– 1715… Дык гэта ж год, – прашаптаў гісторык. – Год? Мабыць, дата вырабу! Ах так! Дык у гэтыя гады яшчэ правіў Аўгуст Моцны і яго рэзідэнцыя была не на Новым замку! Тады яго яшчэ не пабудавалі. Гэта Батаруўка! Так! Яна была яго рэзідэнцыяй і там таксама была сеймавая зала!

Віка і Уладзімір пераглянуліся і на іх тварах з'явілася надзея.

– Трэба толькі ведаць дакладнае месца, – працягваў нервова казаць гісторык, – сеймавая заля не захавалася. Гэта быў асобны будынак. Але мы можам вызначыць па старой мапе, дзе ён быў… Зараз… Гэтая карта ёсць і ў нэце… Я знайду.

Гісторык пагрузіўся ў тэлефон і праз хвіліну радасна крыкнуў:

– Ну вось і яна. Трон размяшчаўся вось тут… Зараз гэта двары на Карла Маркса… Тэрмінова туды!

Ён завёў машыну і націснуў на газ…

Праз пятнаццаць хвілін у арку аднаго са старадаўніх дамоў па вуліцы Карла Маркса ўбеглі трое сяброў… Мечык глядзеў на выяву старой карты ў тэлефоне. Гісторык замёр у звычайным, нічым не прыметным месцы, дзе не было нават каменнай маставой, а толькі голая зямля. У гэты момант яны пачулі голас Панурыша:

– Брава! Вось і прыйшоў час!

Мечыслаў на імгненне знерухомеў, а Віка і Уладзімір здрыгануліся ад новага з'яўлення злыдня, ледзь не стаўшага калісьці прычынай іх гібелі.

– Не буду гнаць вас, Панурыш. Цяпер не да гэтага, – сказаў гарадзенец.

– Зразумела, пан Мечыслаў. Рабіце ж тое, што павінны, а мы ўсе паглядзім. Праўда, пані мая? – звярнуўся ён да дзяўчыны, якая нічога не адказала, а толькі прысунулася бліжэй да Уладзіміра.

– Пакіньце Віку ў спакоі! – грозна сказаў Мечык.

– Што вы што вы, я і не хачу яе турбаваць. Навошта мне гэта?

Гісторык адвярнуўся ад Панурыша і хацеў ужо прыкласці ракавіну да вуха…

– Ах так… Ледзь не забыўся, – усклікнуў Якаў, – вам спатрэбіцца меч, ён жа тут у мяне.

З гэтымі словамі Панурыш выцягнуў артэфакт з чорнай сумкі, якую трымаў у руках.

– Адкуль ён у вас? – злосна крыкнуў Мечык, кідаючыся да Якава. – Ён жа быў схаваны ў маім доме…

– Так-так. Схаваны ў вас, на гарышчы, пад вялікай скрынкай. Давялося яго запазычыць, каб гэтыя літоўскія браты не зрабілі гэта да мяне. Я дык меў намер яго вам вярнуць, што і раблю, а вось гэтыя два цвердалобых маладца наўрад ці б прынеслі яго сюды вам на талерачцы.

– Вы залезлі ў мой дом? Значыць, вы зноўку залезлі ў мой дом! – злосна прахрыпеў Мечык.

– Ну так, прыйшлося, – адказаў Панурыш, крыва ўхмыляючыся.

– Ці не прасцей было сказаць мне пра тое, што на меч палююць? – спытаў Мечыслаў, ледзь стрымліваючы сябе ад таго, каб кінуцца на ненавіснага яму чалавека з сівымі валасамі, які так папросту распавёў пра тое, што абакраў уласны дом гісторыка.

– І што б вы зрабілі? Можа быць узялі меч з сабою? І ў падарожжы яго б скралі два браточкі. Я давяраю толькі сабе самому, таму надзейней было патрымаць яго ў сябе, – адказаў Панурыш, упэўнена гледзячы на свайго маладога суразмоўцу.

– Добра зараз не да таго… Я яшчэ разбяруся з вамі пасля! – сказаў гісторык.

– Моцна ў гэтым сумняваюся, дарагі пан Мечыслаў, – працадзіў Панурыш, зноў крыва ўхмыляючыся.

Мечык вярнуўся на патрэбнае месца, а затым прыклаў ракавіну да вуха. Шум… і аддаленыя галасы… Усё як звычайна… І вось, тысячы адгалоскаў склаліся ў адно слова: «Прачнуцца». А затым Мечыслаў пачуў, ва ўласнай галаве, усю фразу з усіх трох слоў: «Прыйшоў час прачнуцца».

– Прыйшоў час прачнуцца, – амаль шэптам паўтарыў услых Мечык, і ў тую ж секунду Панурыш ускінуў руку…

– Тэраз адбылося, адбылося! – моцна закрычаў Якаў і меч у руцэ гарадзенскага гісторыка загарэўся яркім полымем. Усё вакол заліў белы свет. Панурыш зарагатаў. З вежы Фарнага касцёла пачуліся ўдары звана, які адбіў тры гадзіны.

Нечакана побач з гродзенцам паўсталі матылёк, сокал і кабан, якiя свяціліся знутры яркімі агнямі. Апошнім, што ўбачыў Мечык, былі здзіўленыя твары Уладзіміра і Вікі і туманны вобраз старой жанчыны, якая стаяла крыху паводдаль.

<p>Глава 7. Фінал</p>

Мечыслаў расплюшчыў вочы. Ён ляжаў на зямлі, а над ім навісалі твары нейкіх неахайна апранутых людзей. Адзін з іх, вельмі падобны да Вітаўта на карціне Матэйкі «Грунвальдская бітва», радасна адзначыў:

– Во, здаецца ачомаўся.

– Што? Што здарылася? – спытаў гісторык, адчуваючы моцны галаўны боль.

– Ды вось, Саня цябе выпадкова лапатай шындарахнуў. У іх тут, бачыце, дзяцінства ў задніцы зайграла, і яны на лапатах вырашылі пазмагацца, – сказаў «Вітаўт». – Саня, ходь сюды, ён ачомаўся.

Над гісторыкам з'явілася яшчэ адна асоба.

– Я вельмi шкадую, хлопец… э-э-э-э… неяк так атрымалася, – прамовiў чалавек са смешным зачосам і вусамі.

– Я ўстану, – сказаў Мечык слабым голасам і паспрабаваў падняцца.

– Ды ляжы ты! – гаркнуў «Вітаўт». – Мы ўсё роўна ўжо хуткую выклікалі. Усё ж такі быў без прытомнасці! Ды і галава, вунь, у кравiшчы.

– Без прытомнасці?

– А то! Цэлых хвілін пяць, не менш!

Праз тры тыдні Мечыслаў сядзеў у кабінеце лекара. І той плаўна казаў прыемным, аксамітным барытонам:

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже