– Гэты навуковец якраз рыхтаваўся правесці адзін цікавы вопыт, як аказалася, ён хацеў перасяліць душы трох сялян, якіх ён трымаў там жа, ў сваёй хаціне. супраць іх волі, у трох жывых істот: дзіка, сокала і матылька. Убачыўшы шляхцiца, які жыў у палацы гаспадара тых месцаў, ён стаў на калені і папрасіў дазволу працягваць. Я быў малады і не бачыў нічога дрэннага ў навуцы. Я легкадумна дазволіў яму працягнуць, але мне падалося, што нічога не адбываецца. Я хутка засумаваў і выйшаў з хаціны. Але не паспеў я сесці на каня, як убачыў яркія маланкі і пачуў страшныя крыкі. Я нават да гэтага часу магу іх чуць. Я ўбег у хаціну, але было позна. Аказалася, што сяляне загінулі. З таго часу я хацеў загладзіць сваю віну, хоць Панурыш і запэўніваў мяне, што ніякай віны няма. Ён знайшоў для гэтага спосаб: аддаў сваё жыццё, дазволіў продку вось гэтага чалавека на падлозе забіць сябе. Але мне трэба зрабіць яшчэ нешта. Ведай, што вы трое і ёсць нашчадкі тых сялян, Вікторыя. Таму вам было наканавана стаць абранымі і атрымаць тое, што вы атрымалі. Вазьміце гэты меч і вырашыце, што з ім рабіць. Гэта мой дар вам, дар-адкупленне. З дапамогай яго можна, калі вы ім правільна распарадзіцеся, дасягнуць у жыцці ўсяго чаго хочаце. Але памятайце пра важнасць правільнага выбару. Цяпер гісторыя адбылася, Вікторыя. А чалавека, якi пагражаў вам, мы возьмем з сабой. Бывай.
Віка адкрыла вочы. Проста перад ёй стаялі ўстрывожаныя Уладзімір і Мечыслаў.
– Што… Што здарылася? – спытала дзяўчына.
– Я бачыў як ты ўпала на падлогу, тут, мне падалося, усё было ў дыме, я амаль нічога не бачыў, – адказаў Мечык.
– Можа быць, гэты Баранаўскас падарваў нешта накшталт дымавой шашкі і збег? – спытаў Уладзімір. – Дурнавата гучыць, але як яшчэ растлумачыць.
– Ва ўсякім выпадку, яго нідзе няма, а вось гэты жэзла-меч ён забыўся прыхапіць, – сказаў Мечыслаў і падняў з падлогі бліскучы артэфакт.
Маладыя людзі, не марудзячы, выбеглі з флігеля і амаль кулём скаціліся з гары, а затым селі ў машыну. Нейкі час яны проста маўчалі, а потым наперабой пачалі дзяліцца ўражаннямі.
– Не ведаю, як гэта выйшла, і дзе я была, мне падалося, што я заставалася ў пакоі і таксама была ў іншым месцы, але я дакладна бачыла караля і гаварыла з ім, – сказала Віка.
– Панятоўскага? – спытаў здзіўленым тонам Уладзімір.
– Так, – адказала Віка. – Ён распавёў, што мы нашчадкі сялян, якіх забіў продак Панурыша, спрабуючы перасяліць іх душы ў іншых жывых істот: матылька, сокала і дзіка. Вось чаму мы бачылі іх. А гэты жэзла-меч гэта ўзнагарода для нас і адкупленьне для іх. Толькі мы павінны ім правільна распарадзіцца.
– І як правільна? – пацікавіўся Мечык.
– Мы павінны вырашыць самі. Але я адчуваю, што варыянтаў толькі два: выкінуць у Нёман, або пакінуць…
– Пакінуць сабе, – скончыў гродзенец фразу дзяўчыны.
– Так, – пацвердзіла тая.
– А на якой мове гаварыў Панятоўскі, – раптам спытаў мінчанін.
– Я нават не ведаю, але я ўсё разумела, – разгублена адказала Віка.
Сябры пераглянуліся, а потым, раптам, сталі смяяцца. Затым яны яшчэ доўга балбаталі, успамінаючы свае прыгоды. Яны так стаміліся, што заснулі прама ў машыне. Маладыя людзі прачнуліся, калі на вуліцы ўжо віднела.
– Можа, пройдземся па набярэжнай? Здаецца, будзе выдатны ранак, – прапанаваў гарадзенскі гісторык.
Троіца выйшла з машыны.
– Слухай, Віка, – сказаў iдучы побач з дзяўчынай Мечык, – у гэтай гісторыі вельмі шмат дзіўнага, напрыклад, гэты сокал, але ўсё-ткі размова з каралём – вялікі перабор. Ты гэта сама прыдумала, прызнайся?
Віка апусціла вочы і нейкі час, моўчкі, усміхалася, а потым раптам весела сказала:
– Так!
Маладыя людзі засмяяліся і рушылі па набярэжнай, насустрач узыходзячаму сонцу.