– Вельмі добра… Ну, як вы можаце здагадацца, я тэлефаную па просьбе бабулі. Яна зноў хоча вас бачыць. Вы прыедзеце? Дарогу памятаеце? Ну… У любым выпадку, давайце я паеду з вамі, мне ўсё роўна трэба да яе, і я нагадаю куды ехаць…
– Так, добра, – сказаў Уладзімір. – Я нават не буду вас пытаць у чым менавіта справа. Думаю, мне проста трэба даведацца пра тое, што ваша бабуля хоча мне распавесці і па-іншаму ніяк. Я з радасцю яе пабачу, пасля ўсяго таго, што яна зрабіла…
– Так-так. Я б вам сказала, што яна хоча, але сама дакладна не ведаю. Вы ж разумееце… Бабуля мне дакладна нічога не тлумачыць, але гэта важна, раз яна просіць прыехаць.
– Так! Я зразумеў! – сказаў мінчанін трошкi напружаным тонам.
– А калі мы можам паехаць? Калі вам зручна? – спытаў у трубцы меладычны голас суразмоўніцы.
– Хм… Я думаю заўтра. Як раз выхадны і мы зможам паехаць. Так, давайце заўтра, – прапанаваў Уладзімір.
– Ну вось i вельмi добра. Давайце! – адказала дзяўчына.
– Тады яшчэ стэлефануемся. Так? Дзякуй вам… Ну, усяго добрага. Да сувязi.
– Добра. Да сувязi, – развіталася Кася.
Малады чалавек адключыў тэлефон і падняў вочы на жонку, якая запытальна глядзела на яго.
– Здаецца, зноў нешта тут пачынаецца, – сказаў ён. – Але ты не хвалюйся.
– Як я магу не хвалявацца? – устрывожаным тонам спытала маладая гаспадыня.
– Так, сапраўды… м-м-м-м… я разумею, – прамямліў Уладзімір, і не знайшоў нічога лепш, чым проста ўстаць і абняць жонку за плечы. – Давай я лепш табе распавяду сон, – сказаў мінчанін, сядаючы назад на крэсла.
– Ну давай, раскажы, – прамовіла жонка ціхім голасам, у якім выразна чыталася незадаволенасць.
– Я бачыў у сне Мечыка! Ён арудаваў мячом і адраджаў старыя гарадзенскія палацы і храмы. Уяўляеш? Палац Агінскіх, здаецца, належаў Міхалу Клеафасу, пра якога я якраз пішу. Горад выглядаў сапраўды выдатна! Эх, я б таксама хацеў такое зладзіць у Мінску, ды і шмат яшчэ дзе…
– Усё ж такі вы – спецыялісты па архітэктуры – хворыя, – сказала жонка гісторыка гледзячы на яго насмешлівым позіркам.
– Ну, мабыць так, – паціснуўшы плячыма адказаў малады чалавек і ўсміхнуўся, хоць на душы ў яго было неспакойна.
Наступнай раніцай Уладзімір спехам перакусіў і развітаўшыся з жонкай, усё яшчэ незадаволенай яго паездкай, выйшаў на двор, дзе стаяў яго стары аўтамабільчык. Сустрэўшыся з Касяй на выездзе з горада, ён прыладзіўся ехаць на сваёй машынцы адразу ж за новенькім, чырвоным аўтамабілем дзяўчыны і, выкінуўшы з галавы ўсе змрочныя думкі і трывогі, проста рухаўся за гэтым своеасаблівым маяком.
Гісторык рассеяна глядзеў праз бруднаватае лабавое шкло і слухаў музыку, якую грала яго рэтра магнітола. У салоне было душнавата і Уладзімір апусціў шкло ў дзьвярах яшчэ ніжэй. Аўтамабіль Касі працягваў маячыць наперадзе. Маладому чалавеку заставалася толькі спакойна ехаць за сваёй праважатай да іх агульнай мэты.
Свежае, цёплае паветра абдувала твар мінчука. Па баках ад дарогі было відаць прыгожыя беларускія палі. Часам машыны падарожнікаў праязджалі якую-небудзь рачулку. Спякота хутка нарастала і неба, яркага блакітнага колеру, здавалася Уладзіміру велізарным як ніколі.
Нарэшце, павольныя вадзіцелі дасягнулі Шчучынскага раёна. Згарнуўшы, услед за Касяй, у лес, Уладзімір адчуў як аўтамабіль падкідвае на няроўнай пясчанцы.
І вось лясная, выбоістая дарога засталася ззаду. Аўтамабіль дзяўчыны затармазіў непадалёк ад дома Марысі. Уладзімір таксама спыніў свой «корч», выключыў магнітолу, памарудзіў секунду, стукнуў далонямі па рулі, і адчыніў дзверы. Выйшаўшы з машыны, гісторык застыў на месцы. Яго погляд спыніўся на бачнай праз галінкі соснаў вадзяной паверхні. Хоць страшныя падзеі, якія адбыліся тут, засталіся далёка ў мінулым, мінчук не мог спакойна ўспамінаць свой забег па ледзяной гладзі возера…
«Мяне выратавала удача… А можа быць… можа быць нешта іншае – зусім іншае…» – пранеслася ў свядомасці гісторыка, які ўжо не раз спрабаваў добра скласці ў галаве ўсе неверагодныя падзеі, якія адбыліся з ім не так даўно.
– Уладзь! – паклікала маруднага гісторыка Кася.
– Так-так, іду, – адказаў спахапіўшыся Уладзімір.
Маладыя людзі падышлі да старой бярвенчытай хаты Марысі. Мінчанін уважліва агледзеў пабудову. Раней яму неяк не прыходзіла ў галаву па-сапраўднаму добра разгледзець стары дом лясной чараўніцы. Хатка здалася яму нават больш старой, чым падчас мінулых аглядаў, калі ён кідаў на яе толькі кароткія погляды. Цяпер мінчанін заўважыў, што на сценах дома віднеюцца дзіўныя знакі. Прыгледзеўшыся да іх больш уважліва, Уладзімір зразумеў, што ніколі такіх не бачыў і нават не мае малой долі ведаў пра iх.
«Мда… Гэта ўсё ж такі вельмі дзіўнае месца…» – мільганула ў галаве гісторыка.
– Уладзь, ідзем! – зноў паклікала Кася, якая ўжо стаяла на ганку.
Уладзімір моўчкі кіўнуў і хутка падбег да прыступак. Дзяўчына ўжо ўваходзіла ў дом. Мінчанін рушыў услед за ёй і пераступіў парог старога ляснога жылля.