дзяўчыну, Вікторыя, і наогул парай кропель крыві не напалохаеш, для яе гэта звычайная справа.
Панурыш засмяяўся і падышоў да палонных бліжэй, а затым прыгледзеўся да іх твараў.
– Вы разумееце, што нас будуць шукаць, – жорстка сказаў Мечыслаў, – вам гэта з рук не сыдзе.